Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Школьныя падручнікі спаліць, а настаўнікам наладзіць пераатэстацыю», — як вярнуць аўтарытэт адукацыі


«Трэба не перапісваць-удасканальваць падручнікі, а ўзяць іх і спаліць. Пасьля гэтага запрасіць адмыслоўцаў з Эўропы, правесьці пераатэстацыю нашых пэдагогаў і ствараць сыстэму адукацыі з нуля. Бо тое, што ёсьць, — гэта нават ня нуль, гэта мінус», — бацькі школьнікаў пра меркаваныя зьмены ў адукацыйны працэс.

«У нашай школе цяжка шасьцігодкам, ня кажучы пра пяцігадовых»

Да 1 ліпеня ў Палату прадстаўнікоў мяркуецца ўнесьці новую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі. Паводле нядаўна прызначанага міністра адукацыі Ігара Карпенкі, дэпутатам новага скліканьня ўжо накіраваныя некаторыя «рэвалюцыйныя навацыі», каб яны змаглі іх ацаніць перад разглядам у першым чытаньні на восеньскай сэсіі.

Асобныя новаўводзіны ўжо атрымалі шырокі грамадзкі розгалас. Напрыклад, бацькам будзе дазволена выпраўляць дзяцей у 1 клясу з 5 гадоў. Раней абавязковым патрабаваньнем было дасягненьне 6-гадовага ўзросту.

Пры гэтым напаўняльнасьць клясаў павялічыцца да 30 чалавек. Цяпер гэтая норма абмяжоўваецца ў школах 25 вучнямі, у ліцэях і гімназіях — двума дзясяткамі. Падчас вывучэньня замежнай мовы, інфарматыкі, лябараторных і практычных заняткаў прадугледжваецца дзяленьне клясаў на групы, каб захаваць індывідуальны падыход. Зрэшты, такая практыка існавала і дагэтуль.

Актыўна прасоўваецца ідэя вяртаньня вучэбнай суботы. Яе мяркуецца насыціць найперш факультатывамі і працоўнымі дысцыплінамі. Дадатковыя заняткі распаўсюдзяць ня толькі на выпускнікоў, а на ўсіх, пачынаючы ад 5-й клясы. Выключэньне — пачаткоўцы, яны ў выходны па-ранейшаму будуць адпачываць.

Міністэрства адукацыі прапануе скараціць колькасьць некаторых відаў установаў: вечаровыя школы, вучэбна-вытворчыя камбінаты, а таксама ўстановы кшталту «дзіцячы сад-школа».

У шматдзетнай маці Тацяны Гацуры трое дзяцей ужо вучацца, чацьвёртаму сёлета ў траўні спаўняецца 5 гадоў. То бок фармальна Данік мае права ісьці ў школу. А ці гатовыя да экспэрымэнту самі бацькі?

«Тое, што з дазволу бацькоў можна будзе ісьці ў школу з 5-гадовага ўзросту — у прынцыпе добра. Думаю, шмат хто гэтым скарыстаецца. Але дзякуй богу, што гэта не абавязак, а толькі ўласнае жаданьне. Асабіста я абсалютна не гатовая аддаць сваё дзіця так рана. Лічу, што гэта няправільна. Тым больш калі гаворка пра тую сыстэму адукацыі, якая існуе ў Беларусі — дзе няма індывідуальнага падыходу, дзе настаўнікі больш загружаныя бюракратычнымі функцыямі, чым працай зь дзецьмі. Як на маё перакананьне, для дзіцяці вельмі кепска трапіць у падобнае асяродзьдзе. Які б ні быў добры настаўнік, у такім вялікім калектыве ён ня зможа аддаць патрэбную ўвагу кожнаму вучню. Нават у шэсьць гадоў школьніку складана адаптавацца ў нашай сыстэме адукацыі, ня кажучы пра пяць».

Тацяна Гацура з сынам Данілам
Тацяна Гацура з сынам Данілам

Тацяна Гацура кажа, што нягледзячы на здольнасьці свайго малодшага сына, які ў чатыры гады чытае і лічыць, яна за тое, каб навучаць яго паводле індывідуальнага пляну.

Між тым такая норма на заканадаўчым узроўні не прапісаная, хоць у ранейшых рэдакцыях Кодэксу аб адукацыі магчымасьць нефармальнага навучаньня прынамсі не забаранялася.

«Ад стварэньня сьвету за выхаваньне дзяцей адказныя бацькі»

Пастар Антоні Бокун — актыўны прапагандыст хатняга навучаньня. З уласнага досьведу лічыць, што бацькі без праблемаў могуць даць сваім дзецям усе патрэбныя навыкі. Пацьверджаньнем — усё большая колькасьць сем’яў, якія абыходзяцца бяз школы. Праўда, у старэйшым узросьце да школьнай сям’і далучыцца ўсё ж давядзецца, інакш атрымаць атэстат папросту немагчыма. На яго перакананьне, альтэрнатыўная магчымасьць павінна быць узаконеная раз і назаўсёды:

«Наогул, пытаньне адукацыі — справа найперш бацькоў. Дзяржава ў гэтым працэсе толькі дапамагае, а не наадварот. Безумоўна, гэты момант павінен быць улічаны. Па вялікім рахунку, дзяржаўная адукацыя — гэта вынаходка ХХ стагодзьдзя. У большасьці краін сьвету школы да гэтага часу — ініцыятыва збольшага грамадзкая, недзяржаўная, хіба што ў нашай частцы сьвету дзяржава мае занадта вялікую ролю ў гэтым працэсе. Таму сама ідэя адукацыі і наяўнасьць такой магчымасьці дае сыгнал пра тое, каб не забыць галоўнае — ад стварэньня сьвету за выхаваньне дзяцей адказныя бацькі, гэта іх самая першая адказнасьць. Іншымі словамі, хочуць яны знайсьці добрую школу, добрых настаўнікаў ці вучыць самі — гэта іх прэрагатыва, іх законнае права».

Насьцярожвае бацькоў жаданьне адукацыйнага ведамства яшчэ больш «разьдзьмуць» клясы. Тацяна Гацура, чые дзеці ў старэйшых клясах перакачоўваюць з заідэалягізаванай дзяржаўнай сфэры ў нацыянальна арыентаваны Коласаўскі ліцэй, кажа: калі настаўніку складана наладзіць належны кантроль за двума дзясяткамі вучняў, то зь лішнім дзясяткам будзе толькі горш. Нездарма ўжо цяпер рэпэтытараў замаўляюць не выпускнікам, а нават у сярэдніх клясах:

Гэта проста нонсэнс, што ўжо ў сярэдніх клясах запатрабаваныя рэпэтытары

«Нават ня ведаю, як гэта абмяркоўваць. Чаму тады не 50, а ўсяго 30, навошта нейкія абмежаваньні? Вынікам стане тое, што вучні яшчэ больш будуць аддадзеныя на саміх сабе, а тлумачыць заданьні давядзецца дома. Ужо ёсьць рэпэтытары для дзяцей з 5-й клясы. То бок — не засвойваюць матэрыял на ўроку, патрэбны дадатковыя заняткі. Гэта проста нонсэнс, што ўжо ў сярэдніх клясах запатрабаваныя рэпэтытары. Таму ўзбуйненьне адрэзануе найперш на бацьках — тое, што мусіць рабіць настаўнік, ляжа на іх ці на нанятых імі рэпэтытараў. Наадварот, трэба ісьці ў бок зьмяншэньня, індывідуальнага падыходу, каб адштурхоўвацца ад здольнасьцяў, разьвіваць тое, што дзецям больш цікава і да чаго яны маюць схільнасьці. А не шыхтаваць усіх агулам, 30 чалавек. Ня ведаю, які чалавек у здаровым розуме можа лічыць, што гэта навацыя, што гэта добра для дзяцей».

Неадназначную рэакцыю выклікаў намер правесьці чарговую рэформу падручнікаў — да 2020 году плянуецца цалкам забясьпечыць сыстэму сярэдняй адукацыі новымі дапаможнікамі.

Калі ўлічыць, што працоўная біяграфія таварыша Карпенкі зьвязаная перадусім з ідэалягічнай дзейнасьцю — ён прайшоў усе прыступкі камсамольскай і партыйнай кар’еры, аж да першага сакратара кампартыі Беларусі, — непакоіць, што можа ўзмацніцца ўхіл у бок савецкага пэрыяду. Да таго ж сам міністар, народжаны ў Расеі, не валодае беларускай мовай.

Тым ня меней Ігар Карпенка заклапаціўся, ці сапраўды справядліва адбываецца конкурсны адбор аўтараў вучэбных кніг, ці задзейнічаныя ў сыстэме рэцэнзаваньня пэдагогі-практыкі.

Дарэчы, летась ужо агучвалася прапанова ўвесьці ў Беларусі і Расеі адзіны падручнік гісторыі. На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў 17 лістапада мінулага году, адказваючы на пытаньне аднаго з удзельнікаў прэс-туру, Аляксандар Лукашэнка сказаў: перш чым дапаможнік будзе ўведзены, прэзыдэнт павінен асабіста пазнаёміцца зь яго зьместам.

«Падручнікі настолькі кепскія, што зрабіць іх горшымі немагчыма»

Вось якой думкі пра перапісваньне школьных падручнікаў Крысьціна Вітушка — актыўная ўдзельніца працы бацькоўскай рады ў 23-й гімназіі Менску:

«Адносна хваляваньня, ці пагоршацца падручнікі. Ведаеце, яны настолькі кепскія, што зрабіць іх горшымі ўжо немагчыма. Гэта жудасна, што там панапісвана і паводле зьместу, і па сутнасьці, і граматычна, і як змакетавана. Напрыклад, падручнікі па гісторыі. Гэта не гісторыя, гэта вэрсія постсавецкіх камуністаў, якая да гісторыі ня мае ніякага дачыненьня. Таксама незразумела, навошта так падрабязна вывучаць творы па рускай літаратуры, вучыць на памяць „Русь наша мать“, калі яна нам максымум суседка? Па беларускай, зноў жа, акцэнт робіцца на сялянскую, пакутніцкую, малазразумелую тэматыку; упор на вайну. Па сутнасьці, трэба не перапісваць, а ўзяць усё і спаліць. Запрасіць адмыслоўцаў з Эўропы, правесьці пераатэстацыю нашых пэдагогаў і сыстэму адукацыі ствараць з нуля. Бо тое, што ёсьць, — гэта нават ня нуль, гэта мінус».

Актывістка бацькоўскай рады Крысьціна Вітушка
Актывістка бацькоўскай рады Крысьціна Вітушка

Ня выключана, што з улікам асабістых пажаданьняў кіраўніка краіны найперш будуць зьмененыя школьныя праграмы па дакладных навуках. Невядома, ці кансультуецца наконт гэтага Аляксандар Лукашэнка ў свайго 12-гадовага сына Мікалая, але летась ён нечакана заявіў, што задача абнаўленьня падручнікаў павінна быць адраснай.

На яго перакананьне, матэматыку, фізыку ды іншыя прадметы неабходна спрасьціць такім чынам, каб дзеці атрымлівалі той аб’ём ведаў, які яны здольныя засвоіць. «Ня трэба ў школах рабіць студэнтаў матэматычных ВНУ», — сказаў Лукашэнка, наракаючы, што нават бацькі, якія ў свой час добра вучыліся, ня могуць разабрацца ў задачах цяперашняй школьнай праграмы.

Таксама ён прапаноўваў разгледзець у Палаце прадстаўнікоў пытаньне пра тое, каб школьныя заняткі пачыналіся не а 8-й, а на гадзіну пазьней. Лукашэнка ўпэўнены, што нічога ня здарыцца, калі графік пасунуць крыху наперад, затое лішняя гадзіна сну для дзіцяці — «вялікая і патрэбная справа».

Неабходнасьць зьменаў у Кодэкс аб адукацыі ўзору 2010 году ў немалой ступені выклікала гатовасьць Беларусі далучыцца да так званага Балёнскага працэсу — набліжэньня нацыянальных сыстэм адукацыі да агульнаэўрапейскіх стандартаў.

Менавіта стан вышэйшай адукацыі ў Беларусі цяпер выклікае найбольшыя нараканьні ў партнэраў па Балёнскім працэсе — у беларускіх ВНУ практычна няма інстытуту самакіраваньня, усё жыцьцё ўстановы падпарадкаванае ведамасным нарматывам. Як вынік, студэнтаў прымушаюць датэрмінова галасаваць, зганяюць на прапагандысцкія канцэртныя ды спартовыя шоў, а любая праява іншадумства ці палітычнай сымпатыі заканчваецца адлічэньнем.

Ці дастаткова зроблена ў сфэры рэфармаваньня вышэйшай адукацыі — стане зразумела неўзабаве: графік выкананьня пунктаў «дарожнай карты» для Беларусі будзе разгледжаны грамадзкім Балёнскім камітэтам праз паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG