Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў дэпутаты ад Партыі БНФ «зробяць усё па-іншаму, зробяць усё лепш»


На зьездзе БНФ сёньня зацьвердзілі 72 патэнцыйныя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня. У Гарадзенскай вобласьці партыйныя актывісты закрылі ўсе без выключэньня акругі. Тут, у прыватнасьці, зьбіраюцца балятавацца такія вядомыя людзі, як доктар Іван Шэга і краязнаўца Станіслаў Суднік.

У іншых рэгіёнах таксама вылучаныя вядомыя асобы. Сярод іх, напрыклад, два былыя кандыдаты на прэзыдэнта — Рыгор Кастусёў, які пойдзе на выбары ў Шклове, і Аляксей Міхалевіч, які балятуецца ў Менску. У сталіцы будзе ўдзельнічаць у выбарах старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

У Менскай вобласьці вылучаная былая настаўніца Натальля Ільініч, якая пацярпела ад уладаў за прыналежнасьць да Партыі БНФ. Сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы нямала прадпрымальнікаў: Алесь Таўстыка, Віктар Дашкевіч, Мікалай Чарнавус. З апошнім спачатку адбылася невялікая замінка. Дэлегат зьезду Ўладзімер Падгол заявіў, што чытаў пра тое, што Мікалай Чарнавус ужо вылучаны ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Аднак высьветлілася, што гаворка ідзе пра сына спадара Чарнавуса, які мае аднолькавыя з бацькам імя і прозьвішча. Дарэчы філёзаф паводле адукацыі, а цяпер пэнсіянэр Падгол ідзе ў дэпутаты па той жа самай акрузе, дзе ўжо зьбіраюць подпісы сьпявачка Ірына Дарафеева і эканаміст Віктар Цярэшчанка.

Магчыма, самым сталым па ўзросьце з усіх кандыдатаў у дэпутаты будзе 77 — гадовы сьвятар Леанід Акуловіч. Ён вылучаны кандыдатам па Грушаўскай выбарчай акрузе ў Менску.

Дэлегаты зьезду зацьвердзілі таксама партыйную выбарчую плятформу. Яна ўключае ў сябе каля 20 разьдзелаў. Галоўны слоган праграмы — «Мы зробім па-іншаму! Мы ўсё зробім лепш!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG