Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра хусітаў, атакі кааліцыі ЗША на іх цэлі ў Емэне і праблему суднаходзтва ў Чырвоным моры


Дзеці ў камуфляжы трымаюць у руках макеты РПГ, у той час як дарослыя хусіты зьбіраюцца ўшанаваць памяць дзесяці сваіх байцоў, якія загінулі ў выніку ўдару ВМС ЗША ў Чырвоным моры. Сана, Емэн, 5 студзеня 2024
Дзеці ў камуфляжы трымаюць у руках макеты РПГ, у той час як дарослыя хусіты зьбіраюцца ўшанаваць памяць дзесяці сваіх байцоў, якія загінулі ў выніку ўдару ВМС ЗША ў Чырвоным моры. Сана, Емэн, 5 студзеня 2024

Чаму вайна Захаду з хусітамі можа быць доўгай, нялёгкай і без гарантыі 100-працэнтнага посьпеху.

Арыгінал публікацыі на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

У ноч на пятніцу і ў суботу 12-13 студзеня самалёты, караблі і падводныя лодкі ЗША і Вялікабрытаніі нанесьлі паветраныя ўдары па тэрыторыі Емэна, кантраляванай хусітамі — ісламскай шыіцкай групоўкай «Ансар Ала», якая стварыла ў гэтай краіне непрызнаны сусьветнай супольнасьцю ўрад і якая мае цесныя сувязі з Іранам.

На працягу апошніх некалькіх месяцаў хусіты атакавалі гандлёвыя і нават вайсковыя караблі ў Чырвоным моры і Адэнскім заліве, сьцьвярджаючы, што робяць гэта дзеля падтрымкі групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у яе супрацьстаяньні з Ізраілем. Тым ня менш аб’ектамі нападаў хусітаў станавіліся і караблі, якія ня маюць датычнасьці да Ізраілю.

З 19 лістапада хусіты ўчынілі больш за 25 нападаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры. Самы масавы зь іх быў зусім нядаўна, 9 студзеня, калі атакавалі брытанскі эсьмінец HMS Diamond. Магчыма, менавіта гэта перапоўніла чашу цярпеньня ЗША і іх саюзьнікаў. Ёсьць шмат прычын, па якіх тыя не пачыналі такую апэрацыю раней, і іх аналіз паказвае, што вайна з хусітамі, верагодна, будзе доўгай, нялёгкай і без гарантыі стопрацэнтнага посьпеху.

Нафта падаражэла

Весткі аб пачатку ваеннай апэрацыі заходніх краін у Емэне і верагоднасьць таго, што гэтая дзяржава можа стаць чыньнікам і пляцоўкай для яшчэ аднаго буйнага міжнароднага ўзброенага канфлікту з удзелам шматлікіх вонкавых гульцоў, імгненна адбіліся на цэнах на нафту на сусьветных рынках, якія рэзка пайшлі ўгару. Усе пастаўкі нафты з краін Пэрсідскага заліва марскімі танкерамі ў Эўропу ажыцьцяўляюцца праз два вузкія пралівы — Армузскі, паміж Іранам і Арабійскім паўвостравам, і Баб-эль-Мандэбскім, паміж Емэнам і Афрыкай. Абодва пралівы, якія заўсёды мелі стратэгічнае значэньне для сусьветнай эканомікі (і вельмі ўразьлівыя з ваеннага пункту гледжаньня), сёньня тэарэтычна могуць стаць арэнай баявых дзеяньняў.

У супрацьстаяньні з хусітамі кааліцыя заходніх краін сутыкаецца з тымі ж праблемамі, якія можна назіраць і ў расейска-украінскай вайне, і ў вайне Ізраіля з ХАМАС. Зброя, якую выкарыстоўваюць хусіты, у тым ліку іранскія дроны і балістычныя ракеты, у разы таньней за тыя сродкі, якімі яна можа быць перахоплена і нэўтралізавана.

Часам у сотні разоў: напрыклад, дроны, якія выкарыстоўваліся хусітамі падчас атакі на караблі ў Чырвоным моры, каштавалі, паводле ацэнак журналіста Бі-бі-сі Фрэнка Гарднэра, каля 20 тысяч даляраў кожны — у той час як адна ракета Sea Viper, якімі аснашчаны брытанскі эсьмінец HMS Diamond, — больш за мільён даляраў. Асобным радком ідуць спадарожныя выдаткі, такія як паліва для караблёў і неабходнасьць вяртаньня ў парты для перааснашчэньня.

Падабенства з расейска-ўкраінскай вайной выяўляецца і ў тактыцы, якую хусіты шмат у чым запазычылі ў Ірана: напады адначасова вялікай колькасьцю ракет і/альбо дронаў, якія намагаюцца «перагрузіць» сыстэмы СПА суперніка. Адзіны спосаб пераламаць гэтую тэндэнцыю — перайсьці ад абароны да нападу, што, па сутнасьці, і было зроблена ў ноч на 12 студзеня.

Зьнішчальнік Каралеўскіх ВПС Вялікабрытаніі Eurofighter Typhoon наносіць удары па пазыцыях хусітаў у Емэне пасьля ўзьлёту з авіябазы на Кіпры, 12 студзеня 2023:

Якой зброяй валодаюць хусіты?

Паводле брытанскага Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў (Royal United Services Institute for Defence and Security Studies, раней — Royal United Services Institution, RUSI), а таксама Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Center for Strategic and International Studies, CSIS), асноўнымі ваеннымі сродкамі, наяўнымі ў распараджэньні хусітаў, зьяўляюцца:

  • іранскія супрацьрадыёлякацыйныя ракеты «Бадр-1»;
  • балістычныя ракеты «Буркан-1»,
  • мадыфікацыя паўночнакарэйскіх ракет «Хвасон-6», з далёкасьцю палёту 500 км і баявой часткай вагой 750 кіляграмаў;
  • іранскія авіяцыйныя крылатыя ракеты «Азеф» з боегалоўкай масай 500 кіляграмаў і далёкасьцю палёту 400 кілямэтраў;
  • крылатыя ракеты наземнага базаваньня Quds-1,
  • мадыфікацыя іранскіх ракет Soumar, якія, у сваю чаргу, зьяўляюцца копіяй савецкіх ракет X-55.

Варта адзначыць, што рэльеф мясцовасьці паміж Емэнам і Ізраілем ня мае шмат перападаў вышынь і зьяўляецца спрыяльным для пуску крылатых ракет у бок Ізраіля;

  • супрацькарабельныя крылатыя ракеты «Аль-Мандэб 2», якія зьяўляюцца копіяй кітайскіх ракет С-802, прададзеных Кітаем Ірану ў 1990-х гадах і якія атрымалі ў гэтай краіне імя Noor. Іх далёкасьць складае каля 120 кілямэтраў, а адна з пераваг — запуск з кузава грузавіка, што забясьпечвае мабільнасьць і магчымасьць хутка вывесьці ўстаноўку з-пад зваротнага ўдару;
  • Бесьпілётнікі «Самад-2» і «Самад-3», апошні з якіх здольны пераадольваць адлегласьць да 1500 кілямэтраў, быўшы абсталяваным баявой часткай;
  • надводныя дроны, падобныя тым, якія Украіна выкарыстоўвае для нападаў на караблі Чарнаморскага флёта РФ.

Яшчэ адной праблемай для ЗША, Вялікай Брытаніі і іх саюзьнікаў зьяўляецца той факт, што кантралюемая хусітамі частка Емэну зьяўляецца (у адрозьненьне ад савудаўскай тэрыторыі, якая аддзяляе Емэн ад Ізраілю) даволі гарыстай мясцовасьцю, дазваляючы эфэктыўна хаваць пускавыя ўстаноўкі, у тым ліку пад зямлёй. Узоры падземных пускавых установак былі прадстаўлены хусітамі яшчэ ў 2018 годзе.

Незалежны OSINT-аналітык, які вядзе ў Youtube блог пад імем Covert Cabal, знайшоў па адкрытых крыніцах — відэа і спадарожнікавых здымках — больш за 50 пунктаў у горнай мясцовасьці паўночнага Емэна, якія выкарыстоўваліся хусітамі для запуску ракет. Пры гэтым, як адзначае аўтар блогу, няма ніякіх гарантый, што хаця б адно з іх будзе выкарыстана хусітамі зноў: устаноўкі можна хутка перамясьціць.

Ракеты «Буркан-1»
Ракеты «Буркан-1»

Варыянты для кааліцыі

Як адзначаюць экспэрты Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, ва ўзначаленай ЗША кааліцыі ў гэтых умовах ёсьць некалькі варыянтаў дзеяньняў:

  • Абмежаваны ўдар па адной або некалькіх ня самых значных цэлях, каб даць суперніку магчымасьць падпарадкавацца. Пасьля масавага нападу саюзьнікаў у ноч на 12 студзеня і заяў хусітаў аб тым, што яны маюць намер працягваць свае напады, гэты сцэнар ужо не выглядае рэалістычным.
  • Маштабная атака з адначасовым вылучэньнем патрабаваньняў хусітам і Ірану, які стаіць за імі, з дакладна ўказаным тэрмінам іх выкананьня. Такія атакі, як у ноч на пятніцу, ці нават больш маштабныя, немагчыма праводзіць штодня. Тым ня менш, гэта можа аблегчыць сытуацыю з грамадзянскім суднаходствам у Адэнскім заліве і Чырвоным моры на пэўны пэрыяд часу, пасьля якога магчымая новая эскаляцыя.
  • Нарэшце, трэці варыянт — удары хай і не самыя масіраваныя, але засяроджаныя на самых каштоўных цэлях, каб нанесьці хусітам найбольш эфэктыўныя страты ў параўнаньні з затрачанымі сіламі, не сыгналізуючы аб намеры разгарнуць шырэйшую ваенную кампанію.

У ліку гэтых цэляў, мяркуюць экспэрты інстытута, не павінна быць вузлоў кіраваньня і кантролю, а таксама заводаў па вытворчасьці зборкі з камплектаў іранскіх ракет, паколькі яны часта знаходзяцца ў густанаселенай мясцовасьці, напрыклад у сталіцы Емэну горадзе Сана.

Якія б стратэгіі ні выбралі супрацьлеглыя бакі, асабліва калі эскаляцыя канфлікту ў рэальнасьці зьяўляецца адной з мэт хусітаў і Ірана, можна з упэўненасьцю казаць, што сабраная ў Чырвоным моры Злучанымі Штатамі і далучанымі да іх краінамі групоўка зьяўляецца адной з самых магутных з часоў ірана-іракскай вайны.

Гэта эсьмінцы USS Carney, USS Laboon і USS Thomas Hudner, атамная падводная лодка кляса Ohio, брытанскі эсьмінец HMS Diamond і шматмэтавы фрэгат Languedoc ВМС Францыі. У раёне Адэнскага заліва, як пісала ў канцы сьнежня брытанская газэта The Times, таксама знаходзяцца авіяносец USS Dwight D. Eisenhower з трыма караблямі суправаджэньня, атамная падлодка кляса Los Angeles. Акрамя гэтага ва Ўсходнім Міжземнаморʼі застаецца амэрыканскі авіяносец USS Gerald R. Ford з пяцьцю караблямі суправаджэньня і штабны карабель ВМФ ЗША USS Mount Whitney.

Нягледзячы на высокі кошт апэрацыі, Злучаныя Штаты і прэзыдэнт Джо Байдэн, верагодна, лічаць такую цану прымальнай. Самым складаным будзе выканаць балянс: бязьдзейнасьць і фактычнае перакрыцьце для гандлёвага суднаходзтва Чырвонага мора і Баб-эль-Мандэбскага праліва прывядзе да ўскладненьня лягістыкі і росту сусьветных цэн на многія тавары, ня менш дорага абыдзецца і магчымая эскаляцыя канфлікту, а тым больш яго распаўсюджваньне на іншыя краіны рэгіёну.

Рэакцыя хусітаў

Хусіты сустрэлі пэрспэктыву вайны са Злучанымі Штатамі, можна сказаць, з адкрытым захапленьнем. Яшчэ 10 студзеня, да цяперашняй сэрыі ўдараў з боку заходніх краін, Абдулмалік аль-Хуці, адзін з цяперашніх лідэраў групоўкі, паабяцаў сустрэць любы напад «жорсткім адказам».

«Мы, емэнцы, ня з тых, хто баіцца ЗША. Нас задавальняе прамая канфрантацыя з амэрыканцамі», — заявіў ён у тэлезвароце.

Іншы прадстаўнік «Ансар Ала», Махамед Абдулсалам, таксама сказаў:

«Мы падкрэсьліваем, што няма абсалютна ніякага апраўданьня гэтай агрэсіі супраць Емэну — паколькі ніякай пагрозы міжнароднаму суднаходзтву ў Чырвоным і Аравійскім морах з нашага боку не было. Але ЗША і Вялікая Брытанія памыляюцца, мяркуючы, што іх удары ўтрымаюць Емэн ад падтрымкі Палестыны і Газы».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які на працягу трох месяцаў спрабаваў пазьбегнуць далейшай эскаляцыі вайны на Блізкім Усходзе, заявіў увечары 11 студзеня, што аддаў загад аб нанясеньні ўдараў у Емэне толькі пасьля таго, як яго справакавалі «бязглуздыя атакі», якія паставілі пад пагрозу жыцьці амэрыканскіх і іншых маракоў і свабоду навігацыі ў адным з найважнейшых марскіх транспартных калідораў плянэты, праз які праходзіць 12 працэнтаў сусьветнага гандлю. У пісьмовай заяве, апублікаванай пасля нанясеньня ўдараў, Байдэн падрабязна апісаў «беспрэцэдэнтныя» атакі хусітаў, якія закранулі інтарэсы 50 дзяржаў.

Мапа ўдараў па тэрыторыі Емэну, нанесеных ЗША, Вялікабрытаніяй і іх саюзьнікамі ў ноч на 12 студзеня:

Пэрспэктывы кампаніі

Цалкам перамагчы байцоў руху «Ансар Ала» заходняй кааліцыі будзе вельмі складана, мяркуе знаўца Аравійскага паўвострава, ваенна-палітычны аналітык Міхаіл Шарашэўскі:

«У цяперашні час ніхто не гаворыць аб заходняй сухапутнай апэрацыі ў Емэне. Яна была б вельмі небясьпечная. Емэн у гэтым сэнсе нагадвае Афганістан. Гаворка ідзе аб горнай мясцовасьці на поўначы краіны, населенай ваяўнічымі плямёнамі, частка якіх і здолелі згуртаваць прадстаўнікі племянной шляхты — хусіты. Там цудоўныя ўмовы для партызанскай вайны, а хусіты — адны з найлепшых партызан на плянэце. Гэта ўмелыя, непатрабавальныя і адчайныя байцы, выдатна ведаюць свой бок са складаным рэльефам».

Па словах Шарашэўскага, аб хусітах часта пішуць, што яны — проксі-сіла Ірану. Гэта не зусім дакладна: гаворка ідзе пра самастойны рух, які мае глыбокія мясцовыя карані, які ўзначальвае багатая племянная шляхта. Аднак хусіты не змаглі б ваяваць гэтак эфэктыўна, калі б не паступаючы да іх бесьперабойны паток іранскай зброі. Таму яны вельмі залежаць ад Тэгерану — сваёй галоўнай зьнешняй і вайсковай апоры.

Іран аказвае на хусітаў вялікі ўплыў, і ЗША, магчыма, паспрабуюць гэта выкарыстаць, пагражаючы Ірану ці абяцаючы яму аблегчыць рэжым санкцыяў.

Эсьмінец USS Carney
Эсьмінец USS Carney

Як рос і зьмяняўся рух «Ансар Ала»

Хусіты (хуці), або рух «Ансар Ала», як яны называюць сябе самі, — магутная этнаканфэсійная племянная ваенізаваная групоўка мясцовых мусульман, якія вызнаюць шыізм зэйдыцкага кшталту (каля 25 працэнтаў насельніцтва краіны), якая дзейнічае на тэрыторыі Емэну яшчэ з пачатку XIX–XX стагоддзяў, але асабліва актыўна з 2004 года, калі хусіты пачалі ўзброенае паўстаньне супраць тагачаснага ўрада.

Сама назва «хусіты» зьявілася гадоў 20 таму, у гонар імя іх заснавальніка (у сучаснай форме) і былога кіраўніка Хусэйна аль-Хусі, які быў забіты емэнскім войскам у верасьні таго ж 2004 году. «Ансар Ала» актыўна ўдзельнічала разам з іншымі ўмеранымі і радыкальнымі ісламісцкімі групоўкамі і рухамі ў емэнскай рэвалюцыі 2011 года, у выніку якой пайшоў у адстаўку прэзыдэнт Алі Абдала Салех (у 2017 годзе забіты сіламі мясцовага МУС, падкантрольнымі да таго часу).

З пачатку 2015 года, пасьля захопу хусітамі сталіцы Емэна Саны і стварэньня імі свайго афіцыйнага кіруючага органа, Рэвалюцыйнай рады, «Ансар Ала» фактычна і стала сілай, якая кіруе амаль усёй краінай пры прамой ваеннай і фінансавай падтрымцы Ірана і яго саюзьнікаў, такіх як ліванская Хезбала.

Рэвалюцыйным камітэтам хусітаў (які складаецца ў асноўным са шматлікіх чальцоў усяго сямейнага клана Хусі) цяпер кіруе і лічыцца дэ-факта прэзыдэнтам Емэну Мухамэд Алі аль-Хусі — стрыечны брат вярхоўнага лідэра «Ансар Ала» Абдул-Маліка аль-Хусі, роднага брата Хусэйна.

Сёньня хусіты, якія маюць уласны тэлеканал «Эль-Масіра», заяўляюць, што абараняюць шыізм ад уплыву сунізму, які вызнае большасьць насельніцтва Емэна, і ў цэлым чысьціню ісламу — ад усіх «тлятворных» уплываў як з боку суседніх манархій (у першую чарга Саудаўскай Арабіі і ААЭ, а таксама Амана — адзінай дзяржавы сьвету, дзе ібадзіты складаюць больш за 75 працэнтаў насельніцтва), так і з боку «сыянісцкага Ізраілю і бязбожнага Захаду».

За апошнія гады хусіцкі рух і іх ідэалёгія і зьнешняя палітыка моцна трансфармаваліся і радыкалізаваліся. «Ансар Ала» пачала выступаць за сусьветны джыхад і «богаўгодную барацьбу» з «заходнім імпэрыялізмам і сіянізмам», хоць 10-15 таму гадоў таму гэта быў чыста емэнскі рух, які выступаў з патрыятычных пазыцый, напрыклад, «супраць узмацненьня ролі салафітаў» у краіне. Пры гэтым пад «салафіцкім» мелася на ўвазе перш за ўсё савудаўскі ўплыў, а не ўвесь салафізм як разнавіднасьць аднаго з вучэньняў у ісламе.

Грамадзянская вайна ў Емэне, які да 1990 года заставаўся падзеленым па племянным прынцыпе на дзьве дзяржавы, па сутнасьці доўгі час уяўляла сабой узброены канфлікт паміж хусітамі з аднаго боку і былымі ўрадавымі сіламі і разнастайнымі апалчэнцамі з другога, пры актыўным самастойным умяшаньні розных атрадаў радыкальных джыхадзістаў, у тым ліку «Аль-Каіды» і ІДІЛ, сэпаратыстаў поўдня і проста бандытаў.

Навабранцы-хусіты. Сана, 11 студзеня 2024
Навабранцы-хусіты. Сана, 11 студзеня 2024

З вясны 2015 года супраць хусітаў, якім усе варожыя ім унутраныя сілы да 2020 года ўдалося здушыць, выступіла ісламская кааліцыя, якую ўзначальвае Саудаўская Аравія, пад маркай супрацьдзеяньня схаванай інтэрвэнцыі ў краіну і распаўсюджваньню ўплыву Ірана, які падтрымлівае аднаверцаў. Ніякіх перамог над хусітамі арміі Саудаўскай Аравіі і яе партнэрам па кааліцыі (Эгіпту, Іярданіі, Аб’яднаным Арабскім Эміратам, Кувэйту, Бахрэйну, Марока і Судану) атрымаць не ўдалося, нягледзячы на відавочную матэрыяльна-тэхнічную перавагу. Наадварот: у апошнія гады «Ансар Ала» нанесла некалькі вельмі адчувальных ракетных удараў па саудаўскай нафтавай інфраструктуры.

У цэлым бедны нафтай і прыроднымі рэсурсамі Емэн, разьмешчаны, аднак, у стратэгічна звыш важным месцы ля вузкага выхаду з Чырвонага мора ў Індыйскі акіян, паміж Азіяй і Афрыкай, стаў за апошнія дзесяць гадоў адной з зон глябальнага ваенна-палітычнага супрацьстаяньня шыіцкага Ірана і суніцкіх Саудаўскай Аравіі, ААЭ і шэрагу іншых краін. Менавіта з гэтай прычыны, напрыклад, войскі ААЭ ў красавіку гэтага года «прэвэнтыўна акупавалі на некаторы час буйную емэнскую выспу Сакотра ў Індыйскім акіяне — з-за асьцярогі, што раней іх гэта зробіць Іран.

Рух, які ненавідзіць Ізраіль

Хусіты на цяперашнім этапе — гэта ў значнай ступені спараджэньне Тэгерана, хоць адначасова і заканамерны плён унутрыемэнскага разьвіцьця на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў. У любым выпадку іранская падтрымка — гэта абсалютна экзістэнцыйнае пытаньне для хусітаў. Таму іх лідэры імкнуцца максымальна ідэнтыфікаваць сябе з Іранам, з яго зьнешнепалітычнымі мэтамі і з яго поглядам на сытуацыю на Блізкім Усходзе, мяркуе палітоляг-арабіст Андрэй Астальскі.

«Крайняя нянавісьць да Ізраіля, якая прапаведуецца ў Іране, зараз выкладаецца з дзіцячых гадоў ужо і ў хусіцкіх школах, і яна стала на сёньня вельмі важным, вызначальным ідэалягічным стрыжнем, на якім будуецца хусіцкае грамадзтва», — думае ён.

Хусіты не адчуваюць сябе ўпэўнена ва ўладзе. Яны маглі б замкнуцца на свае ўнутраныя справы — але адбываецца адваротнае. Дзякуючы таму, што яны прывыклі лічыць Іран вырашальнай сілай, якая дапамагла ім перамагчы сунітаў і ўзяць уладу, лідэры «Ансар Ала» лічаць, і справядліва, што без працягу татальнай іранскай падтрымкі яны могуць уладу страціць — калі страцяць давер і падтрымку Тэгерана ў ранейшых маштабах. Таму і ідзе гэтая радыкальная арыентацыя на іранскую ідэалёгію. Усё гэта да таго ж адцягвае еменскае насельніцтва ад вельмі складаных эканамічных праблем, ад голаду, які там пануе і, як лічаць хусіцкія лідэры, мабілізуе грамадзкую думку на іхную карысьць.

Абстрэльваючы судны ў Чырвоным моры, хусіты дзейнічаюць па ўласнай ініцыятыве? Ці гэта загад, аддадзены з Тэгерану?

Без «зялёнага святла» з боку Тэгерану яны б ніколі не пайшлі на такія рызыкі, лічыць Астальскі.

«Зь лёгікі, ініцыятыва павінна была зыходзіць усё-такі ад самога кіраўніцтва групоўкі „Ансар Ала“, якая імкнецца вельмі спадабацца Тэгерану. Але яны, напэўна, атрымалі ад іх санкцыю на гэта. Без „зялёнага сьвятла“ з боку Тэгерана яны б ніколі не пайшлі на такія рызыкі. І я не сумняваюся, што зараз хусіцкія лідэры задаюць пытаньне сваім іранскім заступнікам: „Ці варта нам рэагаваць на ўдары ЗША і іх саюзьнікаў настолькі жорстка, што гэта прывядзе да далейшай рэзкай эскаляцыі канфлікту?“, — кажа ён.

Але мы хутка гэта даведаемся», — мяркуе Андрэй Астальскі.

«Калі ў Тэгеране дадуць нявызначаны адказ, «вырашайце самі», то насамрэч гэта будзе азначаць «будзьце прагматычныя і асьцярожныя». І тады ёсьць шанец, што сур’ёзнай эскаляцыі не адбудзецца. Але зараз у іранскага рэжыму вельмі складаная ўнутрыпалітычная сытуацыя ўнутры самой краіны. Бо іранская ўлада — таксама не маналіт, унутры яе ёсьць розныя фракцыі. Ёсьць вельмі ваяўнічае крыло, якое блізка да Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КСІР), і яны хацелі б, вядома, эскаляцыі. Ці здолеюць яны пераважыць, ці не, ці больш разважлівыя галовы ў Тэгеране ўсё ж такі дабʼюцца свайго і разрастаньня канфлікту не будзе — пакуль ніхто не возьмецца адказваць на гэтае пытаньне.

Дэманстрацыя ў Сане, 2023
Дэманстрацыя ў Сане, 2023

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG