Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовы павераны ў справах ЗША Скот Роланд пра візы, Янку Купалу і 3D-тэхналёгіі


Скот Роланд на Міжнароднай кніжнай выставе
Скот Роланд на Міжнароднай кніжнай выставе

11 лютага адкрылася XXII Менская міжнародная выстава-кірмаш. У ёй бяруць удзел 28 краінаў сьвету. Амбасада ЗША ў Беларусі ўдзельнічае ў падобных выставах ужо 18-ты раз, выкарыстоўваючы розныя тэмы, жанры і фарматы. Сёлета асноўная тэма стэнду амэрыканскай амбасады ў Беларусі — «Невядомая Амэрыка». Прычым прадстаўлена ня толькі калекцыя ўнікальных кніжных выданьняў, плякатаў, але і дасягненьні сучасных 3D-тэхналёгіяў.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, які адкрываў амэрыканскі стэнд у выставачным павільёне «БелЭКСПА», кажа, што для яго гэта як паўтарэньне гісторыі: у 1988 годзе менавіта ў гэтым выставачным комплексе ён працаваў цягам двух месяцаў на выставе «Інфарматыка ў жыцьці ЗША». Ён кажа, што тады нават уявіць ня мог, куды прывядуць сьвет веды і тэхналёгіі:

«Як бы я ні любіў пагартаць старонкі добрай кнігі ўвечары, у дамашняй абстаноўцы, я не магу не захапляцца найноўшымі тэхналёгіямі, якія дазваляюць будаваць дамы з дапамогай 3D-прынтэра. Сёньня за той час, пакуль я гавару з вамі, 3D-прынтэр упершыню на кніжным кірмашы стварае закладку для кніг».

Скот Роланд кажа, што на кніжнай выставе вырашана прадэманстраваць менавіта найноўшыя тэхналёгіі: асадкі 3D, 3D-прынтэр пятага пакаленьня:

«Мы хацелі гэта зрабіць, каб выклікаць у маладых людзей цікавасьць да набыцьця навыкаў, неабходных у ХХІ стагодзьдзі. Ці, як сказаў наш прэзыдэнт Барак Абама, „каб падштурхнуць маладых людзей штосьці ствараць, будаваць, вынаходзіць“. То бок — быць стваральнікамі рэчаў, а ня толькі спажыўцамі».

Скарыстаўшы нагоду, Радыё Свабода задало спадару Роланду некалькі пытаньняў на іншыя тэмы, у прыватнасьці, пра візы.

— Беларусы вельмі рады, што візавыя праблемы неяк сталі вырашацца: ужо людзі сталага веку, студэнты, удзельнікі культурніцкіх абменаў атрымліваюць візы ў Беларусі. Але ўсё ж такі вельмі нязручна астатнім грамадзянам, якія вымушаныя ехаць па візу ў Варшаву, Кіеў, Маскву, чакаць па некалькі дзён. Ці будуць нейкія зрухі для простых грамадзянаў?

— Мы абмяркоўваем гэтае пытаньне з нашымі калегамі ў Вашынгтоне, шукаем найлепшае вырашэньне праблемы. Я спадзяюся, што празь некалькі месяцаў будзе магчымасьць яшчэ больш пашырыць катэгорыі грамадзянаў, якіх мы зможам абслугоўваць у Менску.

— Беларусь у аднабаковым парадку нядаўна зьнізіла кошты беларускіх візаў для амэрыканцаў. Ці магчыма з вашага боку зрабіць адпаведны крок у адказ? Усё ж 160 даляраў для беларусаў — дарагавата...

— Гэтае пытаньне вырашаецца ў Вашынгтоне, і яны вызначылі, што ёсьць пэўны мінімум для амэрыканскай візы ў любой краіне сьвету. Павінна быць мінімальная цана. Калі адна краіна зьніжае цану, то гэта не азначае, што мы таксама павінны гэта рабіць у адказ. Паводле заканадаўства ЗША гэтае пытаньне вырашаецца ў Вашынгтоне. Але для амэрыканскіх турыстаў гэта добра, што таньнейшыя візы сталі.

Што да бліжэйшых мерапрыемстваў у Беларусі, якія праводзіць амбасада ЗША, спадар Роланд распавёў:

«На наступным тыдні будзе праходзіць фэстываль амэрыканскіх дакумэнтальных фільмаў. Будзе тут амэрыканскі рэжысэр, амэрыканскі кінакрытык, мы пакажам пяць амэрыканскіх дакумэнтальных стужак. Гэта прыклад таго, што мы можам рабіць, калі маем падтрымку ад беларускіх партнэраў, ад дзяржавы. Фэстываль будзе ў кінатэатры „Перамога“, гэта наш даўні партнэр».

Паколькі размова з часовым павераным адбывалася на кніжным кірмашы, карэспандэнты запыталіся і пра тое, якія кнігі сфармавалі спадара Роланда як асобу:

«Калі ў юнацтве, то з амэрыканскай літаратуры гэта быў, напэўна, Марк Твэн. „Прыгоды Тома Соера“, „Прыгоды Гекльбэры Фіна“ — гэта бліскучыя кнігі. Пазьней — творы вялікіх расейскіх пісьменьнікаў Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага — „Ганна Карэніна“, „Вайна і мір“, „Браты Карамазавы“. Потым — „Майстар і Маргарыта“ Булгакава. Я вёз сюды вельмі мала кніг. Але сярод іх — „Майстар і Маргарыта“, хачу яшчэ раз перачытаць тут».

Карэспандэнтка: «А што-небудзь зь беларускай літаратуры чыталі?»

«Янку Купалу чытаў, калі я быў тут яшчэ ў 1983 годзе, мы наведвалі яго музэй, і я атрымаў кнігу паэзіі Янкі Купалы ў падарунак і прачытаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG