24 траўня дэлегаты 18-га зьезда Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» прынялі рашэньне аб вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты старшыні партыі Сяргея Калякіна. За яго вылучэньне прагаласавала 105 дэлегатаў, 39 — супраць, і 16 устрымалася.
Адразу пасьля зьезду Сяргей Калякін даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.
— Сяргей Іванавіч, па-першае, віншую вас з абраньнем на пасаду старшыні партыі — 21 год вы бязьменна ачольваеце партыю, наперадзе яшчэ адзін тэрімін. Акрамя гэтага, вас зьезд вылучыў у прэтэнтэнты на кандыдата ў прэзыдэнты. Але ўся апазыцыя сьцьвярджае, што выбараў няма і пакуль не прадбачыцца. Чаму адважыліся рызыкнуць?
— Хоць выбараў няма, але выбарнікі ёсьць. Ёсьць больш за 9 мільёнаў грамадзянаў краіны, зь якіх амаль 7 тысяч — выбарнікі, і частка зь іх лічыць, што «жывем дрэнна, але іншай альтэрнатывы няма, трэба цярпець і чакаць, што адбудзецца бяз нас». Таму выбары даюць магчымасьць дайсьці да гэтых людзей, чаго нельга зрабіць у нявыбарчы пэрыяд. Атрымліваючы статус кандыдата ў прэзыдэнты, атрымліваеш тэле- і радыёэфір, можаш выкласьці сваю праграму — ня буду ўсё пералічваць, але ёсьць шмат магчымасьцяў, каб людзям распавесьці, што няпраўда, што выбару няма.
Я прадстаўляю палітычную партыю. А ў палітычнай партыі таксама ёсьць свае інтарэсы жыцьцёвыя, яна — як жывы арганізм
Ёсьць альтэрнатыва, ёсьць іншыя людзі, ёсьць іншыя ідэі, іншыя праграмы, і беларусы могуць, павінны і заслугоўваюць жыць лепш. Гэта галоўнае, што рухае, таму што наша партыя за тое, каб былі перамены. І яны магчымыя, але для гэтага трэба шмат што зрабіць. Проста сядзець, склаўшы рукі, і чакаць — гэта ўжо немагчыма.
І яшчэ чаму мы ідзем на выбары: я ня проста незалежны кандыдат, таму што я так вырашыў. Я прадстаўляю палітычную партыю. А ў палітычнай партыі таксама ёсьць свае інтарэсы жыцьцёвыя, яна — як жывы арганізм: ёй неабходна, каб яе ведалі, яе падтрымлівалі, каб ў яе прыходзілі новыя людзі, новая кроў, каб партыя жыла і разьвівалася. Калі партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, незразумела — навошта яна патрэбна, хоць выбараў няма.
У выбарнікаў тады ўзьнікае пытаньне: «Вось вы кажаце, што вы палітычная партыя, але вы не змагаецеся за ўладу». Ёсьць два спосабы атрыманьня ўлады: альбо ўзброеная барацьба (але звычайна нелегальная партыя ідзе па такім шляху), альбо выбары. Але пакуль бальшыня людзей ня згодная з тым, што выбараў няма.
Яны кажуць: «Наперадзе выбары, а вы ў іх ня ўдзельнічаеце...» І гэта таксама аргумэнт, каб удзельнічаць, нягледзячы на тое, што мы, нашы людзі разумеюць: што галасы ня лічаць, што будуць рэпрэсіі, што да людзей, якія будуць актыўна працаваць у ініцыятыўных групах, прыйдуць, і ім давядзецца выбіраць: «альбо — альбо, альбо праца, вучоба... » І прынята такое рашэньне — ісьці на выбары. Хаця аргумэнтаў было шмат і супраць удзелу. Больш за тое, мы галасавалі пайменна, кожны дэлегат вызначаўся, і гэта, я лічу, правільна... Тым самым чалавек казаў, што ён нясе асабістую адказнасьць за прынятае рашэньне перад партыяй, і ён будзе рабіць усё, каб даказаць, што гэта правільнае рашэньне...
— Дый па лічбах гэта адчуваецца: 105 дэлегатаў зьезду — за, 39 — супраць, 16 — устрымалася. Мне нават выведка нанесла (выбачайце за ўцечку інфармацыі, бо было закрытае паседжаньне), што ваша жонка Тацьцяна галасавала супраць вашага ўдзелу ў выбарах...
— Так. Яна разумее і адказнасьць, і наступствы. Але калі справа дойдзе да збору подпісаў, будзе актыўна зьбіраць подпісы, пойдзе у народ, як шараговы сябра партыі.
Гэтыя лічбы адлюстроўваюць пазыцыю ў партыі. Мы ж рэгулярна праводзім унутрыпартыйныя апытаньні. І вось 56% сяброў партыі лічаць, што мы павінны удзельнічаць, і што трэба вылучаць старшыню партыі. На зьезьдзе — блізкія да гэта лічбы, якія паказваюць, што гэта пазыцыя ня толькі асобнага дэлегата, а арганізацыі, якую ён прадстаўляе. І нават я бачыў на зьезьдзе, што чалавек выступаў за адно, а галасаваў за іншае — таму што партыйная арганізацыя, якую ён прадстаўляе, дала яму такі наказ, ён — дэлегат арганізацыі. Сам ён, можа, і ўнутрана сумняецца, але людзі яму сказалі: „Мы будзем працаваць, мы лічым гэта правільным крокам“. І сваёй арганізацыі ён павінен сказаць, што выканаў ваша даручэньне. На закрытым паседжаньні мы вельмі шчыра пагаварылі»
— А праўда, што дыскусія сапраўды вострая была, што там сапраўды разгараліся жарсьці? Бойкі, спадзяюся, не было?
— Ня тое слова. Праўда, да бойкі не дайшло. Калі мы на асноўнай дыскусіі не закрывалі сьпіс жадаючых выступіць, усім далі выступіць, то тут мы ўжо абмяжоўвалі — кожны дэлегат палічыў патрэбным штосьці сказаць. Гэта было асэнсаванае рашэньне.
— Вы ўжо сёмы па ліку прэтэндэнт, якія заявіў пра жаданьне ўступіць ў прэзыдэнцкую гонку. Хтосьці зь іншых прэтэндэнтаў вам сымпатычны? Да вылучэньня адзінага кандыдата апазыцыя так і не дамовілася, можа, з кімсьці ў кааліцыю на пэўным этапе аб’яднаецеся?
— Я ведаю дакладна, каго мы ні ў якім разе ня будзем падтрымліваць, нават калі ня будзем удзельнічаць. Я дакладна ня буду падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку, я ня буду падтрымліваць Сяргея Гайдукевіча, я ня буду падтрымліваць беспрацоўнага, які толькі што зьявіўся — Шульгана, таму што я яго ня ведаю. Я не магу падтрымліваць таго, каго я ня ведаю. Магчыма, калі я даведаюся, хто за ім стаіць, і што ён за чалавек, ён можа стаць заменай, калі мы ня будзем удзельнічаць. На зьезьдзе задавалі такія пытаньні. Але мы сёньня ня вызначаліся, калі ня мы, то хто. Сёньня вызначаліся, што мы павінны быць, а ўжо потым будзем вырашаць усе іншыя пытаньні. Пакуль пытаньне адпала.
Але калі будзе другі тур, і мы выбудзем, высокія шанцы на нашу падтрымку могуць быць у Тацяны Караткевіч ці Анатоля Лябедзькі, у Алены Анісім (хаця я менш яе ведаю). То бок патэнцыйна мы ня лічым нашымі супэрнікамі іншых кандыдатаў. Больш за тое, у цяперашняй сытуацыі, калі перамога прывідная, гэта і ў партыі ўсе разумеюць.
Але ў гэтых умовах аб’яднаньне — гэта заўсёды страты. Што да аб’яднаньня, да прыкладу, з Анатолем Лябедзькам, у нас у партыі была дыскусія. Тады ён павінен «прыгладжваць» свае лібэральныя ідэі па эканоміцы, у сацыяльнай сфэры. Я таксама павінен буду прыгладжваць свае ідэі. І я згублю частку сваіх прыхільнікаў. Таму ў гэтым пляне аб’яднаньне — гэта страты. Аднак часам страта ня настолькі вялікая, наколькі вялікая мабілізацыя людзей, каб зьмяніць сытуацыю. Пакуль я не назіраю такога ў Беларусі. І падчас абмеркаваньня на працягу году па адзіным кандыдаце ў так званай «сямёрцы», я ня раз казаў, што мы ня можам дамовіцца таму, што ніхто ня верыць у перамогу. Каб верылі ў перамогу — дамовіліся б. Мы верылі ў перамогу ў 2001 годзе — дамовіліся, у 2006-м верылі — дамовіліся. У 2010-м ня верылі — і ня здолелі дамовіцца. Зараз таксама ня верым. Але гэта не азначае, што перамогі ня будзе. У нашай непрадказальнай краіне ўсё можа быць. Таму ўсе карты зараз на стале. І так адбылося, што партыя прыняла рашэньне, што мы будзем у гэтай гульні ўдзельнічаць. Пастараемся ўдзельнічаць дастойна.
— Але вынік мінулых выбараў: амаль усе кандыдаты апынуліся за кратамі, многія былі жорстка зьбітыя, Мікалай Статкевіч дагэтуль у турме. Не баіцеся ісьці на выбары?
— Мне задавалі на закрытым паседжаньні такое пытаньне... Адказваю: не баюся. Але ў нашай краіне, незалежна ад таго, кандыдат ты ў прэзыдэнты альбо займаеш пазыцыю, што адрозьніваецца ад праўладнай — я ж як старшыня партыі пастаянна кажу тое, што буду казаць і падчас перадвыбарчай кампаніі — можна аказацца ў турме. Гэта сумна, але прыклад Статкевіча сьведчаньне таму. Але тут статус кандыдата ў прэзыдэнты хутчэй абараняе, чым дае магчымасьць трапіць у турму. Я не перабольшваю небясьпеку, не зьмяншаю, але трапіць за краты жаданьня няма.
— А ў вашай перадвыбарчай праграме будзе пункт пра вызваленьне Мікалая Статкевіча ды іншых палітвязьняў?»
— Наша пазыцыя такая: калі палітвязьні будуць, лічыць выбары свабоднымі і справядлівымі нельга. Таму што пункт гледжаньня адной з арганізацый, якая вылучае Мікалая Статкевіча, ня будзе прадстаўлены на выбарах. То бок свабоды ў людзей ужо няма. У нас было абмеркаваньне ў партыі, але мы ня ставілі пытаньне рубам: калі Статкевіча ня вызваляць, мы ня будзем удзельнічаць у выбарах. Такога рашэньня партыя не прымала. Але мы выступаем пасьлядоўна: пакуль у краіне ёсьць палітзьняволеныя, казаць пра свабодныя і справядлівыя выбары нельга.
— А калі паўторыцца сцэнар выбараў 2010 года, паклічаце людзей на плошчу?
— Пакуль ня бачу ў гэтым неабходнасьці. Яшчэ раз хачу падкрэсьліць: я не лічу, што плошча, наогул, сілавыя варыянты дадуць вынік. Ва ўлады дастаткова сіл (і паказаў гэта і 2010 год, хаця ня ўсе сілы былі выкарыстаныя), улада дастаткова добра ўзброеная. А калі другі бок таксама будзе ўзброены — гэта Ўкраіна — 2. Я ня думаю, што гэта найлепшае вырашэньне пытаньня для Беларусі. Праблема ў тым, што ўлада можа давесьці народ да такога стану, што ён возьмецца за зброю. Але я не хачу ў гэтым браць удзел як арганізатар, таму што наступствы будуць сумныя для тых, хто думае, што ён хутка вырашыць сытуацыю. Сілавым шляхам хутка нічога вырашыць нельга. Ні ўладзе, ні апазыцыі.
— Але і ўлады напалоханыя падзеямі ва Ўкраіне і паўтараюць: „У нас Майдану ня будзе“. І народ беларускі таксама ў бальшыні сваёй ня хоча паўтарэньня Майдану...
— Мая пазыцыя — лепш не было б у нас Майдану. Але ўлады, мякка кажучы, сябе суцяшаюць, што ня будзе. Гэта не ад іх залежыць, усё можа быць. Асабліва калі ўлада будзе працягваць перасьледаваць усіх нязгодных. Можа і тут быць Майдан, яшчэ больш жорсткі, чым ва Ўкраіне. Усё магчыма, калі ўлады не зразумеюць усю небясьпеку паўтарэньня ўкраінскіх падзеяў.
Але я за тое, каб мы іншы шлях знайшлі. Мірны.