Мястэчка Алесіна ўражвае падарожніка адразу, зь першага позірку — шляхецкім выглядам. Перад вачыма спачатку паўстае прыгожая сажалка, празь якую вядзе мост. А за сажалкай вас чакае проста нейкая Прусія, але ніяк не савецкая Беларусь.
Высачэзныя будынкі, складзеныя з валуноў і чырвонай цэглы. Алесіна — радавое гняздо роду Манюшкаў, якое напрыканцы ХІХ стагодзьдзя перайшло Ваньковічам. Тым самым, якія далі Беларусі знакамітага мастака. Уся гэтая псэўдагатычная прыгажосьць — рэшткі іх гаспадарчых пабудоваў. Зрэшты, чаму рэшткі?
У былым бровары, стайні й сыраварні сёньня месьцяцца праўленьне СВК, сталовая і клюб.
Алесінская школа, тыповы будынак 1960-х гадоў, прайграе пабудовам Ваньковічаў. Зрэшты, школа, як вынікае з шыльды, зусім не алесінская, а верхменская. Але на гэтым блытаніна не канчаецца. На сьцяне школы вісіць яшчэ адна шыльда, мэмарыяльная, зь якой вынікае, што тут настаўнічаў народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Разгадаць тапанімічную блытаніну мне дапамаглі алесінскія настаўніцы. Сьвятлана Лявонцеўна, выкладчыца роднай мовы, і Ала Міхайлаўна, выкладчыца біялёгіі. Госьця адразу ж павялі ў музэй Коласа.
Заўжды прыемна назіраць за людзьмі, якія ганарацца сваёй справай. Музэй уражвае ня столькі багацьцем дакумэнтаў, колькі цікавымі дэкарацыямі. Тут цалкам адноўлены пакой настаўніка пачатку мінулага стагодзьдзя і школьная кляса. Дзеці, відаць, у захапленьні.
Сьвятлана: “Калі ён працаваў у Пінкаўскай школе, ён дапамагаў скласьці сялянам пэтыцыю на мясцовага памешчыка — і за гэта ён быў пакараны і адпраўлены да нас, у Верхменскае народнае вучылішча”.
Карэспандэнт: “Ня самая горшая ссылка”.
Сьвятлана: “Калі мы даходзім да верхменскага пэрыяду, тут экскурсія спыняецца, уся ўвага пераключаецца на нашу сцэнічную пляцоўку, у нас інтэрактыўны музэй, і тут мы ставім “Прыезд Лабановіча”, “Знаёмства з вучнямі”, і ажываюць творы Якуба Коласа. Больш вы такога музэю нідзе не сустрэнеце. Ён адзіны ў рэспубліцы, ён інтэрактыўны, спалучэньне музэю і тэатру, і другое — нідзе больш Якуб Колас не паказаны, як настаўнік”.
На сьцяне вісіць фатакартка пажылога селяніна.
Сьвятлана: “Што яшчэ ў нас такога каштоўнага ёсьць? Вось гэта яго сапраўды вучань. Зь вёскі Праходка, Міхаіл Сямёнавіч Мініч. Яго, канечне, цяпер ужо няма. У нас ёсьць яго ўспаміны. І тут ён піша, што Колас быў ня толькі добрым настаўнікам для дзяцей, а наагул для ўсіх сялянаў. Добрым дарадцам і памочнікам”.
У размову ўступае Ала Міхайлаўна.
Ала: “Бабулька сказала адна. Мясцовыя жыхары казалі, што ён хадзіў у вёску Шабуні да маладзіцы”.
Карэспандэнт: “А чым яшчэ займацца маладому настаўніку?”
Сьвятлана: “Быў, як усе”.
Ала: “Хадзіў да маладзіцы. Я не магу сказаць, да каго канкрэтна ён хадзіў. Так што, быў такі самы чалавек”.
Сьвятлана: “Я раю вам прачытаць трылёгію “На ростанях”, частку “Верхань”. Там усё напісана, які ён быў чалавек. Як ён там і хацеў бы, але, як настаўнік ня мог сабе дазволіць”.
Карэспандэнт: “Гэта пэрсанаж ня мог сабе дазволіць, а прататып мог”.
Да нашай кампаніі далучаецца маладая кабета з маскоўскім пранонсам, выкладчыца ангельскай мовы Алена Лявонаўна. Як вынікае зь яе расповеду, школу часта наведваюць замежныя дэлегацыі.
Алена: “У нас ўзьнікла такая ідэя — растлумачыць людзям на ангельскай мове, хто такі Колас. Бо мы ведаем, хто такі Шэксьпір, мы ведаем шмат, а яны ня ведаюць, што такое Беларусь”.
Карэспандэнт: “А як вы прэзэнтуеце Коласа?”
Алена: “Мы яго прэзэнтуем як настаўніка. І мы прэзэнтуем яго як чалавека, як пісьменьніка. Дырэктар такійскай школы пытаўся, чаму мы менавіта яго паказваем? Ён стаў клясыкам нашай беларускай літаратуры, нашай беларускай мовы. Цікава — для нас у школе, калі самі былі вучнямі, як абраз быў, як Уладзімер Ільліч Ленін, калі я вучылася. Як абраз сапраўдны”.
Карэспандэнт: “Вельмі добрая расейская мова ў вас. Жылі ў Расеі?”
Алена: “Не. У мяне вельмі добрая ангельская таксама”.
Карэспандэнт: “А беларуская не?”
Алена: “A little”.
Мяне вельмі азадачыў адзін экспанат, які ня мае непасрэднага дачыненьня да Коласа. У кнізе водгукаў я знайшоў усім знаёмае прозьвішча. У 2001 годзе Алесіна наведаў Аляксандар Лукашэнка.
Завітаў ён і сюды. І нават прадэманстраваў добрае валоданьне беларускай мовай, напісаўшы, што “безь мінулага няма будучыні”. Але вось расьпісаўся першы прэзыдэнт іншымі чарніламі. Ці то тэкст за яго напісаў які візір, ці то расьпісваецца ён спэцыяльнай асадкай?
Такім чынам, у Алесіне Колас не выкладаў. Ён жыў і працаваў у суседнім Верхмені. Школа там згарэла ў пасьляваенны час. Замест таго, каб яе аднаўляць, у суседнім мястэчку пабудавалі вялікую новую ўстанову, надаўшы ёй імя верхменскай.
Варта прайсьці адзін кілямэтар на поўдзень, каб пабачыць у занядбаным Манюшкаўскім парку каменныя падмуркі той, коласаўскай школы.
Карэспандэнт: “Гэта парк Манюшкаў?”
Ала: “Цяпер яго называюць парк Якуба Коласа. Тут стаяла школа старая. Вунь там стаіць падмурак, дзе ён выкладаў”.
Побач з колішняй школай жыве яе былая дырэктарка, Ганна Цімафееўна. Вельмі старая і стомленая жанчына.
Карэспандэнт: “Што быў за дзядзька?”
Ганна: “Звычайны селянін. Быў такі настаўнік. Як прысвоілі званьне новай школе, туды прыяжджаў сын яго старэйшы, прыяжджаў Шушкевіч пісьменьнік, бацька Станіслава, Вітка”.
Карэспандэнт: “А яшчэ да вас Лукашэнка прыяжджаў…”
Ганна: “Быў Лукашэнка. Але мы не хадзілі”.
Карэспандэнт: “Чаму?”
Ганна: “Казалі, што там пасты стаяць”.
Разам зь імем беларускага клясыка алесінцы і верхменцы вельмі ганарацца яшчэ двума прозьвішчамі. Пана Ваньковіча, які ўладарыў тут больш чым сто гадоў таму. І колішняга старшыні калгасу Фёдара Прывалава.
Вось, напрыклад, пэнсіянэр Віктар Паўлавіч Разумовіч — карэнны жыхар Верхменю і чалавек у навакольлі незаменны, бо мае свой грузавік.
Карэспандэнт: “Што расказвалі пра Ваньковіча?”
Віктар: “Што ён быў неблагі. Каровы стаялі парабкаў у кароўніку панскім. Карміў іх панскі скотнік. Гаспадыня толькі хадзіла іх падаіць. Бацька нябожчык гаварыў, што “мы ў лапцях хадзілі, а парабкі ў ботах”.
Расказвалі яшчэ пра яго, што ў дзеда кароўка падохла. Пайшоў да пана. Спытаў: “Паночак, можа б, кароўку? Дзеці галодныя”. — “А табе малака хопіць?” — “Хопіць”. — “Дык хадзі і бяры маё малако”. Нават парабку дровы, быў спэцыяльны чалавек, завозіў”.
Карэспандэнт: “Ваша машына?”
Віктар: “Гэта ж мне Прывалаў падарыў, Фёдар Іванавіч”.
Карэспандэнт: “Яна корміць?”
Віктар: “Да 2005 году мяне адправілі. Сказалі, бэнзіну няма і працы няма”.
Ала: “Шчыра кажучы, у вёсцы незаменная рэч у апошні шлях. Колькі ўжо чалавек праводзіў. Усе адразу ўспамінаюць Паўлавіча”.
Імя былога трактарыста Васіля Сідаравіча Дудка калісьці грымела на ўвесь раён. Ардэнаносец і перадавік. Ён таксама цёплым словам згадвае Прывалава. Бо яму, калі руйнаваўся Савецкі Саюз, старшыня падараваў трактар.
Васіль: “Цяпер, канечне, многія зайздросьцяць гэтаму ладу. А я па звычцы зайздрошчу старому, які быў за Савецкім Саюзам. Перакруцілі, перавярцелі. Ці лёгка было гэтаму Лукашэнку аднавіць гэта ўсё?”
Карэспандэнт: “А ён прыяжджаў сюды”.
Васіль: “Ён прыяжджаў, я ня бачыў яго”.
Карэспандэнт: “Не хадзілі?”
Васіль: “Нас не запрашалі. Я вам хачу сказаць, калі вы закранулі гэтую тэму. З 1991 году па гэты год… Быў у свой час перадавы. Я патрэбны быў. А так — ніхто не прыедзе, ніхто не пацікавіцца. Я, канечне, усім задаволены. Справа ня ў грошах, а справа, каб чалавек ня быў забыты. Тады патрэбны быў, а цяпер, як пайшоў на пэнсію, нікому не патрэбны”.
Часьцей за юных піянэраў кавалера Ордэну Кастрычніцкай рэвалюцыі наведваюць зусім ня юныя сьледапыты. Скупшчыкі савецкіх узнагародаў.
Васіль: “Прыяжджалі пакупнікі. Не адзін, а некалькі разоў. Я кажу, што свой мазоль не прадаю. “Вы ж мала грошай атрымліваеце, мы добра заплацім вам”. Я кажу: “Мне хопіць. А гэтыя мазалі, хай застаюцца дзецям, унукам, праўнукам. Хай будуць памятаць, які іх быў дзед і бацька”. Я іх берагу, гэтыя ордэны”.
Карэспандэнт: “І колькі прапаноўвалі?”
Васіль: “Дзьвесьце даляраў за ордэн. Гэта два гады таму прыяжджалі. Чатыры гады назад прыяжджалі… Такія справы. Жывем, змагаемся”.
А скончыць дазвольце цытатай з клясыка. Бо ідучы ў бок сталіцы і азіраючыся назад, прыемна пераканацца, што ад часу Лабановіча тут нічога не зьмянілася.
“Мінуўшы панскі двор са старасьвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусьцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам, прабегла цераз масток — тут цякла невялічкая рачулка — ды зноў пашыбавала ўгору на процілеглы бераг раўчавіны. Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань”.