Аляксандр Лукашэнка заявіў пра сытуацыю ў Віцебскай вобласьці:
«Яна сумная. Яна горшая, чым дзе-небудзь, і нават у тых пытаньнях, якія для мяне пазамежавыя і непрымальныя, як паморак жывёлы: у вас 140 працэнтаў рост да ўзроўню мінулага году», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка заклікаў не дапусьціць стагнацыі рэгіёну і спыніць рост нэгатыўных тэндэнцыяў. Ён прызнаў, што ў асобных вытворчых кірунках адставаньне Віцебшчыны ад іншых рэгіёнаў становіцца крытычным, менш становіцца людзей, занятых у эканоміцы рэгіёну: у параўнаньні з студзенем–жніўнем мінулага году мінус 3,5 тысячы занятых у эканоміцы, а за 2024 год было яшчэ мінус 4,2 тысячы.
Як паведаміў БелТА кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты, на нараду запрошаныя 300 кіраўнікоў, фактычна ўсё кіраўніцтва Віцебскай вобласьці.
Як сказаў Круты, заплянаваны памер валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) вобласьці за 5 гадоў яшчэ ні разу ня быў дасягнуты, а ўзровень складзкіх запасаў на прадпрыемствах найбольшы у краіне.
У 2016 годзе кіраўніцтва вобласьці прапанавала аб’яднаць каля ста сельскагаспадарчых структураў Віцебшчыны ў 6 «аграпрамысловых інтэграцыйных структураў». Гэты працэс суправаджаўся інтэнсіўнай дзяржаўнай падтрымкай. Аднак па-ранейшаму каля 30% сельскагаспадарчых арганізацыяў, якія туды ўваходзяць, працуюць з стратамі, расказаў Круты.
Ёсьць складанасьці і ў перапрацоўчай прамысловасьці, якая авансавала выпуск аграрнай прадукцыі, але не дачакалася яе. Адказам на масавыя неплацяжы і стратнасьць сталі просьбы мясцовага кіраўніцтва пра чарговую дзяржаўную падтрымку. Распрацаваную год таму кіраўніцтвам вобласьці праграму разьвіцьця раёнаў Віцебшчыны Лукашэнка назваў «пражэкцёрствам».
У Беларусі пáдае колькасьць буйной рагатай жывёлы і сьвіней. Год назад налічвалася 4,1 млн. галоваў буйной рагатай жывёлы і 2,2 мільёна сьвіней. Праз год, за студзень–верасень 2025 году, у Беларусі налічваецца 3,9 млн. галоваў буйной рагатай жывёлы і 2 мільёны сьвіней. Кароваў, паводле афіцыйных зьвестак, не паменела — 1,4 млн галоваў.
Форум