Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія паралімпійцы, падобна, ня здолеюць кваліфікавацца на зімовую Паралімпіяду, нягледзячы на зьняцьце санкцыяў


Парабіятлён
Парабіятлён

Ніводны беларускі або расейскі спартовец, хутчэй за ўсё, не кваліфікуецца на зімовыя Паралімпійскія гульні ў Міляне — Картыне д’Ампэцца 2026 году, гаворыцца ў заяве Міжнароднага паралімпійскага камітэту (МПК).

У верасьні МПК прыняў рашэньне скасаваць частковае прыпыненьне ўдзелу Беларусі і Расеі, уведзенае пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Тым ня менш МПК паўтарыў, што «міжнародная фэдэрацыя для кожнага віду спорту ў праграме Паралімпійскіх гульняў нясе адказнасьць за вызначэньне кваліфікацыйнага шляху для свайго віду спорту, а таксама права спартоўцаў на ўдзел у спаборніцтвах».

Арганізацыя абвясьціла, што «атрымала пацьверджаньне ад кожнай з чатырох міжнародных фэдэрацыяў, якія ўдзельнічаюць у праграме зімовых Паралімпійскіх гульняў у Міляне — Картыне д’Ампэцца 2026 году, што на практыцы спартоўцы зь дзьвюх краін, праўдападобна, не кваліфікуюцца на сакавіцкія гульні».

Ідзецца пра Міжнародную фэдэрацыю лыжнага спорту і сноўборду (FIS), Міжнародны зьвяз біятляністаў (IBU), Усясьветны кёрлінг і Сусьветны парахакей, перадае AFP.

У аўторак FIS прагаласавала за пастанову, у якой абяцае «не спрыяць удзелу спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў сваіх кваліфікацыйных спаборніцтвах», у той час, паводле МПК, IBU пацьвердзіў, што спартоўцы з гэтых краін «застаюцца адхіленымі ад спаборніцтваў».

Што да кёрлінгу на інвалідных вазках, міжнародная фэдэрацыя ў гэтым відзе падоўжыла адхіленьне Беларусі і Расеі ад сваіх спаборніцтваў «да канца сэзону 2024–2025», што азначае, што дзьве краіны «ня могуць кваліфікавацца» на Паралімпіяду.

Расея мае права ўдзельнічаць у паралімпійскіх хакейных спаборніцтвах, але фэдэрацыя гэтага віду спорту заявіла, што ёй «на практыцы немагчыма кваліфікавацца» на Паралімпійскія гульні.

«МПК цалкам паважае рашэнне Генэральнай асамблеі МПК не працягваць частковае прыпыненьне сяброўства Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі і НПК Расеі, мы таксама цалкам паважаем рашэньні кожнай міжнароднай фэдэрацыі што да відаў спорту, якімі яны кіруюць», — заявіў прэзыдэнт МПК Эндру Парсанс.

Бразілец дадаў, што цяпер пазыцыі чатырох фэдэрацыяў «ясныя», ён спадзяецца, што «зараз у цэнтры ўвагі будуць выбітныя спартоўцы, якія будуць спаборнічаць у Міляне — Картыне’2026».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG