Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму закрылі працэс над журналістам “Згоды”?


Аляксандар Зьдзьвіжкоў
Аляксандар Зьдзьвіжкоў

Працэс над былым намесьнікам рэдактара газэты “Згода” Аляксандрам Зьдзьвіжковым закрылі пасьля першага перапынку. Журналісты дамагліся, каб судзьдзя, які абвясьціў гэтае рашэньне за зачыненымі дзьвярыма, папрасіў прабачэньня.


У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над былым намесьнікам рэдактара газэты “Згода” Аляксандрам Зьдзьвіжковым. Журналіста абвінавачваюць у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Нагадаю, у 2006 годзе пад рэдактарствам Зьдзьвіжкова выйшаў нумар газэты “Згода” з карыкатурамі на прарока Мухамэда. За гэта журналісту пагражае пакараньне ад грашовага штрафу да 5 гадоў зьняволеньня.
Перадузяты характар, пазбаўляе працэс суперніцтва. Цяжка абараняцца, седзячы ў жалезнай клетцы

Судзяць журналіста ў Менскім гарадзкім судзе
Абвінавачаны сваёй віны не прызнаў і адразу заявіў пра недавер судзьдзі Руслану Аніськевічу. Маўляў, судзьдзя дапамагае пракуратуры, якая перасьледуе яго з рэлігійных прычын. Гэтую дапамогу Аляксандр Зьдзьвіжкоў убачыў у тым, што судзьдзя сваёй пастановай працягнуў утрыманьне яго пад вартай:

“Судзьдзя Аніськевіч адпачатку надае гэтай крымінальнай справе перадузяты характар, пазбаўляе працэс суперніцтва. Бо цяжка абараняцца, седзячы ў жалезнай клетцы”.

Недавер судзьдзі быў адхілены, але журналісты пра гэта даведаліся не на судовым паседжаньні. Справа ў тым, што пасьля перапынку міліцыянты не пусьцілі публіку ў судовую залю, спаслаўшыся на тое, што суд абвясьціў працэс закрытым. Журналісты паскардзіліся старшыні Менскага гарадзкога суду Міхаілу Ардзяку. Пасьля размовы ў кабінэце Міхаіла Ардзякі судзьдзя Руслан Аніськевіч публічна папрасіў у журналістаў прабачэньня. Што ж да яго рашэньня, яно засталося нязьменным: далей судовы працэс над Аляксандрам Зьдзьвіжковым пойдзе ў закрытым рэжыме. Паводле судзьдзі, гэтага папрасіў прадстаўнік пракуратуры.

“З мэтай забясьпечыць неразгалошваньне зьвестак, якія абражаюць пачуцьці ўдзельнікаў працэсу”, — патлумачыў судзьдзя Руслан Аніськевіч.

Пасьля перапынку праэцэс зрабілі закрытым
Пакуль працэс быў яшчэ адкрыты, сталі вядомыя падрабязнасьці арышту Аляксандра Зьдзьвіжкова. Яго затрымалі летась, 18 лістапада, у Барысаве. Да гэтага часу Аляксандар Зьдзьвіжкоў, паводле ягоных словаў, жыў за межамі Беларусі, але прыехаў у Барысаў, каб наведаць магілу бацькі. “Я падазраваў, што мяне затрымаюць”, — сказаў суду журналіст. Паводле былых калег Аляксандра Зьдзьвіжкова, у 2007 годзе ён жыў у Маскве, а потым у Кіеве, хаваўся ў манастыры. У той час менская гарадзкая пракуратура ўжо вяла супроць яго крымінальную справу, а міліцыя абвясьціла яго ў вышук.

Пасьля арышту журналіста трымалі ў турме КДБ — “амэрыканцы”. Аляксандр Зьдзьвіжкоў заявіў, што да яго не дапускалі адваката. У судзе журналіста абараняла адвакатка Марыя Аляксандрава, пагаварыць зь якой журналістам пакуль не ўдалося.
Ніякіх успышак рэлігійнай ці нацыянальнай варожасьці за гэтыя два гады не адбылося


Прадстаўнік абвінавачаньня Аляксей Варанчыкоў ад камэнтару адмовіўся.

Сёньня ў суд у якасьці сьведкі выклікалі былога рэдактара “Згоды” Аляксея Караля. Вось як ён пракамэнтаваў рашэньне аб закрыцьці працэсу:

“Ніякіх успышак рэлігійнай ці нацыянальнай варожасьці за гэтыя два гады не адбылося. Па сутнасьці, усе ўжо забыліся на тую справу. Таму я мяркую, што гэта зараз несвоечасовы акцэнт. Акцэнт на ўзбуджэньне таго, што адышло, не пакінуўшы сьлядоў”.

Аляксей Кароль мяркуе, што Аляксандар Зьдзьвіжкоў надрукаваў у газэце карыкатуры на прарока Мухамэда не ў правакацыйных мэтах, а з прычыны свайго “эмацыйнага характару”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG