Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 першых выказваньняў камуніста Карпенкі ў якасьці міністра адукацыі


Ігар Карпенка, архіўнае фота
Ігар Карпенка, архіўнае фота

Ігар Карпенка быў прызначаны міністрам адукацыі 15 сьнежня.

Экспэрты казалі, што «рэфарматар мяняецца на кансэрватара», у сацсетках выказвалі думкі, што гэта «абвяшчэньне сыстэмы адукацыі ў Беларусі мёртвай»; у «Экспэртызе Свабоды» прыйшлі да высновы, што «ў сыстэме адукацыі будзе душыцца ўся свабода і ўся беларушчына». Сам Карпенка прасіў «хоць тыдзень увайсьці ў курс, крыху паглыбіцца».

Мінуў месяц. Свабода сабрала 7 выказваньняў новага міністра.

«Ня трэба глябальных узрушэньняў»

«У Беларусі сталая сыстэма адукацыі. Яна не патрабуе глябальных узрушэньняў. Але, як любая сыстэма, яна павінна зьмяняцца, удасканальвацца, ісьці ў нагу з часам», — казаў Карпенка пра рэформу Кодэксу аб адукацыі. Празь месяц пасьля прызначэньня ён лічыць заўчасным завастраць пытаньні на асобных пазыцыях новага кодэксу.

«Мы, настаўнікі»

«Беларускім пэдагогам і настаўнікам даюцца шырокія магчымасьці для выкарыстаньня свайго патэнцыялу пры правядзеньні ўрокаў. Калі б у той час, калі нам выкладалі мэтодыку выкладаньня прадмету гісторыі, у нас былі такія шырокія магчымасьці для выкарыстаньня навучальна-мэтадычнага комплексу — кнігі, матэрыялы, электронныя адукацыйныя рэсурсы і гэтак далей, — мы былі б самымі шчасьлівымі на сьвеце настаўнікамі», — казаў Карпенка, у біяграфіі якога ня значыцца праца настаўнікам, толькі ідэолягам.

Галоўнае дасягненьне ў вышэйшай адукацыі — «роўнадаступнасьць»

«Мы стварылі ўмовы роўнадаступнасьці да сыстэмы вышэйшай адукацыі, вынішчылі карупцыйны складнік», — гэта ён назваў галоўнай перавагай беларускай сыстэмы адукацыі.

Галоўны прыярытэт — каб бюджэтнікі былі «замацаваныя» на працы

«Сусьветныя тэндэнцыі такія, што многія краіны, разумеючы затратнасьць адукацыйнага працэсу, імкнуцца перавабліваць гатовых спэцыялістаў. У сувязі з гэтым нам важна працаваць з эканамічнай інфраструктурай. Павінна быць пэўная адказнасьць замоўцаў кадраў за замацаваньне маладога спэцыяліста на працоўным месцы», — казаў ён, згадаўшы пра Балёнскі працэс, і дадаваў, што прыярытэт для Беларусі ў тым, каб «кадры, падрыхтаваныя за бюджэт, забясьпечвалі працу айчыннай эканомікі — стабільна, якасна, на высокім узроўні».

«Наладзіць канструктыўны дыялёг з пэдагагічнай грамадзкасьцю краіны»

«Трэба выстраіць разумныя стасункі. Можа, трэба пры міністры стварыць грамадзкую раду. І першага, каго запрашаю ў склад гэтай грамадзкай рады, — народнага настаўніка [Валерыя Барашкава]. Каб мы вам давалі нейкую праблематыку, а вы яе прапрацоўвалі і гаварылі як экспэрты, што можна зрабіць, што будзе ўспрынята, будзе спрыяць павышэньню якасьці адукацыі, выхаваньня. А што, наадварот, ня будзе эфэктыўна, створыць нейкія дадатковыя праблемы», — казаў Карпенка праз два тыдні пасьля прызначэньня. Ён заяўляў, што мае намер «наладзіць канструктыўны дыялёг з пэдагагічнай грамадзкасьцю краіны». Пазьней падкрэсьліваў, што новую рэдакцыю Кодэксу аб адукцыі вынясуць на «шырокае абмеркаваньне прафэсіяналаў», абяцаў выставіць дакумэнт на сайце Мінадукацыі.

«Лукашэнка сказаў, што за сэртыфікатам ЦТ мы ня бачым абітурыента»

«Мы за сэртыфікатамі часам ня бачым асобы абітурыента. Кіраўнік дзяржавы, калі прызначаў мяне на пасаду, пра гэта казаў. Трэба падумаць, што мы можам зрабіць для таго, каб убачыць, наколькі малады чалавек матываваны на тую ці іншую прафэсію», — разважаў Карпенка пра цэнтралізаванае тэставаньне. Ён адзначаў, што на шэрагу спэцыяльнасьцяў выкарыстоўваецца ўнутраны экзамэн, які дазваляе «раскрыць творчыя здольнасьці абітурыента».

«Напэўна, каб паступаць у ВНУ, трэба бал, вышэйшы за 5-6»

«Той, хто мае больш высокі ўзровень ведаў, павінен у першую чаргу спрабаваць сябе ў сыстэме вышэйшай адукацыі. Нонсэнс, калі ты прыходзіш у клясу, глядзіш журнал, і там ёсьць хлопцы, якія атрымліваюць пяцёркі, шасьцёркі і пры гэтым кажуць, што яны будуць паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Ну, напэўна, каб паступаць у ВНУ, патрэбен больш высокі бал, таму што паступленьне — гэта толькі першы крок, а затым вельмі сур’ёзная насычаная праграма фундамэнтальнай падрыхтоўкі ў спалучэньні з прафэсійнай, агульнагуманітарнай падрыхтоўкай, і часам многія гэтага тэмпу не вытрымліваюць», — казаў ён пасьля разважаньняў аб прынятай норме паступленьня ў ВНУ праз гутарку для выпускнікоў пэдагагічных клясаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG