Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер толькі партыйныя шарагоўцы могуць спыніць сваіх ашалелых кіраўнікоў...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

У Беларусі працягваецца выбарчая кампанія: да асноўнага дня галасаваньня застаецца ўжо меней за два месяцы. Стаўленьне ў грамадзтве да гэтых выбараў супярэчлівае. Мала хто сумняецца ў тым, што сьпісы будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў даўно складзеныя і зацьверджаныя, а галасаваньне адбудзецца паводле старой завядзёнкі з загадзя вядомым вынікам.

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Пётар Патапёнак зь Менску піша:

«Ня веру, што дарослыя людзі з вышэйшай адукацыяй, ды яшчэ кіраўнікі партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў не ўсьведамляюць, на што ідуць, балятуючыся ў дэпутаты. Цудоўна яны ўсё разумеюць. А з гэтага выснова: за 25 год партыйныя структуры нашпігаваныя агентамі спэцслужбаў. І цяпер толькі партыйныя шарагоўцы могуць спыніць сваіх ашалелых кіраўнікоў. Рабіць гэта трэба рашуча — аж да сабатажу збору подпісаў за вылучэньне ахвотных трапіць у „палатку“.

Хачу сказаць ім усім: ня той дарогай ідзяце! Ня трэба выконваць ролю масоўкі ў пастановачным спэктаклі спадарыні Ярмошынай! Насамрэч Кангрэс дэмсілаў павінен быў абмеркаваць толькі адно пытаньне: зацьвярджэньне ініцыятывы ў справе вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году. Няхай бы вэртыкаль займалася праштурхоўваньнем сваіх прызначэнцаў, а дэмакраты тым часам зьбіралі подпісы за правядзеньне агульнанацыянальнага рэфэрэндуму! — піша ў сваім лісьце на Свабоду Пётар Патапёнак зь Менску. — Прадбачу, што многія скрывяцца ў саркастычнай усьмешцы: маўляў, ведаем, як праводзіць рэфэрэндумы Ярмошына. Гэта ж утопія... Можа, і так. Але, прынамсі, мы ня будзем гуляць па іхных правілах і пры гэтым крывадушна рабіць выгляд, што так і трэба, зыходзячы зь нейкіх вышэйшых тактычных меркаваньняў, спадзеючыся на тое, што „чырвоны дом“ ласкава пагодзіцца на перамовы пра тое, каб адшкадаваць апазыцыі 3–4 крэслы ў „Авальнай залі“. Рабіць так — значыць не паважаць сябе і апускацца да іхнага ўзроўню маралі. А гэтым самым — паставіць крыж на будучыні сваіх партыяў і канчаткова дыскрэдытаваць само слова „дэмакраты“. Зрэшты, можа, такая мэта і пастаўлена перад гэтымі людзьмі іхнымі куратарамі з КДБ? У любым выпадку, зараз надыходзіць момант ісьціны».

За мінулыя больш як два дзесяцігодзьдзі апазыцыя якой толькі тактыкі не апрабавала ў сваім змаганьні з аўтарытарным рэжымам. І ў выбарах спрабавалі ня ўдзельнічаць, і рэфэрэндумы наладжваць, і подпісы зьбіраць, і да «круглага стала» з уладай заклікаць... Да асаблівага посьпеху гэта не прыводзіла. Тым больш што поўнага адзінства ў шэрагах апазыцыі ніколі не было. І заўсёды ў такіх выпадках гучалі ўзаемныя абвінавачаньні ў таемным супрацоўніцтве са спэцслужбамі.

Не вазьмуся сьцьвярджаць, што ў апазыцыйным асяродзьдзі зусім няма засланых агентаў КДБ. Але моцна сумняюся, што менавіта яны выконваюць там вырашальную ролю. Проста ў становішчы, дзе сутыкаецца столькі палітычных амбіцыяў і дзе няма жорсткай цэнтралізацыі, заўсёды цяжка дамаўляцца.

На прыкладзе выбарчай кампаніі, якая нядаўна пачалася, мы назіраем звыклую карціну: нягледзячы на ўсе нараканьні, узаемныя папрокі і абвінавачаньні, многія знакавыя асобы дэмакратычнай апазыцыі разам са сваімі паплечнікамі ўключыліся ў выбарчую гонку.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў адклікнуўся на нядаўнюю перадачу «Трайны ўдар», у якой ішла размова пра рыторыку прэзыдэнта Лукашэнкі на тле вострага эканамічнага крызісу. Слухач піша:

«Вядоўца праграмы Валер Карбалевіч адзначыў у канцы перадачы, што вось ужо два гады прэзыдэнт дасылае нам мэсыджы: галоўнае — не заробкі і пэнсіі, а мір, парадак і бясьпека. Хацелася б спытаць у прэзыдэнта: шаноўны, а нельга даслаць нам такія мэсыджы, каб у іх былі і мір, і парадак, і бясьпека, і заробкі, і пэнсіі? І на дадатак яшчэ пара дробязяў, якія вам і бюджэту ня будуць каштаваць ні капейкі: незалежныя СМІ (вам застануцца адзін канал ТБ і адзін — радыё), а таксама справядлівыя выбары. Астатняе народ зробіць сам, толькі не перашкаджайце яму, як перашкаджалі дагэтуль.

І яшчэ адна заўвага — на іншую тэму. Мяркую, што пасьля таго, як замаўчалі кароткія хвалі, колькасьць лістоў на радыё Свабода зьменшыцца, што мяне засмучае. Без зваротнай сувязі радыёстанцыі нельга. Нешта трэба прыдумаць. Пакуль жа ўсё, што магу, — пісаць».

Каналы для зваротнай сувязі ня толькі застаюцца — яны значна пашыраюцца: праз сайт, сацыяльныя сеткі і электронную пошту абмяркоўваць прачытанае і пачутае нашмат зручней і хутчэй, чым ранейшым шляхам — праз рукапісныя лісты і звычайную пошту. Вядома, мы ўсьведамляем, што не для ўсіх нашых даўніх слухачоў (асабліва сталага веку) даступныя новыя тэхналёгіі, не на ўсіх хутарах і не ва ўсіх вёсках ёсьць кампутары і даступны інтэрнэт... Але што зробіш — кароткія хвалі ня вытрымалі канкурэнцыі з інтэрнэтам, і адмаўляць гэты факт, а тым больш супраціўляцца яму — немагчыма.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG