Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малыя гарады Беларусі церпяць ад беспрацоўя


22 студзеня Савет Міністраў прыняў дзяржаўную праграму садзейнічаньня занятасьці насельніцтва на 2008 год.


Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 44,1 тысячы беспрацоўных. Асабліва вострая праблема занятасьці малых гарадах. Таму ўрад вызначыў сёлета 23 гарады з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, ў якіх сёлета загадана зьнізіць напружанасьць на рынку працоўнай сілы.
Вядучы спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка кажа, што ў Дзяржпраграме мінулага году было 29 малых гарадоў, дзе людзям вельмі цяжка знайсьці працу. У новай праграме іх стала 23:
“У шасьці гарадах ужо стабілізавалася абстаноўка. Нельга сказаць, што там ужо ўсе праблемы вырашаныя. Але калі 10 гадоў таму ў Ганцавічах Берасьцейскай вобласьці ўзровень беспрацоўя быў 10%, то сёньня мы кажам ужо пра 3 – 4%. Гэта ўсё адно высокі ўзровень. Але ў параўнаньні прагрэс ёсьць”.
Беспрацоўе на пэрыфэрыі мяркуецца вырашаць за кошт стварэньня новых працоўных месцаў у асноўным, у сфэры абслугоўваньня, гандлю. Таксама за кошт субсыдыяў і пазыкаў з Фонду спрыяньня занятасьці на адкрыцьцё сваёй справы. Прычым, пазыка беспрацэнтная, субсыдыя беззваротная. Натуральна, новыя прамысловыя прадпрыемствы будуюць толькі ў лічаных гарадах, да прыкладу, у Шклове завод па вытворчасьці газэтнай паперы. Бальшыні малых гарадоў шанцуе менш. Валянціна Кудлацкая з Верхнедзьвінску кажа:
“Няма ў гэтай праграме такіх буйных прадпрыемстваў, якія дапамаглі вырашыць гэту праблему. Пабудаваная невялічкая ЦЭЦ, але ж яна дала працу дзесятку чалавек. Будуецца вялікі мост, але яго будуць арганізацыі зь Віцебску. Я маю магчымасьць параўноўваць з тымі часамі, калі ў нас быў шэраг прамысловых прадпрыемстваў (няхай сабе і раённага маштабу) – торфабрыкетны завод, камбінат будаўнічых матэрыялаў. Сёньня няма гэтых прадпрыемстваў. Няма асобна сельгасхіміі, райаграснабу няма, райсельгастэхнікі – яны аб’яднаныя ў адзін калектыў. І калі раней толькі ў райсельгастэхніцы працавала больш за 300 чалавек, то зараз у такім супольным калектыве 200. А гэтыя ж людзі ня зьехалі, яны жывуць тут”.
У правінцыі на дапамогу дзяржавы спадзявацца не выпадае, людзі самі павінны круціцца, шукаць, як зарабіць. “Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў”, жартуе актывіст з Браславу Кастусь Шыдлоўскі. Тут актыўна разьвіваецца экалягічны турызм:
“Значная колькасьць людзей мясцовых папросту атрымлівае там працу. Яны працуюць і будаўнікамі, і вартаўнікамі, займаюцца абслугоўванньнем. Па-другое, Браслаў – гэта памежная тэрыторыя, людзі маюць сваякоў у Латвіі, Літве і нейкім чынам уладкоўваюцца там. Плюс магчымасьць яшчэ падзарабіць на трансгранічным гандлі. У Браславе сытуацыя ўсё ж такі больш спрыяльная, таму што тапельцы, так бы мовіць, маюць крыху больш саломінак для выратаваньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG