Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае новы рух Уладзімера Някляева і яго самога?


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Экспэрты не рызыкуюць прагназаваць будучыню грамадзкага руху «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі», але не выключаюць, што яго стваральнік Уладзімер Някляеў будзе вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, палітоляг Андрэй Ягораў у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што сам факт стварэньня новага руху яшчэ не дае магчымасьці ўбачыць яго пэрспэктывы.

«Тут мы можам арыентавацца толькі на Някляева, які ўсё ж такі, паводле апытаньняў, застаецца найбольш папулярным апазыцыйным палітыкам і так ці інакш людзі яго ведаюць (паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, ягоны электаральны рэйтынг складае 7,6% у адкрытым пытаньні і 9,4% у закрытым. — РС). Але далей эфэктыўнасьць гэтага кроку будзе залежаць ад таго, ці разумеюць сам Някляеў і тыя людзі, якія зараз увайшлі ў аргкамітэт, сытуацыю ў краіне, і ўвогуле — ці аналізуюць яны тыя памылкі, якія былі зробленыя пры стварэньні самім Някляевым „Гавары праўду“, напрыклад. Гэта ўсё можа мець пэўныя пэрспэктывы, калі гэтае разуменьне ёсьць і гэты рух будзе створаны на прынцыпова іншай базе, калі рух кансалідуе не арганізацыйна, а пэрсанальна, калі ён мае самаарганізаваную структуру лідэрства, а ня проста герархічнае супадпарадкаваньне і г. д. Калі гэта ўсё ня ўлічвае папярэдніх памылак, а папросту зьяўляецца стварэньнем чарговага руху на арганізацыйнай аснове, калі ўсё гэта ператвараецца ў чарговую апазыцыйную квазіпартыю, квазіграмадзкую арганізацыю, то ў гэтым ня будзе ніякага сэнсу», — кажа ён.

З самага пачатку было заяўлена, што грамадзкі рух «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі» не выключае ўдзелу свайго прадстаўніка ў прэзыдэнцкай кампаніі, але пакуль гэтае пытаньне застаецца адкрытым.

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што вылучэньне ад новага руху кандыдатуры Ўладзімера Някляева цалкам магчымае.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Калі Някляеў пойдзе на выбары (а гэта сапраўды магчыма, у прыватнасьці таму, што і рэйтынг Някляева, паводле незалежнай сацыялёгіі, найбольшы сярод апазыцыянэраў, і амбіцыі ў яго, адчуваецца, ёсьць), то ён адразу становіцца самай ці адной з самых важкіх і яркіх фігураў. Таму выбары ў гэтым сэнсе набываюць, безумоўна, нейкія новыя фарбы. Але я кажу „выбары“ ўмоўна, бо, як вядома, у нас у гэтым сэнсе вельмі спэцыфічная сытуацыя, і казаць пра нармальныя ўмовы для перадвыбарчай працы, агітацыі і ўрэшце празрысты падлік галасоў не выпадае. Затое можна дакладна казаць, што гэта вялікая рызыка, таму што мы памятаем, як было ў 2010 годзе, калі той жа Някляеў, як амаль і ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты, трапіў у сьледчы ізалятар КДБ. І ў гэтым сэнсе відавочна, што Някляеў ідзе на вялікую рызыку, таму што гэтая кампанія, акрамя ўсяго іншага, ня будзе, напэўна, такім адносным „разгулам дэмакратыі“, як гэта было ў 2010 годзе: сёньня эканоміка надта кепска выглядае, ну і ўвогуле, як тады сказаў Лукашэнка, „наеліся ўжо гэтай дэмакратыі“ — маўляў, яго аж ванітавала. Таму рамка выбараў будзе жорсткая. І калі не імітаваць удзел у выбарах (а будуць, безумоўна, і такія кандыдаты), то гэта вялікае выпрабаваньне, гэта вялікая рызыка. Фактычна ў поўнай ступені Някляеў паставіць на кон сваю рэпутацыю», — падкрэсьліў аналітык у інтэрвію Радыё Свабода.

У кантэксьце ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі нядаўні публічны выхад Някляева з апазыцыйных структураў, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», у вачах выбарцаў хутчэй гуляе на карысьць палітыка, лічыць Класкоўскі.

«Я думаю, што гэта выглядае як плюс, таму што цяперашняя кампанія, якая неўзабаве пачнецца, будзе разгортвацца на тле недаверу да традыцыйнай структураванай апазыцыі, якая ўжо 20 гадоў, кажучы наўпрост, вельмі заўважна дэградавала. І ня толькі ў пляне арганізацыйным, ідэйным, але і ў пляне маральным. Мы бачылі, як на нашых вачах зноў генэруюцца ўсё новыя і новыя прэтэндэнты на тое, каб быць супернікамі Аляксандра Лукашэнкі. Але відавочна, што дзеля гэтага няма патэнцыялу. У кагосьці відавочна і харызмы няма. То бок зноў пачынаецца тое, што ў 2010 годзе найбольш экспрэсіўныя камэнтатары называлі клаўнадай, зноў можа адбыцца парад фэйкавых кандыдатаў. У гэтым сэнсе Някляеў, які, відавочна, не без канфлікту выйшаў з гэтых структураў (хоць ён як чалавек высакародны ня хоча гэта камэнтаваць, але відавочна, што ён проста не згадзіўся з тым цынізмам, з тымі відавочна фэйкавымі варыянтамі ўдзелу ў выбарах, якія яму напэўна прапаноўвалі), атрымлівае пэўны крэдыт даверу. Але праблема ў тым, як гэты крэдыт рэалізаваць», — лічыць экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG