Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаваць 4 тэсты замест 3, сэртыфікат дзейны два гады: Лукашэнка зьмяніў правілы прыёму ў ВНУ

абноўлена

У Беларусі зьмяняюцца правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спэцыяльныя ўстановы адукацыі. Указ аб зьменах падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Цяпер:

— замест трох тэстаў у час цэнтралізаванага тэставаньня можна будзе здаваць чатыры;

— сэртыфікаты тэстаў будуць дзейнічаць не адзін год, а два (будуць сапраўдныя ў наступны навучальны год);

— можна будзе ладзіць да трох рэзэрвовых дзён тэстаў (для тых, хто ня змог здаць тэст у асноўны дзень з уважлівай прычыны) замест цяперашняга аднаго дня;

— выпускнікі пэдагагічных клясаў будуць паступаць на дзённае бясплатнае навучаньне ў ВНУ па выніках гутаркі, але будуць вымушаныя адпрацаваць па разьмеркаваньні ня меней за 5 гадоў;

— пры паступленьні ў ВНУ на сельскагаспадарчыя спэцыяльнасьці на скарочаны тэрмін навучаньня будуць два іспыты па дысцыплінах з навучальнага пляну ўстаноў сярэдняй спэцыяльнай адукацыі (што за іспыты, вызначае ВНУ).

Таксама паведамляецца, што ўказам «удакладнены асобныя працэдурныя і тэхнічныя пытаньні прыёмнай кампаніі», але ў чым удакладненьні, яшчэ невядома, бо поўны тэкст указу пакуль не апублікаваны.

Тым часам Міністэрства адукацыі рыхтуе чарговую рэформу, якая будзе тычыцца мэханізму кантролю ведаў выпускнікоў 9-х і 11-х клясаў. Рэформа закране два аспэкты правядзеньня выпускных іспытаў у школах: прымаць іх будзе незалежная камісія, а ў сам экзамэн дададуць частку, скіраваную на паступленьне ў ВНУ. Але рэформа, як кажа экспэрт, «пачынаецца з канца».

«Гэтага недастаткова», — Тамара Мацкевіч

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч кажа Свабодзе, што камэнтаваць указ цяжка бяз поўнага тэксту, але агучаныя зьмены добрыя, хоць і недастатковыя:

«Гэта зрухі, якія сапраўды могуць паменшыць стрэс, даць больш шырокі выбар нашым дзецям. Але гэтага недастаткова. Трэба мяняць тэсты, мяняць іх зьмест, каб правяраліся ня толькі акадэмічныя веды, а больш шырокі спэктар: уменьні, каштоўнасьці, гатоўнасьць і здольнасьць вучыцца… Для першага кроку добра, але пара разьвівацца далей.

Я супраць сумоўя і вусных іспытаў — яны зноў вернуць карупцыю ў нашы адукацыйныя ўстановы. Ёсьць добра распрацаваныя тэсты, што маюць ня толькі часткі A i B, але і частку C, дзе даюцца творчыя заданьні. Яны правяраюць і лёгіку, і эрудыцыю, і ўменьні аналізаваць і прагназаваць. Гэта ўсё распрацавана ў сьвеце — адзінае, што да нас гэта ўсё не прыйшло».

Мацкевіч ставіцца вельмі нэгатыўна да іншых зьменаў у правілы паступленьня — тых, што тычацца пэдагагічных спэцыяльнасьцяў:

«Безумоўна, тое, што ў нас пэдагагічныя ВНУ набіралі людзей, якія не змаглі паступіць у іншыя ўстановы, гэта вельмі кепска. Ня можа быць горшай адукацыі, чым тая, дзе няякасныя пэдагогі і няякасныя кіраўнікі. Трэба неяк падвышаць прэстыж пэдагагічнай прафэсіі, калі думаем пра пэрспэктывы сваёй краіны, пра пабудову навукаёмістай вытворчасьці…

Проста праз гутаркі набіраць? Я ня ведаю, якая мэта гэтых сумоўяў, хто іх будзе праводзіць, паводле якіх крытэраў.

А што пяць гадоў разьмеркаваньня, то вельмі кепска. Калі чалавек адчуў, што ён не пэдагог, у яго няма матывацыі, няма жаданьня працаваць у гэтай прафэсіі — ён будзе пяць гадоў калечыць нашых дзяцей? Я супраць гэтага!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG