Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі Зьмітра Паліенку палітвязьнем і патрабуюць яго вызваліць


Зьміцер Паліенка, архіўнае фота
Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Сумесную заяву ў абарону актывіста Зьмітра Паліенкі прынялі 9 праваабарончых і грамадзкіх арганізацый Беларусі, у тым ліку «Вясна», БХК, БАЖ ды іншыя. Праваабаронцы назвалі Зьмітра Паліенку палітвязьнем і запатрабавалі яго тэрміновага вызваленьня.

У заяве, зьмешчанай на сайце «Вясны», нагадана пра высновы праваабаронцаў адносна крымінальнай справы Зьмітра Паліенкі і працэсу над ім у 2016 годзе. Крымінальны перасьлед Зьмітра Паліенкі пачаўся ў канцы красавіка 2016 году, калі актывіст узяў удзел у роварным прабегу «Крытычная маса». Тады Зьмітра Паліенку затрымалі і абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта, што, на думку праваабаронцаў, не пацьвердзілася ў судзе, які прайшоў у кастрычніку 2016 году. Недаказаным назвалі праваабаронцы і абвінавачаньне Зьмітра Паліенкі ў распаўсюдзе парнаграфіі, якое таксама пракуратура выставіла актывісту. Тады яго палітвязьнем не абвясьцілі толькі таму, што атрыманы ім урэшце прысуд ня быў зьвязаны з пазбаўленьнем волі.

Сытуацыя зьмянілася 7 красавіка 2017 году, калі актывіста пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту нечакана адвезьлі ў Заводзкі суд Менску і абвясьцілі яму пра адмену адтэрміноўкі пакараньня.

«7 красавіка 2017 году суд Заводзкага раёну г. Менску адмяніў адтэрміноўку выкананьня пакараньня, і Зьміцер Паліенка падлягае накіраваньню ў папраўчую калёнію для адбыцьця пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 1,5 года (з улікам часу ўтрыманьня пад вартай да суду ў 2016 г.).

З улікам папярэдніх высноваў праваабаронцаў пра палітычна матываваны характар перасьледу Зьмітра Паліенкі, у сукупнасьці з тымі абставінамі, што падставамі для адмены адтэрміноўкі сталі, у тым ліку, прыцягненьне яго да адказнасьці па артыкуле 23.34 КаАП за рэалізацыю права на мірныя сходы і адвольнае прыцягненьне да адказнасьці па артыкуле 17.1 КаАП,

мы заяўляем:

Пазбаўленьне волі Зьмітра Паліенкі дазваляе кваліфікаваць сацыяльнага актывіста як палітычнага зьняволенага.

Патрабуем ад уладаў Беларусі яго неадкладнага вызваленьня».

Сумесная заява адносна справы Зьмітра Паліенкі зьмешчаная на сайце «Вясны». Таксама сайт апублікаваў экспэртнае заключэньне аб справе актывіста. Вось вытрымка з высноваў экспэртаў:

«Аналізуючы вышэй указаныя факты ў комплексе, мы прыходзім да высновы, што пазбаўленьне волі на 1,5 года Зьмітра Паліенкі носіць характар палітычна матываванага перасьледу з мэтай спыненьня ягонай публічнай дзейнасьці».

З 7 красавіка Зьмітра Паліенку ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Вядома, што Зьміцер Паліенка мае намер абскардзіць рашэньне Заводзкага суду аб адмене яму адтэрміноўкі пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG