Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падумала, можа, не заб’юць?» — якога кандыдата падтрымала на выбарах Сьвятлана Алексіевіч


Натальля Ільлініч на двары школы, у якой прапрацавала 25 гадоў. Яе звольнілі ў 2011-м. Сёлета школу ў Тальцы зачыняюць назаўжды
Натальля Ільлініч на двары школы, у якой прапрацавала 25 гадоў. Яе звольнілі ў 2011-м. Сёлета школу ў Тальцы зачыняюць назаўжды

«Мама, яны заб’юць цябе! Яны спаляць нам хату!» — дарослая дачка Натальлі з Талькі супраць таго, каб маці ішла кандыдатам у дэпутаты.

Сама Натальля Ільлініч, настаўніца гісторыі з 25-гадовым стажам, краязнаўца, «бээнэфаўка», у выбарчую кампанію застрахавала сваё жыцьцё, вясковую хату і карову. У яе ініцыятыўную групу ўвайшла нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Алексіевіч мне сказала: «Калі ў вас ня будзе грошай, я вам заўсёды дапамагу»

Натальля сустракае нас каля сваёй хаты ў вёсцы Талька ў Пухавіцкім раёне. Зграбная жанчына ў прыгожай сукенцы мае непаўторнае беларускае вымаўленьне зь пяшчотна-мяккімі зычнымі. Тут у Натальлі гаспадарка: дом з асобным пакоем для агратурыстаў, участак, шчанё Барсік, некалькі прыблудных катоў і карова — галоўная карміцелька.

З каровы, як піша незалежная прэса, пачалася перадвыбарчая кампанія Ільлініч. Нядаўна машына зьбіла яе цяля. Раённае ДПС аштрафавала яе на 5 базавых за тое, што «пакінула жывёлу на дарозе». Натальля сама была пры здарэньні і падазрае, што яно было падстроена. Кажа, што кіроўца, які патрабаваў ад яе 20 мільёнаў за пашкоджаную машыну, і начальнік у ДАІ гаварылі зь ёю аднымі словамі.

«Начальнік казаў: „Гэта дарога не для вашых жывёлін, а для аўтамабіляў“. А мы кажам — а дзе ж нам ганяць сваіх кароў? — „Ганяйце сьцежкамі, у хляве трымайце, агародамі“, — распавядае Натальля. — І яшчэ мне кажа пра цяля: „Вы мусілі яго трымаць на павадку“. Ну як я яго буду трымаць на павадку?!»

Пра выпадак з забойствам цяляці напісала «Народная Воля»
Пра выпадак з забойствам цяляці напісала «Народная Воля»

Уся вёска Талька на 350 чалавек, шмат дамоў ужо пайшлі пад дачы. Некалькі гадоў таму тут закрылі сельсавет, а сёлета закрыюць і сярэднюю школу. Тую самую, зь якой Натальлю звольнілі ў 2011 годзе. Гэтая гісторыя зрабіла настаўніцу з Талькі знакамітай на ўсю Беларусь.

«Калі ў 2009-м ліквідавалі сельсавет, мы тады пісалі пратэст, зьбіралі подпісы. З гэтага пачаўся ціск на мяне, можна сказаць, што і да звальненьня прывяло, — распавядае Натальля. — Мы тады сталі гаварыць з нашымі дэпутатамі. Яны кажуць: нам далі загад зьверху, змагацца няма сэнсу. Мы напісалі заяву, каб адклікаць гэтых дэпутатаў. Яе падпісалі чалавек 5, усе пэнсіянэры, адна я працуючая. Пасьля гэтага дырэктара школы выклікала намесьніца па ідэалёгіі і загадала са мной кантракт не працягваць».

19 сьнежня 2010 Натальля была на плошчы ў Менску, а ў студзені дахаты прыйшлі з вобшукам.

«Сказалі, шукаюць наркотыкі і зброю. Перапалохалі ўсіх суседзяў, назвалі панятымі, забралі кампутар. Пасьля гэтага дырэктар згадала, што ў мяне кантракт сканчаецца, — кажа Натальля.

Увагу да сваёй асобы як да ўдзельніцы Плошчы тлумачыць проста: «У Пухавіцкім раёне такіх, можа, пяць чалавек было. А можа, і меней. Да таго ж ня ў кожным раёне ёсьць КДБ. А ў Пухавіцкім ёсьць. Ім жа праца трэба».

На працу Натальлю па-ранейшаму нідзе не бяруць, але зарабляе яна ўжо больш, чым у школе. Галоўны ўнёсак у бюджэт робіць карова. «У мяне добрая карова. Па 25–30 літраў малака дае. А літар 10 тысяч каштуе»
На працу Натальлю па-ранейшаму нідзе не бяруць, але зарабляе яна ўжо больш, чым у школе. Галоўны ўнёсак у бюджэт робіць карова. «У мяне добрая карова. Па 25–30 літраў малака дае. А літар 10 тысяч каштуе»

У часе вобшуку ў Натальлі забралі кампутар. Пасьля яго вярнулі, а вось на працы яна спрабавала ўзнавіцца праз суд. Суд адмовіў. Дырэктарку школы Натальлю Меркуль і судзьдзю Сьвятлану Акуліч, якія былі датычныя да таго, што Натальля засталася бяз працы, у 2011-м унесьлі ў «чорны сьпіс Эўразьвязу». Праз пару гадоў сьпіс скасавалі.

Сярод людзей, якія пісалі Натальлі лісты падтрымкі і дапамагалі грашыма, была і Сьвятлана Алексіевіч.

Адзіная кніга з подпісам Алексіевіч, якую Натальля знайшла ў сваёй вялікай бібліятэцы. Усе іншыя раздала чытаць іншым.
Адзіная кніга з подпісам Алексіевіч, якую Натальля знайшла ў сваёй вялікай бібліятэцы. Усе іншыя раздала чытаць іншым.

«Яна мне напісала харошы ліст, кніжкі свае ўсе прыслала. І грошы мне прыслала. І мы з тых часоў зь ёю тэлефануемся. Я, бывае, прыяжджаю да яе. Яна мне таксама сказала: „Калі ў вас ня будзе грошай, я вам заўсёды дапамагу“. Гэта так важна — сказаць чалавеку такое. Адзін раз у мяне была такая сытуацыя за пяць гадоў, — распавядае Натальля. — Калі я наважылася пайсьці на выбары ў парлямэнт, параілася таксама з Алексіевіч».

Натальля — вядомы краязнаўца, напісала кнігу «Талька і навакольлі», мае ўласны сайт talka. info/
Натальля — вядомы краязнаўца, напісала кнігу «Талька і навакольлі», мае ўласны сайт talka. info/

«Яна кажа: „Канечне, паспрабуй“. Падтрымала мяне. Вядома, на пікет яна не прыедзе, але, можа, прыедзе на сустрэчу з выбарцамі ў час агітацыі ў Мар’іну горку», — кажа Натальля.

«Заўжды бээнэфаўкай называлі»

Натальля сама яшчэ ня пэўная, ці правільна зрабіла, распачаўшы сёлетнюю кампанію:

«Большасьць сяброў не падтрымалі мяне, не ўвайшлі ў ініцыятыўную групу. Сказалі, што гэтага рабіць ня трэба, — тлумачыць яна. — Чаму? Таму што гэта як гуляць з напарстачнікамі. Усё роўна яны цябе абыграюць. А калі ты выйграеш, яны цябе заб’юць. А я падумала: можа, не заб’юць, — тут Натальля ўсьміхаецца і сваё рашэньне тлумачыць так: — Хаця б проста паказаць, што мы яшчэ ёсьць. Каб сьведчыць пра беларушчыну».

Гісторыя пра «заб’юць» у Пухавіцкім раёне зьявілася не на пустым месцы. У 2009 годзе ў Мар’інай горцы загінуў грамадзкі актывіст Валянцін Доўнар, які распаўсюджваў незалежныя газэты. Міліцыя знайшла яго каля кінатэатру «Кастрычнік» з прабітай галавой.

«Я ўпэўненая, што гэта было забойства. Ён ім быў як бяльмо на вачах, — кажа Натальля. — Нашы хлопцы-бээнэфаўцы тую магілу капалі. Пасьля гэтага ўсё ў нас стала дрэнна. Усе людзі, што былі ў БНФ, ніхто мяне не падтрымаў, бо яны проста баяцца, помняць гэтае забойства».

На парлямэнцкія выбары Натальля ідзе ад БНФ. Сябрам партыі стала некалькі гадоў таму, хоць яе саму тут заўжды называлі «бээнэфаўкай».

«Я людзей клічу не на выбары, а на назіраньне, каб ня скралі нашы галасы», — кажа Натальля
«Я людзей клічу не на выбары, а на назіраньне, каб ня скралі нашы галасы», — кажа Натальля

«За мову. напэўна, — сьмяецца яна. — Але фармальна я ўступіла, як мяне гнаць са школы сталі. Недзе 2009 год. Думаю, трэба хоць уступіць, раз называюць. Калі б правячая партыя была, то я б, можа, і не ўступала. А так „бітая“ ж — трэба падтрымаць».

Пра мясцовыя праблемы Натальля распавядае шчыра і зь веданьнем справы. Кажа, што ў Тальцы няма вады ў калодзежах і на ўсю вёску адна калёнка каля вакзалу.

«Пісалі просьбу, каб нам дапамаглі хаця б па адной калёнцы на кожнай вуліцы зрабіць. Адказ нам далі, што грошай у бюджэце няма. Рабіце гэта самі. Людзі гэтым незадаволеныя, бо грошай жа ў нас няма», — кажа яна.

Распавядае, як у Мар’інай Горцы пабудавалі нязручны мост праз чыгунку, на які не ўзабрацца з вазком. «Ліфт там толькі з аднаго боку ёсьць. І інвалід сеў у гэты ліфт і захрас, — кажа яна. — І людзі баяцца гэтага ліфта. А новы ж мост ужо ня будуць будаваць».

Але калі запытацца ў Натальлі, чаго яна будзе дабівацца як дэпутат і пра што кажа людзям на пікетах, яна адказвае так:

«Трэба зьмяніць выбарчае заканадаўства, каб у камісіях былі прадстаўнікі кандыдатаў, каб не было датэрміновага галасаваньня. Каб лічылі галасы, паказвалі кожны бюлетэнь. Калі будуць свабодныя выбары, то ўсё астатняе таксама будзе, — упэўнена кажа яна. — Спрыяць, каб была свабода слова. Вы ж разумееце, што гэта будзе апошняе, на што пагодзіцца цяперашні правіцель. Так што ўсё ўпіраецца ў адну праблему».

Я гляджу тэлевізар, выходжу на вуліцу, і мне падаецца, што я перайшоў мяжу! Я трапіў у Гандурас!

— Колькі вы подпісаў сабралі? — пытаюся я, калі мы, паразмаўляўшы ў хаце, едзем на пікет у Сьвіслач. Гэта апошні тыдзень, калі можна зьбіраць подпісы ў падтрымку кандыдата. Дакумэнты для рэгістрацыі трэба адправіць у акружную выбарчую камісію да 1 жніўня.

— Я нават ня ведаю, бо іх зьбірае некалькі чалавек, — адказвае яна. — Але ж гэта не галоўнае. Галоўнае — заявіць пра сябе, паказаць, што мы ёсьць, — паўтарае яна яшчэ раз.

У Сьвіслачы пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам разьмяшчаецца каля прыпынку. Тут крама, а пад дахам прыпынку можна хавацца ад дажджу.

Галоўны канкурэнт Натальлі па акрузе — дзейны дэпутат і генэрал-маёр Валер Гайдукевіч . Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў, у Палаце Гайдукевіч узначальвае камісію па нацыянальнай бясьпецы. Ён таксама старшынюе ў аб’яднаньні «Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане» і кіруе Беларускай арганізацыяй кікбоксінгу і тайскага боксу.

«Гэта ж не мая партыя завяла краіну ў тупік»
«Гэта ж не мая партыя завяла краіну ў тупік»

«А ў Гайдукевіча ёсьць пікеты?» — пытаюся я.

— А навошта яму пікеты? Яму напішуць лічбу, якую загадаюць, — кажа Натальля і тлумачыць, якія ў яе перавагі перад «кандыдатам ад улады»:

«Гэта ж не мая партыя завяла краіну ў такі тупік, у такое жыцьцё, у якім мы сёньня знаходзімся. Гэта яны завялі. Калі б ён прыйшоў на пікет, то я ўяўляю, якімі б словамі... Людзі ўладу гэтую ня любяць, вельмі хочуць перамен».

Пікет у Сьвіслачы праходзіць сьціпла. Апроч Натальлі, у ім удзельнічаюць два яе паплечнікі — сацыял-дэмакрат з Мар’інай Горкі Мікалай Усьціменка і камуніст-калякінец Сяргей Абразоўскі.

У абодвух вялікі стаж пратэстнай барацьбы. Мікалай Усьціменка, якога свае называюць проста Андрэіч, кажа, што стаяў ля вытокаў стварэньня сацыял-дэмакратыі разам з Ткачовым. Абразоўскі ў свой час быў намесьнікам дырэктара заводу горнага воску ў Сьвіслачы, а пазьней узначаліў пратэсты супраць пабудовы тут хімічнага камбінату.

«Натальля Валянцінаўна вельмі адважны чалавек. Мой даўні паплечнік па справе. Мы дзесяцігодзьдзямі ішлі побач, — кажа Мікалай Андрэіч. — Мы павінны быць ёй удзячныя за мужнасьць. Ня кожны можа прыйсьці да людзей і сказаць, што Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай. Людзі страцілі веру, што можа нешта адбыцца такое. Матэрыяльны рэсурс яшчэ нейкі ёсьць, і ён іх падтрымлівае, хутчэй за ўсё».

Мікалай Усьціменка любіць пажартаваць: «Мы аднойчы з Натальляй зьбіралі подпісы, і ў пад’езьдзе не было сьвятла. Я ступіў і парваў ахілава сухажыльле на левай назе. І каб я і хацеў пра яе забыцца, то ўжо нага не дае»
Мікалай Усьціменка любіць пажартаваць: «Мы аднойчы з Натальляй зьбіралі подпісы, і ў пад’езьдзе не было сьвятла. Я ступіў і парваў ахілава сухажыльле на левай назе. І каб я і хацеў пра яе забыцца, то ўжо нага не дае»

На бел-чырвона-белы сьцяг жыхары Сьвіслачы рэагуюць зь цікавасьцю. Першым да пікету падыходзіць малады чалавек яўна нападпітку і адразу чапляецца да сьцяга.

«Мы заўжды былі за Савецкі Саюз! Мой сьцяг — звычайны беларускі! Мой дзед партызаніў, яны немцам адсюль нагой пад задніцу давалі, — з запалам кажа ён, амаль абдымаючы Андрэіча. Высьвятляецца, што Ўсьціменка гадоў 30 таму быў ягоным трэнэрам па лёгкай атлетыцы.

«Вы мая калега, я таксама настаўнік»
«Вы мая калега, я таксама настаўнік»

— Трэба схуднець табе, — кажа Ўсьціменка — Ты ж такі стройны хлопчык быў. Як здароўе тваё? Пайшлі ўбок, пагаворым.

— Па пяцьдзясят? — хутка прапаноўвае хлапец.

Першым падпісантам Натальлі аказваецца мэтанакіраваны малады чалавек, які адмыслова прыпыняе аўтамабіль, каб паставіць за яе подпіс.

Бел-чырвона-белы сьцяг гарантуе ўвагу да пікета
Бел-чырвона-белы сьцяг гарантуе ўвагу да пікета

«Я не за гэтага канкрэтнага кандыдата падпісваюся, — кажа ён. — Мяне не задавальняе тое, што ў нас цяпер тут адбываецца. Абыякавае стаўленьне да чалавека. Прыходзіш да ўлады, а табе абяцаюць, „завтраками кормят“ штодня. Як з гэтым змагацца? Трэба нешта мяняць».

Яшчэ маладзейшы хлапец па дарозе з крамы ліха падпісваецца за Натальлю і з надрывам тлумачыць свой выбар:

«Я супраць Лукашэнкі. Хопіць! Чаго ён добрага зрабіў краіне? Ну вось што?! Вайны ў нас няма? А з кім нам ваяваць? Каму мы трэба? Хто нас будзе заваёўваць? Каб пазыкі за нас аддаваць? Што ён зрабіў? Уся нармальная моладзь зьбягае з краіны. Няма пэрспэктываў. Я сам на маскоўскай фірме працую, бо ў Беларусі працы няма!» — амаль крычыць ён, сыходзячы зь пікета.

Сяргей Абразоўскі: «Няпраўда, людзі добра жывуць, добра зарабляюць, і зьмены ім ня трэба. Вы ж бачыце — няма подпісаў, няма зьменаў. Кожны народ мае той урад, якога заслугоўвае... Час пакажа, наколькі наш народ гатовы да пераменаў у Пухавіцкім раёне»
Сяргей Абразоўскі: «Няпраўда, людзі добра жывуць, добра зарабляюць, і зьмены ім ня трэба. Вы ж бачыце — няма подпісаў, няма зьменаў. Кожны народ мае той урад, якога заслугоўвае... Час пакажа, наколькі наш народ гатовы да пераменаў у Пухавіцкім раёне»

«Просты савецкі муляр», ставячы подпіс, пытаецца: «Дзе наша інтэлігенцыя? Дзе нашы студэнты? Дзе нашы прафэсары, акадэмікі, генэралы, чорт вазьмі!»

«Вось ён ва ўладзе колькі? Больш за дваццаць год, — разважае „просты муляр“. — Вось па тэлебачаньні ўсё цудоўна. Але я стаў жыць яшчэ горш. Чаму так?! Я гляджу тэлевізар, выходжу на вуліцу, і мне падаецца, што я перайшоў мяжу! Я трапіў у Гандурас, чорт вазьмі, мне ня хочацца выходзіць на вуліцу!»

Беларускамоўная дзяўчына спачатку пытаецца, ці няма на пікеце камэраў, а пасьля падпісваецца за Ільлініч і абяцае «прыслаць сябровак».

Пры канцы пікета ля яго спыняецца сталая спадарыня, доўга разглядае бел-чырвона-белы сьцяг і кажа:

«Усё гэта пустое! Беларусі ня будзе праз 30–50 гадоў, яе парвуць на кавалкі, а вы кажаце!»

— Ведаеце такі кліч — «Жыве Беларусь»? — жыва пытаецца Ўсьціменка.

— Анэкдот! — упэўнена рэагуе жанчына. — Вы думаеце, вы тут пройдзеце? Вас затопчуць! Я буду галасаваць толькі ў адным выпадку — калі Гарадзенская і Берасьцейская вобласьці адыдуць да Эўропы! — заяўляе яна і сыходзіць.

За пару гадзін Натальля Ільлініч на нашых вачах зьбірае ў Сьвіслачы 5 подпісаў.

«Нешта трэба рабіць. Мне ўжо можна не баяцца працу страціць. Я ўжо з 8 ліпеня пэнсіянэрка. Дачка ўжо мая вырасла. Калі са мной нешта здарыцца, яна пражыве безь мяне. Паспрабуем. Гэтага я яшчэ не спрабавала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG