Управа кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША выкрэсьліла з санкцыйнага сьпісу беларускага дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія» і акцыянэрныя таварыствы, зьвязаныя зь ім.
Таксама з санкцыйнага сьпісу прынялі самалёт EW-301PJ. Самалёт авіякампаніі менавіта з гэтым нумарам, якім, паводле ранейшых заяў ведамства, карысталіся высокапастаўленыя чыноўнікі і члены сям'і Лукашэнкі.
Акрамя таго, выданая агульная ліцэнзія № 12, якая дазваляе ўсе апэрацыі з двума самалётамі і верталётам, што раней былі пад забаронай — EW-001PA, EW-001PB і EW-001PH. У ліцэнзіі пазначана, што яны могуць выкарыстоўвацца Аляксандрам Лукашэнкам або кампаніяй «Слаўкалій».
Гэтае рашэньне не азначае поўнага зьняцьця санкцыяў зь «Белавіі». Палітычныя і паветраныя абмежаваньні на выкарыстаньне амэрыканскіх самалётаў застаюцца ў сіле.
11 верасьня намесьнік спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці й бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.
30 верасьня спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг на Варшаўскім форуме бясьпекі патлумачыў, што Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш з прычыны бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».
Захоўвалася забарона на выкарыстаньне паветраных суднаў для перавозкі прадметаў, якія падпадаюць пад дзеяньне правілаў амэрыканскага кіраваньня экспартам (EAR). Да такіх прадметаў адносяцца любыя прадметы, прызначаныя для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны.
Авіяперавозьніку дазволілі абслугоўваньне, рамонт, аднаўленьне і рэстаўрацыю паветраных суднаў, у тым ліку з выкарыстаньнем прадметаў, якія падпадаюць пад экспартны кантроль і былі асобна дазволеныя для экспарту або рээкспарту ў Беларусь або для выкарыстаньня беларускімі паветранымі суднамі.
Форум