ЗША і Вялікая Брытанія ў ноч на 12 студзеня нанесьлі ракетныя ўдары па цэлях, зьвязаных з хусітамі ў Емэне.
Хусіты — ваенізаваная групоўка ў Емэне, якая, імаверна, выкарыстоўвае вайсковую і фінансавую падтрымку Ірану. Гэтая групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за напад на два караблі ў Чырвоным моры пры дапамозе вайсковых марскіх бесьпілётнікаў. Каля 15% сусьветнага суднаходзтва праходзіць праз Суэцкі канал — найкарацейшы марскі шлях паміж Эўропай і Азіяй. 18 сьнежня лёнданскі рынак марскога страхаваньня пашырыў зону павышанай рызыкі ў Чырвоным моры, што прывяло да павелічэньня страхавых унёскаў, якія выплачваюцца марскімі транспартнымі кампаніямі.
Як паведаміў «Голас Амэрыкі», ракетныя ўдары падтрымала кааліцыя краін, створаная для абароны суднаходзтва ў Чырвоным моры ад емэнскіх хусітаў. У яе ўваходзяць Аўстралія, Бахрэйн, Канада, Данія, Нямеччына, Нідэрлянды, Новая Зэляндыя, Рэспубліка Карэя, Вялікая Брытанія і ЗША.
У заяве кааліцыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце Белага дому, адзначаецца, што гэты ўдар зьяўляецца рэалізацыяй права на індывідуальную і калектыўную самаабарону.
«Гэтыя ўдары зьяўляюцца прамым адказам на беспрэцэдэнтныя атакі хусітаў на марскія караблі ў Чырвоным моры, уключаючы ўпершыню выкарыстаныя супрацькарабельныя балістычныя ракеты. Гэтыя атакі стварылі пагрозу для гандлю і свабоды суднаходзтва», — заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.
Паводле яго, больш за 50 краін пацярпелі ў выніку 27 атак на міжнародныя камэрцыйныя караблі. Экіпажы больш як з 20 краін трапілі пад пагрозы або былі захопленыя ў закладнікі, больш за 2 000 караблёў вымушаныя былі адхіляцца ад маршруту, каб пазьбегнуць Чырвонага мора, а 9 студзеня хусіты правялі сваю найбольш маштабную атаку, накіраваную непасрэдна супраць амэрыканскіх караблёў.
Паведамляецца, што ЗША і Вялікая Брытанія абстралялі больш за 10 емэнскіх аб’ектаў, якія выкарыстоўваюць хусіты.
Міністэрства замежных спраў Расеі з нагоды ракетнага ўдару па Емэне ініцыявала тэрміновае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН 12 студзеня.