Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асанж выйшаў на волю ў абмен на прызнаньне віны


Заснавальнік сайта WikiLeaks Джуліян Асанж (архіўнае фота)
Заснавальнік сайта WikiLeaks Джуліян Асанж (архіўнае фота)

Як паведамляе WikiLeaks, Асанж выйшаў на волю і пакінуў Вялікую Брытанію.

Асанж выйшаў з турмы строгага рэжыму Белмарш, дзе ён правёў 1901 дзень, і накіраваўся ў аэрапорт Станстэд, дзе ён сеў на самалёт і вылецеў зь Вялікай Брытаніі на востраў Сайпан.

Заснавальнік сайту WikiLeaks Джуліян Асанж мае намер прызнаць віну па абвінавачаньні незаконным атрыманьні і распаўсюджваньні сакрэтных матэрыялаў, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай Злучаных Штатаў, у рамках дасудовага пагадненьня, якім прадугледжваецца яго вызваленьне з турмы ў Вялікай Брытаніі.

Згодна з пагадненьнем, Асанж, які знаходзіўся ў зьняволеньні ў брытанскай турме, зьявіцца ў сераду ў амэрыканскім фэдэральным судзе на ціхаакіянскім востраве Сайпан, сталіцы Паўночных Марыянскіх астравоў, якія зьяўляюцца тэрыторыяй Злучаных Штатаў. Чакаецца, што пасьля заканчэньня слуханьняў і ўхваленьня судзьдзёй пагадненьня паміж Асанжам і фэдэральнай пракуратурай Джуліян Асанж паляціць у Аўстралію, грамадзянінам якой ён зьяўляецца.

У 2019 годзе фэдэральная пракуратура ЗША выставіла Асанжу абвінавачаньні па 18 пунктах, зьвязаныя з апублікаваньнем сакрэтных дакумэнтаў аб дзеяньнях амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку і Афганістане, а таксама канфідэнцыйнай перапіскі амэрыканскіх дыпляматаў, перададзенай «Вікілікс» амэрыканскай вайскоўцы Чэлсі Мэнінг. У выпадку прызнаньня вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачаньня Асанжу пагражала да 170 гадоў турэмнага зьняволеньня. На працягу амаль дзесяці гадоў былы кіраўнік «Вікілікс» спрабаваў пазьбегнуць экстрадыцыі ў ЗША з Вялікай Брытаніі.

Спачатку ён некалькі гадоў правёў у пасольстве Эквадору ў Лёндане, а пасьля пазбаўленьня яго грамадзянства Эквадору і выправаджаныя з пасольства ён быў зьмешчаны ў лёнданскую турму, дзе правёў 5 гадоў, працягваючы аспрэчваць у брытанскіх судах законнасьць амэрыканскага запыту аб яго экстрадыцыі.

Прыхільнікі Асанжа, у тым ліку праваабарончыя арганізацыі, заклікалі адміністрацыю Байдэна адмовіцца ад перасьледу Асанжа, настойваючы на тым, што, абнародуючы сакрэтныя дакумэнты, ён выступаў у ролі журналіста.

Згодна з дасудовым пагадненьнем, Джуліян Асанж гатовы прызнаць віну па адным пункце абвінавачаньня — змове з мэтай распаўсюдзіць інфармацыю, зьвязаную з нацыянальнай бясьпекай. Пяць гадоў, праведзеныя ў брытанскай турме, будуць залічаныя яму ў якасьці пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG