Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія страйкі: пратэст як нацыянальны спорт


Дэманстрацыя ў Ліёне, 26.05.2016
Дэманстрацыя ў Ліёне, 26.05.2016

Пра якія праблемы Эўропы сьведчыць канфлікт паміж урадам і прафсаюзамі Францыі?

Карбалевіч: Ужо некалькі тыдняў у Францыі працягваецца канфлікт паміж урадам і большай часткай грамадзтва вакол пытаньня працоўнага заканадаўства. Па закліку прафсаюзаў страйкуюць работнікі нафтаперапрацоўчых заводаў, транспартнікі. У выніку ўзьніклі перабоі з бэнзінам на запраўках, паралізаваны транспартны рух і інш. Гэта пагражае сарваць Чэмпіянат Эўропы па футболе, які пачынаецца 10 чэрвеня.

Праблема палягае ў тым, што працоўнае заканадаўства Францыі такое, што звольніць наёмнага работніка практычна немагчыма. І гэта адпужвае капітал і інвэстыцыі, зьніжае канкурэнтаздольнасьць францускай прадукцыі. Ужо некалькі разоў францускія ўлады спрабавалі зьмяніць працоўнае заканадаўства на карысьць наймальнікаў. Гэта спрабаваў зрабіць яшчэ прэзыдэнт Нікаля Сарказі. І раней былі падобныя спробы. Але кожны раз гісторыя заканчвалася тым самым. Прафсаюзы выводзілі на вуліцы сотні тысяч пратэстуючых наёмных работнікаў, і ўрад быў вымушаны адступаць.

Тое самае адбываецца і цяпер. Сытуацыя ўскладняецца тым, што каманда прэзыдэнта Алянда вядзе сябе няўклюдна. Рэформа робіцца без шырокага абмеркаваньня, тлумачэньня, бяз згоды парлямэнту. У выніку 60-70% насельніцтва супраць гэтай рэформы.

У краінах ЭЗ занадта вялікая сацыяльная дзяржава, сацыяльныя абавязаньні, сацыяльныя трансфэрты.

Але тут паўстае больш шырокая праблема, якая тычыцца ўсёй Эўропы. І дарэчы, трагікамічная гісторыя грэцкага доўгу — з той самай сэрыі. У краінах ЭЗ занадта вялікая сацыяльная дзяржава, сацыяльныя абавязаньні, сацыяльныя трансфэрты. Настолькі вялікія, што ўжо не па сілах гэтым краінам, яны становяцца тормазам разьвіцьця эканомікі, зьніжаюць канкурэнтаздольнасьць эўрапейскай эканомікі ў спаборніцтве з другімі рэгіёнамі сьвету, дзе сацыялізму значна менш. Плюс старэньне насельніцтва, вялікая доля пэнсіянэраў таксама абцяжарваюць сытуацыю.

Аднак насельніцтва прызвычаілася да высокіх сацыяльных стандартаў і ніяк ня хоча іх зьніжаць. Любыя спробы ўладаў, якія разумеюць праблему і спрабуюць яе вырашыць, заканчваюцца так, як у Францыі. Падобная гісторыя была ня так даўно ў Вялікай Брытаніі і іншых краінах. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, як у Беларусі, гэткая праблема вырашаецца лёгка. Мы гэта бачылі на прыкладзе падвышэньня пэнсійнага ўзросту. А ва ўмовах дэмакратыі гэта зрабіць цяжка, амаль немагчыма. Калі Эўропа і страціць статус асноўнага эканамічнага драйвэра сьвету, то не ад наплыву мігрантаў, а ад занадта вялікага сацыялізму ў сваім укладзе.

Дракахруст: Тое, што мы цяпер бачым у Францыі — гэта адваротны бок дэмакратыі, таго, што грамадзтва само здольнае адстойваць тое, што яно лічыць сваімі правамі і інтарэсамі. Тут узьнікае сытуацыя, калі нейкія крокі, абсалютна неабходныя з эканамічнага пункту гледжаньня, прынамсі, на думку ўраду, эканамістаў, аказваюцца немагчымымі палітычна.

Нядаўна па Euronews я бачыў абсурдную сытуацыю, што нейкі час таму на тым месцы ў Парыжы, дзе праходзілі амаль два месяцы гэтыя маніфэстацыі, адбылася маніфэстацыя паліцыянтаў, якія скардзіліся на тое, што маніфэстанты іх крыўдзяць, б’юць, канфліктуюць зь імі. Дык маніфэстанты прыйшлі і зьбілі гэтых маніфэстуючых паліцыянтаў — чаго вы прыйшлі на наша месца?

Тое, што мы цяпер бачым у Францыі — гэта адваротны бок дэмакратыі.

Акрамя таго, зьяўляецца інфармацыя пра тое, што ўжо закрылася некалькі атамных станцыяў у Францыі. Відаць, яны ўсё ж закрываюць іх бясьпечным чынам. Але гэта гучыць кепска, а іх там шмат, патэнцыйных Чарнобыляў.

Можа быць і ня варта гэта перабольшваць, бо ў Францыі заўсёды мітынгавалі, бунтавалі, і ў 30-я гады, і ў 60-я гады, у нулявыя гады, пры Сарказі, і цяпер. Вось такі ў іх стыль жыцьця. Рэвалюцыя, пратэст — гэта нацыянальны спорт. Так што можна спадзявацца, што неяк дамовяцца, прыйдуць да некага кансэнсусу.

Аднак варта адзначыць, што гэты цяперашні канфлікт наклаўся на вельмі небясьпечны агульны кантэкст — агульную тэндэнцыю адчуваньня адчужэньня паміж народам і элітамі. Тое, што мы бачым нават у Злучаных Штатах, і ў іншых краінах Эўропы. Усё пачынаецца калісьці ўпершыню, і ёсьць небясьпека, што цяперашні канфлікт лёгка не скончыцца.

Цыганкоў: З аднаго боку, можна зразумець гэтых простых французаў, якія лягічна кажуць: мы працуем ня горш, чым раней, мы гатовыя працаваць, ня зьнізілі сваю кваліфікацыю, чаму мы павінны заціскаць свае паясы, цяпер зарабляць менш? Вы кажаце нам, што крызіс — дык хай за яго расплачваецца той, хто да яго прывёў: палітычнае кіраўніцтва, эканамічнае, ці, калі няма выхаду, вазьміце з багатых, у якіх мільярды і якія могуць падзяліцца зь бюджэтам у цяжкі час.

Такая лёгіка ў пратэстоўцаў у кожнай краіне, і яна мае свой сэнс. Просты чалавек не палітык, ён не прымае мэнэджэрскіх рашэньняў — ён не вінаваты ў крызісе, у тым, што нейкія галіны эканомікі сталі горш працаваць. Ён працуе, выконвае свае абавязкі.

Сацыяльная дзяржава, пабудаваная ў Францыі, сацыялізм, стрымлівае канкурэнтаздольнасьць краіны, яе прамысловасьці.

Зь іншага боку, далёка ня ўсе могуць разумець эканамічныя рэаліі, нават зь імі мірыцца. А рэаліі ў тым, што тая сацыяльная дзяржава, пабудаваная ў Францыі, сацыялізм, стрымлівае канкурэнтаздольнасьць краіны, яе прамысловасьці, што і прыводзіць да памяншэньня даходаў, экспарту і гэтак далей. Францыя як ніякая іншая дзяржава мае вялізныя падаткі на багатых людзей — яны даходзяць да 75%. Вядома, што многія зь іх у якасьці падатковых гаваняў выбіраюць іншыя краіны, альбо нават фізычна пакідаюць Францыю.

Атрымліваецца зачараванае кола: традыцыйна левая Францыя, якая выбірае левага прэзыдэнта, мае такія праблемы ў эканоміцы. Цяпер той самы левы прэзыдэнт вымушаны рабіць такія рэформы, якія яго электарат не ўспрымае. Можна разарваць гэта толькі радыкальным аздараўленьнем эканомікі, якое прывядзе да сацыяльных наступстваў. Францыя на гэта ня хоча пайсьці і гатовая яшчэ пагоршыць канкурэнтаздольнасьць сваёй краіны, але не ахвяраваць сацыяльнымі дабротамі. Звычайнаму чалавеку на гэта цяжка пайсьці.

Аптымізм дае іншая падзея, якая адбылася ўчора. Гэта швэйцарскі рэфэрэндум. Швэйцарцы адхілілі ідэю гарантаванага даходу памерам 2,5 тысячы даляраў. Большасьць не падтрымала ідэю прадстаўленьня базавага даходу, незалежна ад узроўню адукацыі, дабрабыту, узросту і занятасьці. Яны вырашылі, што для краіны гэта будзе кепска. Цяпер у сацыяльных сетках шмат іроніі наконт таго, як бы галасавалі беларусы.

Ёсьць усё ж настолькі адукаваныя, разьвітыя народы, якія могуць глядзець у будучыню, якія, не паддаючыся на штохвілінныя інтарэсы, выбіраюць рашэньне, больш карыснае для краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG