Афіцыйны Менск чарговым разам імкнецца скарыць Эўропу. Кіраўніцтва ўраду выехала ў Люксэмбург на беларуска-эўрапейскі інвэстыцыйны форум Belarus. Invest in tomorrow. Напярэдадні прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў даў інтэрвію аднаму з самых аўтарытэтных эканамічных выданьняў сьвету — амэрыканскаму часопісу Forbes. Таксама днямі брытанская газэта Financial Times надрукавала інтэрвію зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем.
Палітычны раман афіцыйнага Менску з ЭЗ цягнецца ўжо чацьвёрты год. Гэта даўжэй, чым папярэдняя спроба нармалізацыі адносін у 2008–2010 гадах. У сфэры палітыкі, дыпляматыі дасягнутыя посьпехі. У Менску пачалі праходзіць розныя эўрапейскія форумы (сустрэча міністраў замежных спраў краін-сябраў Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ). Лукашэнка запрошаны ў Брусэль на саміт «Усходняга партнэрства».
Але што тычыцца эканамічных дывідэндаў ад гэтага раману (чаго найперш хацелі беларускія ўлады), дык тут — расчараваньне. Ня тое што іх зусім няма. Нешта ёсьць. Вось зьявілася інфармацыя, што Беларусь можа атрымаць фінансаваньне ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку ў 2018 годзе — некалькі дзясяткаў мільёнаў эўра. Нешта падкідаюць Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, Усясьветны банк.
Але ўсё гэта — мізэр. Прынцыпова важны для Беларусі крэдыт ад МВФ так і не атрыманы, і перамовы з фондам прыпыненыя.
Прынцыпова важны для Беларусі крэдыт ад МВФ так і не атрыманы, і перамовы з фондам прыпыненыя
А між тым інвэстары ў Беларусь не сьпяшаюцца. Экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця, празь які Беларусь атрымлівае крэдыты ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, аналізуючы беларускую эканамічную сытуацыю, канстатавалі «ўстойлівае скарачэньне прытоку прамых замежных інвэстыцый» у краіну.
Гэты інвэстыцыйны форум у Люксэмбургу далёка ня першы, які арганізуюць беларускія ўлады ў замежжы. Падобныя мерапрыемствы адбываюцца цяпер кожны год, а то і часьцей. Беларускія чыноўнікі, пачынаючы з самага галоўнага, кружаць па сьвеце ў пошуках грошай, усяляк зазываюць інвэстараў у краіну. Аднак вынік невялікі. Нават у вельмі прывабны з эканамічнага гледзішча афшор — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — інвэстыцыі не ідуць, нягледзячы на вялізныя высілкі кіраўніцтва краіны. Чаму?
Найперш гэта ўсясьветная праблема. Цяпер фінансавая сыстэма сьвету перапоўненая грашыма. Іх так шмат, што банкам упершыню ў гісторыі становіцца нявыгадна іх трымаць. І калі раней банкі плацілі ўладальнікам грошай працэнт за іх захаваньне на дэпазытах, то цяпер, наадварот, шмат банкаў пераходзяць на адмоўны працэнт. То бок цяпер укладчыкі пачынаюць плаціць банкам за паслугу, за тое, што тыя пагадзіліся захоўваць іхнія грошы. У сусьветнай эканоміцы стала бракаваць акупных праектаў, грошы няма куды ўкладаць.
Але і на гэтым тле Беларусь — ня самая прывабная дзяржава для інвэстыцый, нават чыста вонкава. Калі яна адзіная краіна ў сьвеце, дзе сьвяткуецца чарговая гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, а на кожным рагу стаяць помнікі Леніну, то ўжо адно гэта адпужвае замежнага бізнэсоўца.
Справа ў тым, што ў Беларусі ня дзейнічаюць агульныя для ўсіх правілы вядзеньня бізнэсу
Але іншыя праблемы важнейшыя. Справа ў тым, што ў Беларусі ня дзейнічаюць агульныя для ўсіх правілы вядзеньня бізнэсу. У Парку высокіх тэхналёгій адзін рэжым і ўмовы працы, у «Вялікім камені» — другі, у свабодных эканамічных зонах, якія існуюць у кожнай вобласьці, — трэці, і гэтак далей. А больш-менш буйныя інвэстары заключаюць эксклюзіўныя дамовы з урадам ці мясцовымі ўладамі. Плюс адсутнасьць гарантыі ўласнасьці, бо тут няма незалежнага суду.
Вось цяпер дзяржаўныя мэдыі ў зьвязку з шэрагам прэзыдэнцкіх указаў у галіне эканомікі шмат апавядаюць пра працэс «распрыгоньваньня бізнэсу». Сам тэрмін ужо шмат пра што кажа. А нядаўняя прапанова ўладаў (ужо, праўда, адрынутая) увесьці для бізнэсоўцаў «страхоўку ад турмы» — гэта ўвогуле ўнікальнае ноў-хаў.
Таму прагназую, што і ў выніку гэтага чарговага інвэстыцыйнага форуму беларускі ўрад, як кажуць у такіх выпадках, застанецца пры сваіх інтарэсах.