Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве суд адмяніў рашэньне аб перадачы былой палітзьняволенай Натальлі Падлеўскай у Літву

абноўлена

Натальля Падлеўская, архіўнае фота
Натальля Падлеўская, архіўнае фота

Цяпер Натальля, як інфармуе ініцыятыва Partyzanka, знаходзіцца ў Літве, у пункце разьмяшчэньня іншаземцаў, у цяжкім фізычным і эмацыйным стане.

Ваяводзкі адміністрацыйны суд Варшавы на сваім пасяджэньні 24 кастрычніка адмяніў рашэньне аб перадачы былой палітзьняволенай Натальлі Падлеўскай з Польшчы ў Літву.

Як паведаміў тэлеканал Белсат, яе справу накіравалі на перагляд.

Раней Telegram-канал Partyzanka паведаміў аб пачатку 24 кастрычніка ў ваяводзкім адміністрацыйным судзе ў Варшаве судовага пасяджэньня ў справе былой палітзьняволенай Натальлі Падлеўскай. У суд была пададзеная заява аб прыпыненьні выкананьня рашэньня перадаць Падлеўскую ў Літву адпаведна так званай Дублінскай працэдуры.

Аднак за два дні да гэтага, 22 кастрычніка, да Натальлі дадому пад Уроцлаў прыехалі памежнікі, забралі яе, ня даўшы часу спакаваць рэчы, і праз содні адправілі ў Літву.

Ініцыятыва Partyzanka спрабавала дапамагчы Падлеўскай, зьвярталася ў Памежную службу Польшчы і да польскага омбудсмэна, у яе падтрымку пісалі з Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.

Але Памежная служба вывезла яе без папярэджаньня і магчымасьці сабраць асабістыя рэчы і лекі.

«Натальля цярпіць ад посттраўматычнага стрэсавага разладу і знаходзіцца ў дрэнным стане, хворая на грып. Перавозілі яе ў кайданках, у клетцы, без гігіенічных сродкаў і мабільнага тэлефона. У Познані Натальлі стала дрэнна і яна была дастаўлена ў лякарню хуткай дапамогі, дзе памежнікі настойвалі на працягу яе вывазу. Начавала яна ў камэры з двума мужчынамі, бязь ежы і неабходных лекаў», — паведаміла Partyzanka.

Цяпер Натальля, паводле інфармацыі ініцыятывы, знаходзіцца ў Літве, у пункце разьмяшчэньня іншаземцаў, у цяжкім фізычным і эмацыйным стане.

Пра тое, што былую палітзьняволеную беларуску Натальлю Падлеўскую памежнікі забралі з дому, дзе яна жыла ў Польшчы, і вывезьлі ў Літву, раней расказала Свабодзе юрыстка Ганна Маціеўская.

Прычына ў тым, што Падлеўская ўяжджала ў Эўразьвяз зь літоўскай візай. У Польшчы яна падала заяву на міжнародную абарону, але ёй двойчы адмовілі, бо, паводле Дублінскага пагадненьня, ейную сытуацыю маюць разглядаць у Літве.

Падлеўская спрабавала абскардзіць гэтыя рашэньні праз суд. Яна больш за год пражыла ў Польшчы, у яе там жывуць блізкія.

Натальлі Падлеўскай 60 гадоў. Яе затрымалі ў лістападзе 2021 году нібыта за «абразу Лукашэнкі» і некалькіх прадстаўнікоў улады. У траўні 2022 году яе асудзілі на год калёніі. Яна вызвалілася ўлетку 2022 году, пасьля гэтага зьехала ў Польшчу і ў верасьні 2024 году падала там заяву на міжнародную абарону.

Свабода дазванілася да прэс-сакратаркі Памежнай службы Польшчы ў Варшаве. Аднак яна адмовілася даваць камэнтар наконт какнрэтнага чалавека праз тэлефон. Мы зьвярнуліся ў памежную службу таксама пісьмова. Калі будзе адказ, мы яго апублікуем.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG