Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоным па белым, — нацыянальныя колеры дагэтуль жывуць у традыцыйным ткацтве


Вытканыя Сьцепанідай Аляксееўнай кашулі
Вытканыя Сьцепанідай Аляксееўнай кашулі

Майстар-кляса ад ткальлі Сьцепаніды Сьцепанюк, жыхаркі вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну.

Бацькавы кросны

Сьцепаніда Сьцепанюк разам са сваёю дачкой вядзе заняткі ў школе творчасьці. Моладзь з усяе Беларусі зьвяртаецца да жанчыны з просьбай выткаць адзеньне для вясельля, а некаторыя жадаюць навучыцца традыцыйнаму рамяству.

Сьцепаніда Аляксееўна тчэ кожны дзень, акрамя нядзелі. Кросны, якія стаяць у яе хаце, сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька.

Цяпер жанчына тчэ вялікі ручнік. Часта ёй у гэтым дапамагае ня толькі дачка, але і праўнучка, кажа спадарыня Сьцепаніда:

«Вучу ткацтву і сваіх дзяцей, унукаў, а таксама цяпер і чужых. Мая праўнучка добра ўжо ўмее ткаць. Ахвотна вучыцца гэтаму рамяству. У нас у Доме культуры ёсьць школа творчасьці, дзе мы вядзём навучаньне дзетак. Там жа працуе і мая дачка. Некаторыя дзеці зь вялікай прыемнасьцю наведваюць заняткі. Гэта цікава для іх, прычым ня толькі для дзяўчатак, але нават і для хлопчыкаў».

Праўнучка Дарʼя таксама ўжо ўмее ткаць
Праўнучка Дарʼя таксама ўжо ўмее ткаць

Вырабы Сьцепаніды Аляксееўны вядомыя і за мяжою. Жанчына часта выяжджае ў Польшчу, адкуль прывозіць узнагароды не толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны.

«Часта выяжджаю з сваімі ручнікамі і вышыванкамі за мяжу. Цікава, што, напрыклад, у Польшчы ў захапленьні ад нашых ручнікоў. А вось вопратка ім ужо нецікавая. Бо ў іх зусім іншы строй. Яны выкарыстоўваюць сінія колеры, а ў нас толькі чырвоныя ці бардовыя. Украінскія строі таксама вельмі адрозьніваюцца, яны больш вышываюць, а мы тчэм. Хоць і ў нас таксама вышываюць. Яно ж прасьцей нашмат. Бо накідаць ніткі на кросны — гэта ня так проста. Малюнак павінен быць аднародны. А гэта трэба дакладна ведаць, уяўляць, як ніткі запраўляць».

Узнагароды Сьцепаніды Сьцепанюк
Узнагароды Сьцепаніды Сьцепанюк

Маларыцкі строй, узоры ад бабулі

Ткацтвам жанчына займаецца з дзяцінства. Нават пасьля таго, як неабходнасьць у вырабе вопраткі зьнікла, Сьцепаніда Аляксееўна працягвала працу над вырабамі. Замаўляюць адзеньне ў яе аддзелы культуры, простыя людзі:

Сьцепаніда Аляксееўна каля куфра, у якім бацькі сабралі яе пасаг
Сьцепаніда Аляксееўна каля куфра, у якім бацькі сабралі яе пасаг

«Раней жа ў нас зусім не было грошай, а апранацца патрэбна. Таму сеялі лён, апрацоўвалі яго, потым пралі, ткалі зь яго адзеньне. Пазьней часы зьмяніліся, вопратку ўжо сталі набываць, але я ўсё роўна займаюся гэтым і не пакідаю ткацтва. Днём на працы, а ўвечары вяртаюся да свайго ўлюбёнага занятку. Напрыклад, палавікі, ручнікі — у мяне ўсё выткана самастойна.

Я працую ў традыцыі так званага маларыцкага строю, так яго цяпер называюць. Некалі ў нас быў не Маларыцкі, але Дзівінскі раён. І між іншым, калі кажу пра свае ўзоры, то называю іх дарапеевіцкімі. А самі ўзоры перайшлі да мяне нават не ад матулі, але ад маёй бабы. Мой род спакон вякоў жыве ў Дарапеевічах. Таму ад продкаў да нашчадкаў перадаваліся ўменьні. Адным з галоўных атрыбутаў узору зьяўляецца наяўнасьць крыжа. Ён абавязкова павінен быць на адзеньні. І кожны прыдумляў нейкія элемэнты ўзору, якім карысталіся і іншыя. Я, напрыклад, сумяшчаю розныя ўзоры, каб была разнастайнасьць. Спадніцу вытчаш, намагаесься зрабіць так, каб яна была не падобная да спадніц іншых дзяўчат, каб узор быў цікавы і адметны. Жанчына заўсёды жадае вылучацца».

Падказка прыйшла ў сьне

Насамрэч тканьне не такі і просты працэс. Для таго, каб атрымаўся пэўны ўзор, неабходна шмат высілкаў, шмат часу. Кожная нітка пэўнага колеру павінна быць працягнутая ў пэўным месцы ў кроснах. Гэта стварае і магчымасьці для экспэрымэнтаў, кажа Сьцепаніда Аляксееўна:

«Неяк прыяжджаў да нас кіраўнік танцавальнага калектыву „Радасьць“. І калі пабачыў нашыя ўзоры, вельмі зацікавіўся і папрасіў выткаць яму спадніцу. Я пагадзілася. Пачала ткаць — і не атрымліваецца. Калі перабіраць іголкаю — можа б, і атрымалася, а вось адмысловы кажушок — ну ніяк ня йдзе. Таму вырашыла прайсьціся па знаёмых ды запытацца ў іх, як гэта зрабіць. Кажу пра гэта — ніхто не ведае. А я ж паабяцала, што зраблю. Таму сядзела некаторы час, накідвала на кросны. А гэтая справа няпростая, гэта ж цэлы дзень трэба займацца толькі накідваньнем. Кожную нітку трэба ж асобна перабраць. І вось так гэта сапраўды марудна і павольна. Пасьля таго, як накідаеш ніткі, пачынаеш ткаць, і не атрымліваецца патрэбнага ўзору. І гэтак шэсьць разоў спрабавала накідваць. Нават ужо ў адчаі была, бо бачу, што ня дам рады зрабіць тое, што ў мяне прасілі. І вось аднойчы неяк прысьніўся мне сон. Я іду па полі і раптам бачу, як удалечыні стаяць кросны. Узрадавалася, падумала, што зараз падыду і запытаюся ў жанчыны, якая тчэ, як зрабіць патрэбны ўзор. Падыходжу, але раптам бачу, што нікога няма, толькі самі кросны стаяць. Гляджу, а кросны запраўленыя. Падышла бліжэй і думаю: „Ну вось і хто мне цяпер дапаможа?“ І пры гэтым прачнулася. І так падумался мне, што глядзела ж на кросны. Бачыла, што рэдзенька нітка накідана. Я звычайна раблю даволі густой, а там наадварот. Паспрабавала зрабіць так, як было ў гэтым сьне, завязала, пачала ткаць, і раптам бачу, што атрымліваецца так, як трэба».

Даўжыня ручніка залежала ад колькасьці сямейнікаў

Сьцепаніда Аляксееўна кажа, што многія ўзоры, якія яна выкарыстоўвае, зацікаўліваюць наведнікаў. Неяк адзін з гасьцей прызнаўся, што прыехаў да яе знарок, каб паглядзець на строі і каб пазьней скарыстацца яе ўзорамі, бо сам таксама працуе з арнамэнтам.

«Вось зараз я працую над ручніком. Доўгі будзе, два мэтры. Але ў нашай вёсцы даўжыню ручнікоў вымяралі ў „гыбах“. Гэта прыкладна даўжыня пакоя, некалькі мэтраў. А робіцца гэта для таго, каб карыстацца ручніком магла ўся сямʼя. Адзін выціраўся адным канцом, другі другім, трэці — бокам і гэтак далей. Бо калі ў сямʼі дзесяць чалавек, то кожнаму ручнік, іх жа ня будзе дзе павесіць на сьцяне. Адзін павесілі, і ўсё, таму ткалі і такія доўгія. Але тое было калісьці. Цяпер ужо семʼі малыя. У маёй знаёмай было шаснаццаць душ у сямʼі. І ўсе хлопцы. Мала таго, усе здаровыя, вялікія, як дубы. Калі дзяўчаты ў сямʼі, то прасьцей, яны дапамагаюць ткаць. А вось для хлопцаў, чым яны большыя, тым болей ткаць прыходзілася. Цяжка ёй было даваць рады зь імі, апранаць іх. Але ж жылі людзі. Працавалі, давалі рады, не гаравалі.

А вырабы нашыя надзвычай прыемныя на дотык. Выціраць твар імі — сама прыемнасьць. Да таго ж тканіна вельмі чыстая. Напрыклад, калі чалавек ня можа ўставаць, то ў яго ўтвараюцца пролежні, а калі падкласьці вытканы з лёну ручнік, то іх ня будзе».

Дамачаўскія колеры — белы і бардовы

Тое, што Сьцепаніда Сьцепанюк называе маларыцкім строем, сапраўды зьяўляецца адметным. Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, дацэнт катэдры этнаграфіі і фальклёру БДУКМ, дасьледчыца народнага ткацтва, кажа, што галоўным чынам вылучаюцца колеры:

Вольга Лабачэўская
Вольга Лабачэўская

«Гэта такая лякальная асаблівасьць. У Маларыцкім раёне характэрна цямнейшае адценьне колераў, а таксама каля Берасьця. У Дамачаўскім раёне нават чорныя колеры сустракаюцца. Справа ў тым, што жанчын з гэтых мясцовасьцяў не заўсёды задавальняў чырвоны колер нітак, зь якіх ткалі. Таму іх праварвалі ў дубовай кары альбо выкарыстоўвалі кару з вольхі. Каб яны былі цямнейшыя. Вось такая мясцовая асаблівасьць. Калі ж запытацца ў жанчын, навошта яны гэта робяць, звычайна можна пачуць, што, маўляў, вось такая ў нас традыцыя. А мы, навукоўцы, думаем, што гэта, магчыма, сьведчаньне такіх былых этнакультурных адрозьненьняў. Тут паўплывала яцьвяская, балцкая традыцыя, у якой колер зьяўляўся этнічным паказьнікам, адрозьненьнем у вопратцы. Адсюль і колеры больш цёмныя, бардовыя».

Нацыянальны сьцяг з нацыянальных колераў

Увогуле чырвона-белы беларускі арнамэнт зьяўляецца сымбалем нацыянальнай тоеснасьці, кажа Вольга Лабачэўская. Нездарма менавіта такая колеравая гама прысутнічае ў беларускім нацыянальным сьцягу.

«Наш нацыянальны сьцяг ня мог зьявіцца без падстаў. Наша тэкстыльная традыцыя прадстаўлена ў бела-чырвонай колеравай гаме. Былі пэўныя прапорцыі ў вопратцы. Прычым заўсёды дамінаваў белы колер. І бела-чырвона-белы сьцяг на ўзроўні знаку засьведчыў наяўнасьць гэтай традыцыі. Таму, калі маляваўся наш сьцяг, візуальна адчуваліся колеры, іх колькасьць, адсюль і перавага белага колеру».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG