Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у рэгіёнах рэагуюць на «нармалізацыю» міжгародніх маршрутак


Такім стэндам сустракае пасажыраў Магілёўскі аўтавакзал
Такім стэндам сустракае пасажыраў Магілёўскі аўтавакзал

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7, які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» можа цалкам зьмяніць сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Частка прыватных перавозчыкаў прыпыніла працу, што значна пагоршыла транспартныя зносіны ў многіх гарадах і мястэчках. Як на гэта рэагуюць людзі ў розных рэгіёнах — у рэпартажы Свабоды.

Гарадзенцы: У аўтапаркаў старая тэхніка, без прыватнікаў вернемся ў мінулае

На Горадзеншчыне спынілі пасажырскія перавозкі малыя кампаніі, у якіх працуюць да дзесяці вадзіцеляў на некалькіх маршрутах. Буйныя фірмы, у якіх дзясяткі маршрутак курсуюць па ўсёй Беларусі, працуюць далей.

З чыгуначнага вакзалу ў Горадні адпраўляюцца прыватныя маршруткі на Менск, Слонім, Беласток. Пакуль нідзе не відаць вялікага натоўпу пасажыраў.

Абсалютна ўсе суразмоўцы карэспандэнта Свабоды ведалі пра новыя правілы пасажырскіх перавозак, якія закранулі прыватныя маршруткі.

«Каля хаты села ў маршрутку і паехала ў камандзіроўку. Ведаеце, як гэта зручна, калі раніцай ня трэба на аўтавакзал дабірацца, — кажа маладая жанчына, якая едзе ў Менск. — Тут чыста, цёпла, па дарозе працуе wi-fi, кіно пагляджу. І калі вяртаюся зь Менску, магу падсесьці ў маршрутку каля станцыі мэтро, а не на вакзале, пасьпяваю яшчэ сястру наведаць. Пра дзяржаўныя аўтобусы нават узгадваць не хачу...»

Маршруткі каля чыгуначнага вакзалу ў Горадні
Маршруткі каля чыгуначнага вакзалу ў Горадні

Мужчына пэнсійнага веку чакае сваёй маршруткі на Слонім. Кажа, што два разы на месяц езьдзіць у абласную паліклініку.

«З раніцы ў Слоніме маршрутка падбірае амаль каля хаты. Бывала, што і тут хлопцы падвозілі ў абласны шпіталь. Еду ўсяго дзьве гадзіны. Гарадзкія ж аўтобусы ходзяць толькі тры разы на дзень, але яны ідуць з усімі прыпынкамі, на дарогу патрэбна паўдня», — кажа суразмоўца.

Ён дадае, што ў дзяржаўных аўтапаркаў «звычайна старая тэхніка» і зь ліквідацыяй прыватных перавозчыкаў «будзем ізноў ехаць з Горадні да Слоніма стоячы ўсю дарогу». «Добра памятаю тыя гады, ня хочацца такога паўтараць», — кажа суразмоўца.

Мужчына сярэдняга веку чакае аўтобуса на Смаргонь і кажа, што прыватныя перавозчыкі не цікавяцца гэтым маршрутам.

«Напэўна, ім нявыгадна — усё ж да нас 240 кілямэтраў, дый пасажыраў на Горадню ня так ужо і шмат. А шкада, бо калі езьдзім са Смаргоні на Менск, то прыватныя маршруткі ходзяць, мусіць, кожную гадзіну, цэны тыя самыя, што і ў дзяржаўных, а нашмат зручней і хутчэй», — кажа спадар.

Жыхары Віцебшчыны скардзяцца ў сацсетках і падпісваюць пэтыцыі

Заклікі падпісаць пэтыцыю зьявіліся «Ўкантакце» практычна на ўсіх старонках прыватных фірмаў-перавозчыкаў. Некаторыя зь іх прыпынілі дзейнасьць, у тым ліку тры транспартныя кампаніі полацкага рэгіёну: «Полацкі экспрэс» , «Новы паварот» і «Заходняя губэрня». Яны вазілі пасажыраў на Менск, і гэта быў самы актуальны маршрут для студэнтаў і тых, хто рэгулярна езьдзіў у сталіцу дзеля працы.

Папулярнасьці спрыяла тое, што маршруткі адпраўляліся практычна штогадзіны, зьбіралі пасажыраў па горадзе, месца можна было замовіць праз тэлефон або інтэрнэт. Кошт складаў 6–7 рублёў, прадугледжваліся і бонусныя бясплатныя паездкі.

Ці вернуцца маршруткі на свае маршруты? Спадарыня Вольга, жыхарка Наваполацку, на гэта вельмі спадзяецца.

«Я падпісала пэтыцыю, каб маршруткі вярнулі. Бо ў нас з аўтавакзалу толькі два рэйсы ў Менск. Адзін штодня, другі — у пятніцу і нядзелю. Кажуць, што кіроўцаў маршрутак адпрэчваюць. Маўляў, маршрут на Менск незапатрабаваны», — кажа Вольга.

Error rendering VK.

На яе думку, на аўтавакзале незапатрабаваным гэты маршрут быў толькі таму, што дзяржаўныя перавозчыкі не вытрымлівалі канкурэнцыі з прыватнікамі.

Цяпер, без прыватнікаў, палачанцы спадарыні Алене вельмі праблематычна трапіць да лекара.

«Я запісалася на прыём у менскі цэнтар, на 9:20 2 сакавіка. Разьлічвала на маршрутку. А цяпер трэба выпраўляцца начным цягніком, на пачатку першае гадзіны ночы. Ён прыбывае а палове на сёмую. Амаль дзьве гадзіны буду сядзець на вакзале. А даехаць з Полацку ранішнім цягніком не атрымаецца — спазьнюся», — незадаволена кажа Алена.

20-гадовы Аляксей, жыхар вёскі Фарынава на Полаччыне, увогуле не пасьпявае на гэты цягнік, каб трапіць у Менск на вучобу.

«Я вучуся ва ўнівэрсытэце, да бацькоў ежджу на выходныя. Раней праблема была толькі ў тым, як трапіць з Фарынава ў Наваполацак ці Полацак. Адтуль даехаць у Менск было проста — на маршрутцы. А зараз буду выяжджаць ужо зьвечара, бо на ранішні цягнік я не трапляю: у нас першы аўтобус ідзе толькі ў 6:40, а цягнік з Полацку — у 6:19», — бядуе Аляксей.

Магілёўскія маршуткі працуюць далей

У Магілёве абноўлены закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» стаўся падставаю, каб мацней прыціснуць «нерэгулярных» перавозчыкаў.

Як вынікае з абвесткі на ўваходзе ў аўтавакзал, такія перавозчыкі, ня маючы дамовы з уласьнікам пасажырскага тэрмінала — таварыствам «Магілёўаблаўтатранс», — выкарыстоўваюць тэрмінал для аказаньня паслуг пасажырам, а гэта парушае нормы абноўленага закону. «Нелегалаў» страшаць рэйдавымі праверкамі і перадачай зьвестак пра іх праваахоўным органам.

У таварыстве «Магілёўаблаўтатранс» запэўніваюць, што зьнікненьне «нерэгулярных» перавозчыкаў ня выкліча каляпсу на рынку пасажырскіх перавозак. Іх заменяць прыватныя кампаніі ды дзяржаўныя арганізацыі. Дзейнасьць «нелегалаў», сказаў Свабодзе прадстаўнік адміністрацыі таварыства, прывяла да ліквідацыі шэрагу маршрутаў на прыбытковых напрамках.

Абвесткі для пасажыраў і «нелегалаў»
Абвесткі для пасажыраў і «нелегалаў»

«Яны ж незадоўга да адпраўленьня аўтобусаў ходзяць і перахопліваюць пасажыраў. Іхнымі абвесткамі стракаціць інтэрнэт. А што да канкурэнцыі, то ўсё павінна быць паводле закону», — сказаў суразмоўца.

Маршутнікі, якія, як і раней, зьбіраюць кліентаў на аўтавакзале, не рэагуюць на запалохваньні. Кажуць: як прагоняць з аўтавакзалу, то знойдуць іншае месца, каб адпраўляцца і шукаць кліентаў. У кожнага ёсьць пасьведчаньне, што ён прыватны прадпрымальнік.

Кампаніі, якія займаюцца пасажырскімі перавозкамі, сваёй працы не спынілі. Многія, аднак, не хаваюць, што працуюць на свой страх і рызыку. Па іх словах, працэдуры выкананьня абноўленага закону ня створана. Не падпісаныя новыя правілы аб пасажырскіх перавозках, няма агульнага апэратара, які павінен рэгуляваць працу тых, хто аказвае пасажырскія паслугі.

Уваход у аўтавакзал. Дзьверы ў абвестках, якімі палохаюць «нелегалаў»
Уваход у аўтавакзал. Дзьверы ў абвестках, якімі палохаюць «нелегалаў»

У таварыстве «Магілёўаблаўтатранс» запэўнілі, што неўзабаве пройдзе аўкцыён, на якім вызначаць тыя кампаніі, якія працягнуць займацца пасажырскімі перавозкамі. Зьявіцца і апэратар, які «нармалізуе працу з пасажырскімі перавозкамі». Ён будзе працаваць пад кантролем аблвыканкаму. Як сказалі ў «Магілёўаблаўтатрансе», Магілёўшчына — адзіная вобласьць, якая такога апэратара яшчэ ня мае.

Сутнасьць праблемы

Прыватныя міжгароднія маршруткі зьявіліся ў Беларусі на пачатку 2000-х. Арганізатары «нерэгулярных аўтамабільных перавозак пасажыраў» павінны былі мець ліцэнзію, пасьведчаньне аб дзяржрэгістрацыі ды касавы апарат, але ня мусілі ўзгадняць расклад зь дзяржорганамі. Зь цягам часу прыватнікі ці ня цалкам выціснулі дзяржаўных апэратараў ды перамясьціліся з вакзалаў у розныя пункты.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней маршрутчыкі, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

заключаць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;

  • забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі, кажуць у Мінтрансе.

Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак бʼюць трывогу, што ў выніку «нармалізацыі» могуць застацца бяз працы праз новыя патрабаваньні. Дзяржава супакойвае: пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць сваю «незаконную дзейнасьць».

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG