Brutto — «Рокі»
Літаральна ў першыя гадзіны траўня гурт Сяргея Міхалка Brutto прадставіў трэці поўнафарматны альбом. Пра «Рокі» гурт кажа, што нібы адышоў далей ад палітыкі і бліжэй да лірыкі. Экспэртам не асабліва спадабалася. Але прынамсі празь месяц па рэлізе, калі верыць статыстыцы Last.fm, новы альбом слухаюць ня горш за папярэдні.
CherryVata — «Daybreak»
На пачатку 2010-х пра гурт CherryVata, які да таго актыўна канцэртаваў, было мала што чуваць — гурт паступова распадаўся. Але ў 2016-м CherryVata не без удзелу Русі з Šuma выдаў міні-альбом Infinity, а ў траўні 2017-га прадставіў поўны альбом «Daybreak» з новай вакалісткай. Лідэр гурту лічыць, што ў альбоме суцэльны эмбіэнт, хаця пачуць пры жаданьні можна самыя розныя жанры. Асабліва цяжка прывязаць да жанру апошні трэк — беларусамоўную «Вясну».
«нагУаль» — «Землемер и Чипполино»
Гурт «нагУаль» апошнім часам не маўчаў, ды вось паўнафарматных альбомаў не выдаваў аж таксама восем год (у 2014-м выдаў міні-альбом «Маладзік удалы»). Новы альбом, як сьцьвярджаецца ў апісаньні, гэта калекцыя «шансон-балядаў, ад якіх так і дзьме разьняволеным ветрыкам курортных кафэшантанаў».
Naviband паўсюль
У траўні ў Беларусі немагчыма было не пачуць гурт Naviband, які прадстаўляў краіну на «Эўравізіі». Нягледзячы на толькі 17-е месца ў фінале, выступ беларусам, верагодна, спадабаўся: падтрымлівалі горача, сустракалі як герояў.
***
З уласнымі музычнымі імпрэзамі ў Беларусі цяжэй. З аднаго боку, у траўні працягнулі выступаць колішнія фігуранты «чорных сьпісаў», у прыватнасьці, «Крамбамбуля» (што «вярнулася зь лясоў»), і Зьміцер Вайцюшкевіч (нібы можна, але асьцярожна). З канцэрам вярнуўся лідэр некалі папулярнага Rouble Zone (бо ёсьць пяцізённы «бязьвіз»), прадставіў музыка N.R.M. і «Гарадзкіх» Піт Паўлаў прадставіў новы «кантрабандысцкі» праект.
Але пакуль немцы праводзяць півапровад на мэтал-фэст, у Беларусі арганізатары мэтал-фэсту ў Рэчыцы «не дасягнулі адзінай думкі ў канцэпцыі канцэртнай праграмы фэстывалю зь дзяржаўнымі органамі». Ды прынамсі беларускаму рок-фэсту «Басовішча», на які ўжо адабралі канкурсантаў, нічога не пагражае (ён праводзіцца ў Польшчы).
А пакуль беларускія прэміі тым часам зьбірае «Петля пристрастия» (гурт узяў 4 з 6 узнагародаў прэміі Rock Profi у дадатак да раней атрыманых чатырох прызоў прэміі Experty.by), маладыя праекты працягваюць прадстаўляць першыя запісы, як то псыхадэлічныя віцябляне Blacked і акустычны мінімаліст DvaDaMora. Новы праект прадставіў і лідэр Dzieciuki, аж цэлую «Кароткую гісторыю Беларусі», але гэта было ўжо ў першы дзень чэрвеня.