Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто захавае маёнтак А.Ромэра?


Клопат пра захаваньне маёнтку Альфрэда Ромэра ўсклалі на мясцовыя ўлады


Міністэрства культуры запатрабавала ад Пастаўскага райвыканкаму тэрміновых супрацьаварыйных мераў для захаваньня ў вёсцы Каралінова гістарычных пабудоў маёнтка беларускага, літоўскага і польскага мастака, мастацтвазнаўца і грамадзкага дзеяча Альфрэда Ісідора Ромэра.

Пра гэта ў лісьце за подпісам намесьніка міністра Віктара Кураша было паведамлена старшыні грамадзкай рады па ўшанаваньні памяці А.Ромэра мастаку Алесю Цыркунову. Летась спадар Цыркуноў зьвярнуўся ў Мінкультуры і Віцебскі аблвыканкам, выказашы заклапочанасьць пагрозай разбурэньня сядзібы Ромэра, якая знаходзіцца на балянсе Пастаўскага райвыканкаму. У адказ міністэрства культуры абавязала мясцовыя ўлады адчыніць разьліковы рахунак для збору сродкаў на рэстаўрацыю маёнтка і ўшанаваньне памяці.

Паводле пастаўскага краязнаўцы Міхася Гіля, пасля таго, як у 2003 годзе з аднапавярховага драўлянага з мезанінам будынка ўнікальнай пляніроўкі выселілі пачатковую школу, маёнтак паступова разбураецца. Зьнікла агароджа сядзібы, зьнесена стайня, пабудаваная ў XIX стагоддзі. Цяпер, паводле распараджэньня міністэрства культуры, апекавацца маёнткам будзе Камайская школа, а студэнтам-валантэрам Белдзяржуніверсытэту прапанавана арганізаваць летні лягер у Каралінове, і правесьці рамонтныя працы дзеля захаваньня будынка былой сядзібы.

Імя Альфрэда Ромэра, мастака, удзельніка паўстаньня 1863-1864 гадоў, дасьледчыка беларускага мастацтва і побыту, добра вядомае на Пастаўшчыне: яго носяць дзьве вуліцы – у вёсках Камаі і Каралінова, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа. Недалёка ад яе ў наступным годзе, да 600-х угодкаў раённага цэнтру, плянуецца паставіць помнік А.Ромэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG