Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад кандыдатаў напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі


Чым бліжэй да выбараў, тым больш зьяўляецца прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду. Ці перарасьце колькасьць у якасьць? Ці адбудзецца перафарматаваньне апазыцыйных структур? Якой будзе тактыка ўладаў?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Юры Чавусаў.

Чаму шмат кандыдатаў?

Валер Карбалевіч: «Журналісты налічылі ўжо сем чалавек, якія абвясьцілі пра свае пляны ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдатаў. Гледзячы па ўсім, гэты працэс працягнецца. Пра што ён сьведчыць?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі: «Апазыцыя змарнавала шанец дамовіцца пра супольны сцэнар, адзінага кандыдата. Цяперашняе драбненьне апазыцыі — гэта найгоршы з магчымых сцэнараў. Тое самае мы бачылі ў 2010 годзе, тады мы ўбачылі ўсе хібы гэтага варыянту. На плошчы 19 сьнежня не было каардынацыі дзеяньняў. А цяпер нават заклікаў на плошчу няма. У выніку грамадзтва ня бачыць альтэрнатывы, і ўсё гэта працуе на карысьць улады».

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: «Зьяўленьне шматлікіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду сьведчыць пра тое, што шмат людзей не баіцца кінуць выклік Лукашэнку. І гэта сьведчыць пра тое, што сытуацыя ў Беларусі адрозьніваецца ад сярэднеазіяцкіх дэспатыяў, дзе ніякай публічнай апазыцыі няма.

Канкурэнцыя паміж рознымі апазыцыйнымі групамі за рэсурсы — гэта нармальная сытуацыя ва ўмовах, калі няма агульнага сцэнару з адзіным кандыдатам. На тле таго, што адбываецца цяпер, 2010 год можа падацца добрым прыкладам скаардынаванай працы. Бо цяпер тыя групы і кандыдаты, якія заявілі пра сябе, больш крытыкуюць адзін аднаго, а не рэжым. Гэтыя выбары могуць істотна аслабіць апазыцыю нават у параўнаньні зь цяперашняй сытуацыяй».

Ці адбудзецца перафарматаваньне апазыцыйных структур?

Карбалевіч: «Здаецца, напярэдадні выбараў адбываецца перафарматаваньне апазыцыі. Уладзімер Някляеў стварае новы рух „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі“. На нядаўнім зьезьдзе партыі „Справядлівы сьвет“ яе лідэр Калякін заявіў пра неабходнасьць стварыць нейкую левую кааліцыю, бо ў дзейных апазыцыйных структурах, на ягоны погляд, засільле правых партыяў. Як гэта пракамэнтаваць?»

Класкоўскі: «Спроба стварэньня новых рухаў — ня новая ідэя. Памятаем рух Казуліна „Воля народа“ і інш. Я ня бачу падстаў, каб спрацавала ініцыятыва Някляева. Апазыцыйнае гета падзеленае на маленькія сэкты, туды ўплішчыцца вельмі цяжка. Новы рух можна стварыць, толькі сабраўшы актывістаў зь іншых структур. Так ствараўся рух Мілінкевіча „За свабоду“. Да таго ж цяпер няма рэвалюцыйнай сытуацыі.

Што да прапановы Калякіна аб стварэньні нейкай левай кааліцыі, то трэба зазначыць, што ў беларускім грамадзтве цяпер існуе біпалярная сытуацыя: улада і апазыцыя. Абывацель не адрозьнівае палітычныя адценьні, левыя ці правыя. Галоўнае пытаньне, якое задае абывацель: калі не Лукашэнка, то хто? А адказу на гэтае пытаньне апазыцыя не дае».

У Беларусі сцэнар можа быць пераможным і зь дзесяцьцю кандыдатамі

Чавусаў: «Сп. Класкоўскі прадэманстраваў поўны пералік тых штампаў, якія ўжываюцца ў прапагандзе супраць беларускай апазыцыі. Група „Народны рэфэрэндум“ вылучае аднаго кандыдата: Тацяну Караткевіч. Кааліцыя „Талака“ разьдзялілася, яна вылучае двух кандыдатаў: Лябедзьку і Калякіна. Прычым Шульган ад Партыі зялёных выступае з больш левых пазыцыяў, чым Калякін.

Што тычыцца ініцыятывы Някляева, то за два месяцы да пачатку кампаніі новыя рухі не ствараюцца. Можна думаць, што мэты гэтай ініцыятывы сягаюць за межы цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі. Але ў Беларусі менавіта падчас прэзыдэнцкай кампаніі палітычныя структуры назапашваюць палітычны капітал.

Досьвед 2010 году паказвае, што россып кандыдатаў — гэта ня горш, чым сцэнар адзінага кандыдата. У Беларусі сцэнар можа быць пераможным і зь дзесяцьцю кандыдатамі».

Якой будзе тактыка ўладаў?

Карбалевіч: «У 2010 годзе ўлада штучна садзейнічала драбненьню апазыцыі тым, што кандыдатамі ў прэзыдэнты зарэгістравалі практычна ўсіх, хто здаў 100 тысяч подпісаў. Ці паўтораць улады такую тактыку гэтым разам?»

Чым больш кандыдатаў, тым лягчэй уладам раскладаць свой пасьянс

Класкоўскі: «Чым больш кандыдатаў, тым лягчэй уладам раскладаць свой пасьянс. Калі кандыдат адзіны, то яго не зарэгістраваць — гэта пэўны выклік з боку ўладаў. Калі б у нас былі дэмакратычныя выбары, можна было б спадзявацца на другі тур, то тады мела б сэнс вылучаць шмат кандыдатаў. Але ў беларускіх умовах другога туру не бывае.

Дарэчы, ня бачу, каб апазыцыя набірала падчас выбараў нейкі маральны ці палітычны капітал. Гэтага не пацьвярджае і сацыялёгія. Для ўладаў было б выгадным 4, 5, 6 кандыдатаў. Гэта і вітрына для Захаду. А ідэя незалежнасьці Беларусі як альтэрнатыва Лукашэнку не працуе. Бо Лукашэнка ж таксама за незалежнасьць».

Чавусаў: «Вялікая колькасьць кандыдатаў павялічвае цікавасьць грамадзтва да кампаніі, пры гэтым зьмяншае ўплыў кожнага апазыцыйнага кандыдата. Думаю, улады зарэгіструюць усіх, хто будзе праводзіць кампанію. Але ў апазыцыі сілаў ёсьць толькі на 2–3 кампаніі. А на лёзунгу незалежнасьці ў Беларусі пасьпяховую кампанію можа зладзіць толькі Лукашэнка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG