Зь меркаваньняў бясьпекі Армэнія спыніла эўраінтэграцыйныя працэсы ды зрабіла выбар на карысьць прарасейскага вэктару разьвіцьця. Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў кіраўнік «Цэнтру рэгіянальных дасьледаваньняў» (Ерэван) Мікаэль Залян, які сёньня ўзяў удзел у дыскусіі аб праграме «Ўсходняга партнэрства» ў рамках «Менскага дыялёгу».
Паводле армянскага экспэрта, дачыненьні Ерэвану з Эўразьвязам падзяляюцца на два пэрыяды — да і пасьля верасьня 2013 году, калі Армэнія была «адным зь лідэраў „Усходняга партнэрства“».
«Вяліся перамовы аб далучэньні Армэніі да зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам, Ерэван актыўна кантактаваў з Брусэлем. І раптам нечаканае для многіх рашэньне кіраўніцтва краіны аб далучэньні краіны да Мытнага саюзу, які пасьля перарос у Эўразійскі эканамічны саюз», — кажа Залян.
Ён адзначае, што ў Армэніі дагэтуль не сьціхаюць дыскусіі аб правільнасьці таго рашэньня.
«Адназначна можна казаць: Армэнію прымусілі зрабіць такі выбар. На першы плян выйшла бясьпека краіны, якую, як былі ўпэўненыя ў Ерэване, магла гарантаваць толькі Расея. Эканамічныя разьлікі проста адкінулі ўбок», — кажа Мікаэль Залян.
Па словах экспэрта, вынікі гэтага рашэньня ўжо адчуваюцца: эканамічнае становішча пагаршаецца, пра зону свабоднага гандлю з Эўразьвязам размовы ўжо няма, бо нельга быць адначасова і ў ёй, і ў Эўразійскім эканамічным саюзе.
«У Армэніі ўсё больш і больш разумеюць, як гэта дрэнна, калі цябе вымушаюць зрабіць выбар: альбо на карысьць Брусэля, альбо на карысьць Масквы. Адзінае, што дае пэўную надзею, — гэта выказваньне кіраўнікоў Эўракамісіі, што Брусэль не зьбіраецца канчаткова сыходзіць з Армэніі. І ў гэтым вялікі плюс менавіта „Ўсходняга партнэрства“», — перакананы Мікаэль Залян.