Паколькі Расея надалей засяроджваецца на вайне ва Ўкраіне, слабее яе ўплыў уздоўж паўднёвай мяжы, асабліва ў Армэніі і Азэрбайджане. Гэта дае магчымасьць іншым гульцам, у тым ліку Турэччыне, Эўразьвязу і ЗША, пашырыць сваю прысутнасьць у рэгіёне, кажуць аналітыкі, зь якімі пагутарыла карэспандэнтка Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Ульвія Азадзадэ.
10 ліпеня прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў сустрэліся ў Абу-Дабі, каб абмеркаваць патэнцыйнае мірнае пагадненьне. Прыкметна, што гэта адбылося бязь нейкіх пасярэднікаў, у тым ліку Расеі.
Нягледзячы на тое, што ніякага прарыву дасягнута не было, у сумеснай заяве была пацьверджана прыхільнасьць абедзьвюх дзяржаваў да двухбаковых перамоваў і працягу «мераў умацаваньня даверу».
Аднак усяго пяць гадоў таму дынаміка была зусім іншай.
Пасьля 44-дзённай вайны паміж дзьвюма краінамі ў 2020 годзе за Нагорны Карабах — населены пераважна этнічнымі армянамі рэгіён, міжнародна прызнаны часткай Азэрбайджану, які доўгі час быў у цэнтры ўзаемнай варожасьці дзьвюх дзяржаваў, — прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пасярэднічаў у спыненьні агню, умацаваўшы традыцыйную ролю Масквы як уплывовага мэдыятара ў рэгіёне.
Але тое перамір’е спрыяла таму, што Рауф Міргадзіраў, аналітык бакінскай газэты «Айна-Зеркало», называе «гістарычным зрухам».
«Дзьве краіны — пасьля больш чым 30 гадоў канфлікту за Карабах — цяпер бліжэйшыя адна да аднае і адасабляюцца ад Расеі, — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода. — Абедзьве хочуць вызваліцца ад расейскага ўплыву, і гэта іх шанец, бо Расея вельмі занятая вайной ва Ўкраіне».
Рубэн Мэграбʼян, аналітык Армянскага інстытуту міжнародных дачыненьняў і бясьпекі, згодны з тым, што Ерэван разглядае цяперашнюю сытуацыю як шанец аслабіць кантроль Масквы над краінай.
«Расея хацела, каб Армэнія заставалася ў вечным канфлікце, каб яны маглі пастаянна „ратаваць“ нас і апраўдваць гэтым сваю бясконцую прысутнасьць, — сказаў ён. — Але Армэнія хоча разьвязаць гэтыя спрэчкі пазбавіць нашу краіну ўсякай расейскай прысутнасьці. Цяпер Расеі гэта не падабаецца».
Нарастаньне напружанасьці і абвінавачваньні
На думку некаторых аналітыкаў, сувязі Ерэвану з Масквой пачалі пагаршацца ў 2016 годзе, у кароткі пэрыяд ваенных дзеяньняў паміж Армэніяй і Азэрбайджанам за Нагорны Карабах.
Канфлікт завяршыўся спыненьнем агню, дасягнутым пры пасярэдніцтве Расеі, і пэўнымі тэрытарыяльнымі набыткамі для Азэрбайджану. Абмежаваная падтрымка Масквою яе традыцыйнага саюзьніка падсілкоўвала расчараваньне Армэніі.
Паводле Рычарда Гірагасьяна, дырэктара-заснавальніка Цэнтру рэгіянальных дасьледаваньняў у Ерэване, гэты момант быў «пачаткам адыходу Армэніі і страты даверу да Расеі як партнэра ў бясьпецы».
«Пазыцыя і палітыка Расеі, пачынаючы з вайны 2016 году, пачалі зрушвацца ў бок Азэрбайджану», — сказаў ён.
Адносіны яшчэ больш пагоршыліся пасьля канфлікту 2020 году, калі Баку аднавіў кантроль над Нагорным Карабахам, а Расея зноў не падтрымала Ерэван.
Нядаўнія падзеі пацьвердзілі, наколькі ўзмацнілася напружаньне паміж дзьвюма краінамі.
17 чэрвеня расейска-армянскі мільярдэр Самвэл Карапэтʼян быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў закліках да незаконнага захопу ўлады.
На думку Гірагасьяна, арышт быў «крокам армянскага ўраду, каб перадухіліць усякае ўмяшаньне Расеі» ў парлямэнцкія выбары налета.
«Але ў той жа час гэта было хутчэй супрацьдзеяньнем расейскім інтарэсам ці ўплыву ўнутры самой Армэніі, — дадаў ён. — Гэты чалавек — прадукт Масквы; яго агулам успрымаюць як прапуцінскага дзеяча».
Усяго празь некалькі дзён, 25 чэрвеня, армянскія ўлады арыштавалі архібіскупа Баграта Галстаньяна, вядомага клірыка Армянскай апостальскай царквы, абвінаваціўшы яго ў змове з мэтай зрынаньня ўраду.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заклікаў спыніць «беспадстаўныя нападкі» на царкву, назваўшы яе «адным з ключавых апірышчаў армянскага грамадзтва».
Міністар замежных справаў Армэніі Арарат Мірзаян у адказ абвінаваціў Маскву ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Армэніі.
Азэрбайджан таксама адварочваецца ад Масквы
Зрухі адбываюцца ня толькі ў Армэніі.
Стасункі паміж Баку і Масквой гэтым летам таксама рэзка пагоршыліся.
У канцы чэрвеня Аліеў прыпыніў сустрэчы на высокім узроўні, забараніў наведваць краіну віцэ-прэмʼеру Расеі Аляксею Аверчуку скасаваў расейскія культурныя імпрэзы ў Баку.
Гэтыя крокі зробленыя пасьля гібелі двух этнічных азэрбайджанцаў падчас паліцэйскага рэйду ў Екацерынбургу ў Расеі. Расейскую паліцыю абвінавацілі ў катаваньнях.
Зангезурская дылема Расеі
Пяць гадоў таму Расея мела іншыя амбіцыі што да захаваньня ўплыву ў рэгіёне, у прыватнасьці, праз вайсковую прысутнасьць.
Пагадненьне аб спыненьні агню 2020 году, падпісанае Расеяй, Армэніяй і Азэрбайджанам, прадугледжвала аднаўленьне эканамічных і транспартных шляхоў. У ім таксама прадугледжвалася, што Армэнія запэўніць бясьпечны транзыт паміж Азэрбайджанам і яго нахічэванскім анклявам праз так званы Зангезурскі калідор, а Фэдэральнай службе бясьпекі Расеі (ФСБ) будзе даручаны кантроль за ім.
«Магчыма, Зангезурскі калідор — адзіны жыцьцяздольны варыянт захаваньня прысутнасьці Расеі ў рэгіёне», — заявіў у інтэрвію Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода ў 2023 годзе Кірыл Крывашэеў, расейскі аналітык Фонду Карнэгі.
Аднак Армэнія разглядае калідор як пагрозу свайму сувэрэнітэту.
Пакуль перамовы працягваюцца, застаецца незразумелым, ці будзе кантроль з боку ФСБ Расеі часткаю нейкай канчатковай дамоўленасьці.
У сакавіку Пашыньян заявіў, што пасьля падпісаньня дамовы ня будзе ніякіх вайсковых фармаваньняў з трэціх краін уздоўж мяжы Армэніі і Азэрбайджану. Ідэя наконт кантролю ФСБ таксама ня вельмі прывабная для Азэрбайджану, кажа Вадзім Дубноў, карэспандэнт праекту «Эхо Кавказа» на Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа.
«Разгортваньне сілаў ФСБ магло мець сэнс для Азэрбайджану да вырашэньня канфлікту ў Карабаху, — сказаў ён. — Але цяпер беспасярэднія перамовы з Армэніяй, а не залучэньне Расеі, больш выгадныя для Баку».
Кантроль над Зангезурам таксама зьвязаны з шырэйшым геапалітычным кантэкстам — зь Сярэднім калідорам, маршрутам, які злучае Кітай з Эўропай, абмінаючы Расею.
«Зангезур — частка Сярэдняга калідору», — тлумачыць Міргадзіраў. «Расея хоча ня проста кантраляваць Зангезур; яна хоча дамінаваць над усімі наземнымі і паветранымі маршрутамі на Паўднёвым Каўказе. Але я думаю, што Турэччына знаходзіцца ў выгадным становішчы, каб узначаліць рэгіянальныя намаганьні для гарантаваньня бясьпекі».
Новыя рэгіянальныя гульцы
Хоць аналітыкі пагаджаюцца, што ўплыў Расеі зьмяншаецца, яны папярэджваюць, што глыбокія эканамічныя і гістарычныя сувязі нельга разарваць за адну ноч.
Аднак пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе гэтая эканамічная залежнасьць таксама пачала зьмяняцца, адзначыў расейскі аналітык Крывашэеў у сваім інтэрвію Азэрбайджанскай службе Радыё Свабода ў 2023 годзе.
«Турэччына стала ключавым партнэрам у імпарце для Расеі. Шмат тавараў транспартуецца праз Турэччыну і Азэрбайджан, — сказаў ён. Стамбульскія пратокі жыцьцёва важныя, і Азэрбайджан цяпер служыць найважнейшым вузлом для расейскага газу. Мы прадаем нафту і газ Азэрбайджану, які потым прадае іх у Эўропу. Гэта законна і не парушае санкцыяў».
Пол Гоўбл, старэйшы навуковы супрацоўнік Джэймстаўнскага фонду, падкрэсьліў рост важнасьці Азэрбайджану.
«Аліеў нарэшце зразумеў, што Масква мае патрэбу ў Азэрбайджане прынамсі гэтаксама, як Азэрбайджан мае патрэбу ў Расеі, — сказаў ён. — Калі вы разумееце, што іншаму боку вы патрэбныя больш, чым ён вам, гэта мяняе вашыя разьлікі».
Тым часам Ерэван аднаўляе сувязі з Стамбулам, аддаляючыся ад Масквы.
Пакрысе паляпшаюцца дачыненьні паміж дзьвюма краінамі, доўгі час напружаныя праз канфлікт у Нагорным Карабаху, у якім Турэччына падтрымала Азэрбайджан, закрыўшы свае межы з Армэніяй у 1990-х, і праз гістарычныя крыўды.
У чэрвені Пашыньян наведаў Турэччыну і сустрэўся з прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам — гэта быў першы палітычны працоўны візыт, накіраваны на двухбаковыя перамовы.
«Армэнія эканамічна залежыць ад Расеі, таму што большая частка нашай камунікацыі з вонкавымі рынкамі выходзіць праз Грузію на расейскі рынак, — кажа Мэграбʼян. — Наша мяжа з Іранам адкрытая, але яна з абмежаванай прапускной здольнасьцю. Адкрыцьцё турэцкай мяжы дазволіць Армэніі атрымаць доступ да эўрапейскіх рынкаў».
Тым ня менш Армэнія не ўскладае ўсіх сваіх надзеяў на Турэччыну. Мэграбʼян кажа, што Ерэван таксама ўмацоўвае сувязі з ЗША і Эўразьвязам.
«Мы працуем з ЭЗ і ЗША над павышэньнем узроўню супрацоўніцтва, — сказаў ён. — З Злучанымі Штатамі мы ўжо падпісалі хартыю стратэгічнага партнэрства. Што да Эўразьвязу, мы прынялі заканадаўства, якое адпавядае патэнцыйнаму сяброўству ў ім, хоць ведаем, што наперадзе доўгі шлях».