Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў безь Беларусі — 7 важных фактаў пра Эўра-2016


Сёньня ў Францыі стартуе чэмпіянат Эўропы па футболе. Спаборніцтвы будуць праходзіць на фоне маштабнага страйку транспартнікаў і камунальнікаў, пры падвышаным узроўні тэрарыстычнай пагрозы і зноў у адсутнасьць зборнай Беларусі.

Склад фіналістаў пашыраны

На сёлетнім кантынэнтальным першынстве UEFA ўпершыню «абкатае» новую формулу. Заўзятары са стажам памятаюць, што да пачатку 1990-х у фінальную частку эўрапейскага мундыялю трапляла ўсяго 8 нацыянальных зборных, потым гэтая колькасьць была павялічаная ўдвая. Гэтым разам на 10 францускіх стадыёнах сыдуцца ажно 24 каманды — як і на чэмпіянатах сьвету.

Беспрэцэдэнтнае прадстаўніцтва дазволіла істотна пашырыць геаграфію ўдзельнікаў, і ў Францыю прыехалі адразу пяць дэбютантаў спаборніцтваў такога рангу: Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Ірляндыя, Славаччына, Уэльс.

Беларускі спадзеў ня спраўдзіўся

Перад Эўра-2016 былі спадзяваньні, што пры падобным раскладзе ў вырашальную стадыю маюць рэальныя шанцы «ўціснуцца» і беларусы, але тыя правялі няўцямны адборачны цыкль і засталіся па-за бортам футбольнага сьвята.

Чаго не хапіла для выкананьня задачы-максымум, расказвае вядомы футбольны спэцыяліст, заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай:

«Найперш, кульгае індывідуальнае майстэрства — няма яскравых асобаў, якія маглі б павесьці за сабой у атаку ўласным аўтарытэтам, як гэта ёсьць у бальшыні эўрапейскіх камандаў, я ўжо не кажу пра лацінаамэрыканцаў. Агульная бяда беларускага футболу ў тым, што змалку будучых футбалістаў не навучаюць тэхніцы валоданьня мячом, у выніку ўжо дарослымі гульцамі яны ўмудраюцца так прыняць перадачу, што мяч адскоквае на 2–3 мэтры. Традыцыйна бракуе прафэсійных трэнэраў, бо не канечне добры гулец у выніку стане высакаклясным настаўнікам зборнай. Гэта ўжо на ўзроўні мастацтва — здольнасьць, закладзеная прыродай ці, высакамоўна кажучы, дадзеная Богам».

Футбольныя баталіі на тле вайны

Каманды Беларусі на арэнах Францыі ня будзе, і аматарам футболу застаецца заўзець за суседнія краіны. Польшча, Расея і Ўкраіна па выніках адборачнага групавога турніру здабылі жаданыя пуцёўкі і цяпер пазмагаюцца як мінімум за выхад у стадыю плэй-оф. Відавочна, што сёлетняя падтрымка будзе падмацоўвацца ня толькі геаграфічным, але і палітычным складнікам. Найперш гэта тычыцца зборных Расеі і Ўкраіны: дзяржавы фактычна ў стане вайны на Данбасе і стаўленьне да тых падзеяў радыкальна падзяліла грамадзкую думку.

Хоць калектывы разьведзеныя па розных квартэтах і вочная сустрэча можа здарыцца толькі на пазьнейшых этапах, спартовыя журналісты прагназуюць вулічныя сутычкі паміж расейскімі і ўкраінскімі фанатамі. Так ужо было падчас папярэдняга чэмпіянату Эўропы ў Польшчы, дзе палякі жорстка спынілі спробы расейскіх заўзятараў учыніць «марш пераможцаў» па Варшаве. Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку палякі салідарызуюцца супраць расейцаў з украінцамі — нягледзячы на тое, што якраз іхнія зборныя гуляюць у адной групе.

Украінская зборная трэніруецца на францускім полі
Украінская зборная трэніруецца на францускім полі

Тэрарысты супраць футболу

Эўрапейскае першынства адпачатку праходзіць пры беспрэцэдэнтных мерах засьцярогі — на ахову правапарадку кінута блізу 100 тысяч паліцыянтаў і вайскоўцаў. Тэракты апошняга часу, у якіх загінулі амаль паўтары сотні французаў і замежнікаў, вымагаюць пільнага агляду і абмежаваньняў пры ўваходах на стадыён і ў адмысловыя фан-зоны. Людзей правяраюць у тым ліку ў гандлёвых цэнтрах, у музэях, у кінатэатрах, на вакзалах. Вядомы беларускі футбольны агент Валеры Ісаеў лічыць, што такія захады ў цяперашніх умовах цалкам апраўданыя:

«Збольшага пытаньне да тых службаў, якія кантралююць усе гэтыя працэсы. Але, канечне, усё трывожна. Я, напрыклад, хацеў сёлета адвезьці аднаго беларускага хлопца на прагляд у Бэльгію. У выніку адклалі паездку, бо аб’ектыўна час ня лепшы. Увогуле, тое, што адбываецца ў рэгіёне, не паддаецца ніякаму асэнсаваньню. Тая ж Бэльгія — менавіта тая краіна, якая мігрантаў лепш за ўсіх прымала, стварыла ім усе ўмовы для пражываньня, забясьпечыла сацыяльныя гарантыі, самы годны трамплін для дзяцей, — а ў выніку ўзьнікаюць праблемы такога парадку. Усё, што адбываецца ў Бэльгіі, Францыі апошнім часам, — вельмі кепскі знак. Таму рабіць нейкія прагнозы — справа няўдзячная. Вядома, хацелася б, каб ніякай надзвычайшчыны не было».

Страйкі транспартнікаў

Іншыя нязручнасьці паходзяць ад супрацоўнікаў авіякампаніяў, чыгункі, мэтро, аўтобусных паркаў, камунальных службаў, якія ад траўня страйкуюць па ўсёй краіне. Людзі пратэстуюць супраць рэформы працоўнага заканадаўства, якая зьмякчае ўмовы звальненьня кантрактнікаў, дае кампаніям шырэйшыя правы зьніжаць заробак, дазваляе рэгуляваць працоўны тыдзень і г.д. Вынікам пратэстаў ужо сталі перабоі з палівам на аўтазалівачных станцыях, зрыў графіку руху чыгуначнага і грамадзкага транспарту.

Кучы нявывезенага сьмецьця на вуліцах Парыжу
Кучы нявывезенага сьмецьця на вуліцах Парыжу

Удзельнікі страйку на Паўночным вакзале Парыжу перакрылі доступ да цягніка, у якім знаходзіўся галоўны трафэй футбольнага чэмпіянату. Францыя чакае прыезду больш як 2 мільёнаў гледачоў, і наступствы транспартнага каляпсу могуць быць непрадказальнымі.

Парк перамогі — беларуская альтэрнатыва Эўра-2016

10 чэрвеня ў менскім парку Перамогі на набярэжнай Сьвіслачы пачне працу фан-зона футбольнага чэмпіянату Эўропы пад піўным брэндам «Аліварыя». Тут паставілі вялікія экраны, на якіх будуць трансьлявацца матчы першынства. Месца ёсьць для паўтысячы заўзятараў, будуць прадаваць піва і закускі. Арганізатары абяцаюць, што цягам месяца пакажуць усе матчы Эўра-2016.

Каб не ператвараць фан-зону выключна ў пасядзелкі пры піве, плянуецца цэлы шэраг адукацыйных і забаўляльных праграмаў. У прыватнасьці, анансуюцца курсы «футбольнай» беларускай мовы, сустрэчы зь вядомымі людзьмі спорту, майстар-клясы ад спартыўных камэнтатараў, спаборніцтвы ў валоданьні футбольным мячом і г.д. У дні матчаў фан-зона будзе працаваць пачынаючы ад 15-й гадзіны. Сёньня пакажуць дэбютны матч Францыя — Румынія, а ў выходныя футбольных гурманаў чакае цэлы россып цікавых гульняў:

Расклад матчаў

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

10 чэрвеня

22:00 Францыя — Румынія (Беларусь-1)

11 чэрвеня

16:00 Альбанія — Швайцарыя (Беларусь-5)

19:00 Уэльс — Славаччына (Беларусь-5)

22:00 Англія — Расея (Беларусь-1)

12 чэрвеня

16:00 Турэччына — Харватыя (Беларусь-5)

19:00 Польшча — Паўночная Ірляндыя (Беларусь-5)

22:00 Нямеччына — Украіна (Беларусь-1)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG