Яго абвінавачваюць у распальваньні релігійнай варажнечы. Былы рэдактар "Згоды" Аляксей Кароль атрымаў інфармацыю з гарсуду, што Зьдзьвіжкоў знаходзіцца пад арыштам.
У перадапошні дзень мінулага году былы рэдактар “Згоды” Аляксей Кароль атрымаў позву зьявіцца ў суд у якасьці сьведкі па справе ягонага былога намесьніка.
Кароль: "Гэтая справа была заведзеная па факце публікацыі ў газэце "Згода" тых малюнкаў пра прарока Мухамэда. Яны былі ўзятыя з Інтэрнэту. Гэта было ў лютым 2006 году. 16 лютага выданьне газэты было Вышэйшым гаспадарчым судом спыненае. Па факце публікацыі малюнкаў была распачатая крымінальная справа, вялося сьледзтва, быў праведзены ператрус у маёй кватэры - фактычным месцы знаходжаньня рэдакцыі.
Паколькі падчас сьледзтва галоўным абвінавачаным быў прызнаны Зьдзьвіжкоў, то справа была прыпыненая, калі ён зьнік зь Менску і зь Беларусі. Быў абвешчаны вышук.
Справа была перададзеная ў суд, але была прыпыненая ў сувязі з адсутнасьцю галоўнага абвінавачанага. 30 сьнежня мінулага году я атрымаў позву зьявіцца ў суд а 14 гадзіне 11 студзеня 2008 году ў якасьці сьведкі. Ведаю, што такія павесткі атрымалі яшчэ некалькі чалавек з былой рэдакцыі "Згода". Да гэтага я ня ведаў, дзе Зьдзьвіжкоў, але ведаў , што вядзецца вышук, бо са мной на гэты конт размаўлялі.
У той час даводзілася тлумачыць (справа была гучная), што гэтыя малюнкі Зьдзьвіжкоў перадрукаваў самастойна, без узгадненьня са мной. Я тады спыніў распаўсюд газэты. Па-сутнасьці, стаяла пытаньне аб свабодзе слова і пачуцьцях вернікаў. Я зрабіў свой выбар на карысьць пачуцьцяў вернікаў, ня той быў палітычны момант, калі трэба было перадрукоўваць такія малюнкі.
Але на сёньняшні дзень прайшло амаль два гады, рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы тая публікацыя ня выклікала і выклікаць не магла. І таму я хацеў бы спадзявацца, што суд завершыцца для Зьдзьвіжкова выхадам на волю".
Паводле артыкулу 130 ч 1. КК “Распальваньне рэлігійнай варажнечы”, Аляксандру Зьдзьвіжкову можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўленьня волі.