Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-12 hand made падарункаў ад беларускіх майстроў


У пошуках цёплых, карысных і прыгожых калядных падарункаў наша аўтарка Яна Шыдлоўская зазірнула у майстэрні беларускіх народных майстроў.

1. Шкарпэткі і шапачкі, зьвязаныя касьцяной іглой

Калядныя падарункі мусяць быць цёплымі. І мала што можа саступіць па цеплыні рэчам, зьвязаным касьцяной іголкай. Гэты старажытны спосаб вязаньня існаваў ужо ў ІІІ стагодзьдзі. Карысталіся ім пераважна народы, якія жылі ва ўмовах суровага клімату. На тэрыторыі сучаснай Беларусі таксама былі зафіксаваныя знаходкі касьцяных іголак з вушкам для ніткі і без яго, якія цяпер захоўваюцца ў музэйных фондах краіны. Беларускія майстры аднавілі тэхналёгію вязаньня касьцяной іглой, і ў нас з’явілася магчымасьць займець цёплыя і практычныя ваўняныя рэчы. Звычайна касьцяной іглой вязалі рукавіцы, шкарпэткі, гольфы і шапачкі. Вязаныя касьцяной іголкай рэчы атрымліваюцца цёплымі і моцнымі перадусім з-за таго, што іголка за адзін раз павінна прайсьці ажно праз пяць петляў. Выраб вяжацца па коле паступова і даволі марудна. Спрактыкаваны майстар можа вязаць пару шкарпэтак каля пяці дзён.

2. Валёнкі

Валяныя з воўны рэчы, арыгінальныя, кранальныя, яркія і цёплыя, апошнім часам сталі модным трэндам. Аказваецца, зваляць можна ўсё: цацкі, адзеньне, абутак, аксэсуары, упрыгажэньні, калядны вянок, дыванок, галаўныя ўборы і нават мапу Эўропы. Цікава, што найчасьцей валяюць з воўны. Аднак у якасьці матэрыялу можа быць выкарыстана поўсьць ламы, альпакі, вярблюда, яка. Можа ўжывацца кашмір, ангора і махер. Удала падабраная валяная рэч можа стаць вельмі асабістым падарункам.

3. Самаробныя цацкі

Нездарма кажуць, што самыя сапраўдныя цацкі — самаробныя. Яны — як жывыя. З тканіны, з воўны і з дрэва, да якіх прыемна дакранацца. Такія цацкі становяцца любімымі, доўга захоўваюцца і ўспамінаюцца з цеплынёй. Сярод вырабаў беларускіх майстроў — цудоўныя лялькі ў неверагодна прыгожых сукенках з лёну, бавоўны і шоўку, у ваўняных шкарпэтках і шапачках. Яны могуць жыць у пашытым дамку, дзьверцы і вокны якога будуць зашпільвацца на гузікі. Для хлопчыкаў абавязкова знойдзецца драўляны аўтамабіль, які можна расфарбаваць у любімыя колеры. А з драўляных кубікаў выбудоўваюцца высокія і ўстойлівыя вежы, якія, пры жаданьні, таксама можна размаляваць. Самым маленькім дзеткам напэўна спадабаюцца драўляныя маракасы, якія спачатку выкарыстоўваюцца як бразготкі, а ўжо пасьля — як музычныя інструмэнты.

4. Гліняны посуд

Ён можа быць крохкім і далікатным, грубым і нават брутальным. Гліняны посуд заўсёды знойдзе сабе прыдатнае месца на кухні. Так, керамічныя жароўні, вытрымліваючы высокія тэмпэратуры, выдатна выглядаюць на стале ўжо ў астылым выглядзе, з іх ня варта перакладаць мяса альбо пірог у іншы посуд. У гліняных гаршчэчках смачна запякаецца бульба і каша з салам, з глінянага кубка смачна п’ецца квас, а з гладыша — малако. У гліняных гаршках добра і надзейна захоўваецца мёд. Беларускія ганчары працуюць у розных тэхніках, ужываюць разнастайныя спосабы абпалу гліняных рэчаў. Пры жаданьні можна знайсьці і гістарычныя рэплікі сярэднявечных вырабаў, якія прайшлі абпал старажытным спосабам.

5. Вырабы з дрэва

Драўляны посуд упрыгожыць любую кухню і парадуе добрую гаспадыню. На драўляным сподзе з ліпы выпечка выглядае больш апэтытна, а суп з драўлянай лыжкі набывае зусім іншы смак, асабліва калі сталовы прыбор зроблены з яблыні альбо грушы. Да драўлянай лапаткі не ліпнуць блінкі, ды і патэльню, якім далікатным ні было б яе пакрыцьцё, лапатка з ліпы ці елкі наўрад ці пашкодзіць. Драбніць арэхі нашмат прасьцей драўляным таўкачыкам у драўлянай ступцы. Масла прыгажэй кладзецца на хлеб, калі намазваць яго драўляным ножычкам. У дубовай бочцы самагон пераўтвараецца ў віскі. Днушка, аздобленая мазаікай з ядлоўца, прыносіць на кухню цудоўны лясны водар, як толькі на апошнюю трапляе гарачае — імбрык ці рындзялёк. Да таго ж, драўляны посуд — гэта проста прыгожа. Ён варты быць падарункам.

6. Тканыя ходнікі

Тканыя ходнікі, доўгія і кароткія, у рознакаляровую палоску перадусім нагадваюць скандынаўскія краіны. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы IKEA, сьвету стала зразумела, як шыкоўна паласатыя дыванкі глядзяцца ў сучасным інтэр’еры. Аднак у беларускіх хатах тканыя дарожкі таксама сустракаюцца даволі часта. Прайшло шмат гадоў, а іх і цяпер ткуць на прабабуліных кроснах. Спачатку на станок нацягваецца аснова з нітак, на якой з дробна парэзаных анучак утвараецца ўзор. Добра на ходнічкі пускаць старыя рэчы з бавоўны альбо джынсу, даючы ім другое жыцьцё. І колеры можна падабраць якія заўгодна, дапасоўваючы іх да колеравай гамы памяшканьня. Тканыя дарожкі выдатна глядзяцца і на драўлянай падлозе, і на кафлі. Ня менш арыгінальна дыванкі выглядаюць павешанымі на сьцену. Падарунак атрымаецца тым больш дарагім, калі зрабіць яго самому. Так, у Браслаўскім музэі традыцыйнай культуры, да прыкладу, можна «арэндаваць» кросны на некалькі тыдняў, і пад наглядам спэцыяліста авалодаць майстэрствам ткацтва паласатых дыванкоў.

7. Упрыгажэньні з мэталу

Упрыгажэньне — той падарунак, які так любяць дзяўчаты. Акрамя каштоўных мэталаў, упрыгажэньні могуць быць зроблены з больш простых матэрыялаў — медзі, шкла, скуры, лямцу, керамікі. Аднак падарунак ад гэтага ня згубіць сваёй каштоўнасьці. Апошнім часам папулярнасьцю карыстаюцца гістарычныя падарункі — рэплікі ўпрыгажэньняў, якія насілі жанчыны ў розныя пэрыяды гісторыі, пераважна ў сярэднявеччы. Гэта бранзалеты, пярсьцёнкі, фібулы, якімі прышпільвалі адзеньне, завушніцы, пацеркі, падвескі. Беларускія майстры-рэканструктары робяць рэплікі ўпрыгажэньняў, якія калісьці былі знойдзены на тэрыторыі сучаснай Беларусі альбо характэрныя для розных яе рэгіёнаў. Сярод майстэрскіх вырабаў нямала і фантазійных рэчаў. Аказалася, што гістарычныя ўпрыгажэньні вельмі гарманічна дапаўняюць сучасны строй.

8. Вязаныя рукавічкі

Шмат рукавічак зімой не бывае. Таму цёплыя ваўняныя рукавічкі любімага колеру атрымаюцца ўдалым падарункам на Каляды. У Беларусі рукавічкі вяжуць даўно і шмат, аздабляючы іх традыцыйным арнамэнтам, фантазійным узорам альбо цэлай кампазыцыяй з дадатковых элемэнтаў. Рукавічкі могуць быць імянныя альбо прыдатныя да пэўнай мясцовасьці. Вязаныя рукавічкі будуць дарэчным элемэнтам штодзённай вопраткі і прыйдуцца да месца ў строгім і элегантным строі, падкрэсьліваючы індывідуальнасьць свайго ўладальніка.

9. Посьцілка ў тэхніцы пэчварк

Шыцьцё з абрэзкаў тканіны займае даволі шмат часу і папярэдняй падрыхтоўкі. У справу ідуць невялічкія кавалкі тканіны, якімі майстар выкладае ўзор будучай посьцілкі ці коўдры. Тэхніка пэчварк займела шмат прыхільнікаў па сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Мясцовыя майстры ствараюць неверагодна прыгожыя рэчы, прыдатныя да аздабленьня інтэр’еру. Посьцілка ў падабранай з густам колеравай гаме арганічна глядзіцца на спальным ложку і на канапе ў гасьцявым пакоі, у вясковай хаце і ў гарадзкой кватэры. Найбольш дарагім і цёплым падарунак у тэхніцы пэчварк можа атрымацца, калі абрэзкамі стануць вашы старыя рэчы, якія трымаюць успаміны, з якімі цяжка расставацца.

10. Кошыкі з лазы

Плецены з лазы кошык будзе выдатным калядным падарункам у дом. Белыя, барвовыя, карычневыя, квадратныя і круглыя, маленькія і вялікія, кошыкі стануць выдатным дадаткам да любому інтэр’еру. Да таго ж, падарунак карысны: у кошыкі можна складваць цацкі, вязаньне, адзеньне, хлеб, садавіну і гародніну, арэхі. Кошыкі могуць спатрэбіцца цягам году: схадзіць у грыбы, у ягады, аднесьці велікодныя яйкі ў царкву. Многія гаспадыні, ідучы ў краму, аддаюць перавагу плеценым кошыкам і маюць рацыю — выглядае гэта прыгожа і з густам.

11. Цацкі на ялінку

Першыя зялёныя ялінкі з’яўляюцца ў дамах беларусаў у сьнежні. Аздабленьне духмянага дрэва — цэлы рытуал, у якім асабліва любяць удзельнічаць дзеткі. Апроч клясычных шкляных шароў, якія чамусьці любяць зьлятаць з елкі ў самы нязручны момант, дрэва можа быць упрыгожана майстэрскімі цацкамі з традыцыйных матэрыялаў. Так, шыкоўна на зялёных галінках выглядаюць саламяныя цацкі — анёлкі, зорачкі, званочкі з чырвонымі стужкамі. Драўляныя цацкі глядзяцца больш грунтоўна, але не менш цікава. Аздобіць елку могуць вырабы з тканіны, валяныя рэчы, гліняныя сьвістулькі і званочкі. Падкрэсьліць асаблівасьць убраньня дапаможа ўдалая падсьветка — ліхтарыкі альбо сапраўдныя калядныя сьвечкі.

12. Самаробная ялінка

Можна падараваць ня толькі цацкі, але і цэлю ялінку. Арыгінальную, непаўторную, дызайнэрскую. Асабліва калі зроблена яна будзе з лёну, а ўпрыгожана палачкамі карыцы, гвазьдзікай, арэхамі, сушанымі апэльсінамі, кветкамі, шарамі і стужкамі.

Самаробная ялінка і драўляныя цацкі
Самаробная ялінка і драўляныя цацкі

Яна Шыдлоўская
для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG