Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач: «Наш дом» возьме ўдзел у выбарах толькі пры ўмове падтрымкі Расеяй


Вольга Карач
Вольга Карач

Грамадзянская кампанія «Наш дом» выступіла з афіцыйнай заявай, у якой паведамляе, што ня будзе выстаўляць свайго кандыдата і ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Сярод прычынаў адмовы ад удзелу ў галоўнай палітычнай акцыі «Наш дом» называе адсутнасьць уплыву кампаніі на грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі, а таксама няздольнасьць гарантаваць эканамічную і палітычную бясьпеку Беларусі на пэрыяд пасьлявыбарчых рэформаў. З гэтай нагоды кіраўніца «Нашага дому» Вольга Карач адказала на пытаньні Свабоды.

— Ці канчатковае рашэньне «Нашага дому» не выстаўляць свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары?

— Ёсьць толькі адна ўмова, пры якой гэтае рашэньне можа быць перагледжанае. Але яна вам не спадабаецца.

— І тым ня менш?

— Мы лічым, што ў гэтых выбарах «Наш дом» можа ўдзельнічаць толькі ў выпадку, калі ён будзе падтрыманы Расеяй. Я маю на ўвазе дзяржаўную, не апазыцыйную Расею. Цяпер сытуацыя складаецца так, што ў Беларусі можа перамагчы адзін кандыдат, але гэта не Аляксандар Лукашэнка. Гэта кандыдат, якога падтрымае Ўладзімер Пуцін.

— Ці сапраўды кампанія бачыць магчымай такую сытуацыю, што калі Пуцін падтрымае вашага кандыдата, то «Наш дом» возьме ўдзел у выбарах?

— Мы заўсёды абдумана і сур’ёзна робім любыя заявы. Але я не дадала, што лічу гэтую сытуацыю неверагоднай, бо ня бачу рацыі, дзеля якой Пуцін падтрымаў бы «Наш дом». Бо ў нас ёсьць маральныя каштоўнасьці, якія супрацьлеглыя інтарэсам Расеі. Таму ня бачу лягічным тое, што Расея можа нас падтрымаць. Але тэарэтычна, у выніку «мазгавога штурму» ў арганізацыі, мы гэта абмяркоўвалі, што ёсьць толькі адна гэтая ўмова.

— Падчас выбараў варта разглядаць магчымасьць усіх умоваў. Таму — на якой глебе можа зьявіцца такая ўмова: на той глебе, што вашы інтарэсы супадуць, ці што Пуцін саступіць вашым інтарэсам?

— Для нас ёсьць базавыя каштоўнасьці, якімі мы паступіцца ня можам. І таму, калі казаць пра такую гіпатэтычную фантастычную сытуацыю, то паступіцца прынцыпамі давялося б Уладзімеру Пуціну.

— А тая сытуацыя, калі б Уладзімер Пуцін падтрымаў кагосьці з кандыдатаў, не паступаючыся сваімі прынцыпамі, — ці яна магчымая падчас цяперашніх выбараў? Ёсьць такія кандыдаты?

— Я лічу, на жаль, што зьяўленьне моцнай прарасейскай палітычнай сілы і прарасейскіх палітыкаў з пэўнай грамадзкай падтрымкай — гэта пытаньне недалёкага часу. Вось гэта — ацэнка сёньняшняй сытуацыі і адзін з выклікаў, на які мы павінны адказаць. Бо палітычны ляндшафт Беларусі вельмі зьмяніўся. Раней палітычная сфэра была вельмі ясна падзеленая паводле каштоўнасьцяў. Апазыцыя падтрымлівала празаходнія каштоўнасьці, а Лукашэнка быў сымбалем прарасейскага кірунку. Цяпер сытуацыя іншая, і калі паглядзець на ўсё шчыльнейшыя стасункі Лукашэнкі з Эўразьвязам, на заяву кіраўніцы Эўразьвязу пра падтрымку Лукашэнкі, то адбываецца размываньне зразумелага каштоўнаснага падзелу.

Ёсьць пэўныя грамадзкія чаканьні зьяўленьня такой палітычнай сілы, якой не падабаецца Лукашэнка, бо ён занадта нацыяналіст

На наш погляд, і як сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні, ёсьць пэўныя грамадзкія чаканьні зьяўленьня такой палітычнай сілы, якой не падабаецца Лукашэнка, бо ён занадта нацыяналіст. А калі такія чаканьні ёсьць, то зразумела, што такія палітыкі зьявяцца. Хто, калі і як яны будуць працаваць — гэта пытаньне вельмі блізкага часу. Не магу ацэньваць, што такая сіла зьявіцца менавіта падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Мне падаецца, што Расея ацэньвае гэтыя прэзыдэнцкія выбары як тэхнічныя, гэтак расцэньвае беларускія прэзыдэнцкія выбары і Эўразьвяз. Але тое, што сапраўдная і сур’ёзная гульня распачнецца пад канец 2015 году, — гэта ацэнка «Нашым домам» той сытуацыі, якая ёсьць. І ўдзел у выбарах, на жаль, ня зможа паўплываць на рэгуляваньне гэтых выклікаў, якія паўсталі ў апошнія паўтара года.

— Гэта сапраўды мае стаць рэальнай небясьпекай для дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі?

— Я ўжо казала, што для мяне было цяжка ўсьвядоміць, што для досыць вялікага адсотка грамадзян дзяржаўны сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі не зьяўляюцца фундамэнтальнымі каштоўнасьцямі. Я лічу, што Расея ўзяла шлях на эўразійскую інтэграцыю і бачыць Беларусь як частку расейскага сьвету з этнаспэцыфічнымі асаблівасьцямі: ёсьць нейкая мова, ёсьць нейкае гета пісьменьнікаў. Дэ-юрэ не ідзе гаворка пра страту палітычнай незалежнасьці, але дэ-факта гэты ціск на эканамічную незалежнасьць будзе працягвацца і разьвівацца. А без эканамічнай нельга здабыць і палітычную незалежнасьць. І цікава, што пытаньне палітычнай незалежнасьці — яно ніколі не ўздымалася падчас ніводных прэзыдэнцкіх выбараў, якія былі ў Беларусі за дваццаць гадоў. Але зараз гэтае пытаньне пачынае паўставаць, і ўсё больш сур’ёзна.

— Адмова «Нашага дому» ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах — што найбольш пераважала ў прыняцьці гэтага рашэньня: тыя пагрозы і выклікі, пра якія вы кажаце, ці ўнутраныя пытаньні дзейнасьці кампаніі?

— Галоўнымі былі тры прычыны: у нас ёсьць плян на наступны год, які мы маем рэалізаваць. І я ня бачу ў гэтым ніякай трагедыі, бо калі мы кажам, што ў краіне няма сапраўдных выбараў, то дзейнічаць варта як найбольш эфэктыўна і слушна. Другое — наша арганізацыя лічыць неабходным адказваць на гэтыя выклікі. І з пункту гледжаньня сказанага, на жаль, пэўныя цьвёрдыя гарантыі можа даваць толькі тая структура, якая мае моцную падтрымку з Расеі. Але мы ня лічым, што сытуацыя цяжкая, дэпрэсіўная, фатальная ці немагчымая для вырашэньня. Мы проста лічым, што клясычныя сцэнары, якія выкарыстоўваліся цягам апошніх дваццаці гадоў, яны ня будуць працаваць у новых палітычных умовах.

— Які ваш прагноз на гэтыя выбары?

— З пункту гледжаньня таго, як падаецца інфармацыя ў дзяржаўных мэдыях пра Расею і эўразійскія працэсы, то застанецца Лукашэнка. Бо адбылося тое, што ў народзе называецца «прагнуцца». Лукашэнка прагнуўся перад Расеяй, ён цалкам ад яе залежны і будзе рабіць усё, што загадае Расея. Зараз кандыдат ад Расеі і кандыдат Лукашэнка супадуць на гэтых выбарах, але гэта не азначае, што Расея не пачынае сваю гульню. І гэта ўпершыню такая сытуацыя, калі гэтая гульня не зьвязаная зь імем Аляксандра Рыгоравіча.

— Якія могуць быць дзеяньні іншых палітычных партыяў і сіл падчас гэтай выбарчай кампаніі? Ці мае сэнс увогуле ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах?

— Іншым палітычным партыям і сілам варта задаць сабе тыя пытаньні, якія паставілі перад сабой і мы, і атрымаць на іх адказы. Магчыма, яны будуць іншыя. Але мне падаецца, што многія мае калегі гэтак разгубіліся, што баяцца нават задаць сабе такія пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG