Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьняволеных пазбаўляюць турэмнага шпіталю. Што замест?”


З 1 красавіка ў Беларусі рашэньнем Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС зачынілі Рэспубліканскую агульнасаматычную лякарню на вуліцы Кальварыйскай у Менску на 300 ложкавых месцаў. Замест старога шпіталю плянавалі пабудаваць новы ў Калядзічах на 170 месцаў. Пры канцы мінулага году на Кальварыйскай пачалі скарачаць мэдпэрсанал і зачыняць аддзяленьні. Цяпер старой лякарні ўжо няма, аднак новая яшчэ не пабудаваная.

Як паведамілі журналістам у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, праблемаў з аказаньнем мэдычнай дапамогі зьняволеным ня будзе. Цяпер хворых будуць часьцей пад канвоем накіроўваць у звычайныя лякарні. Да таго ж на час адсутнасьці агульнанацыянальнага турэмнага шпіталю хворых мяркуюць разьмяшчаць у палаты ў СІЗА №1 на Валадарцы, дзе ёсьць 60 ложкавых месцаў.

Як лічаць беларускія праваабаронцы, якія маюць досьвед лекаваньня ў турэмных мэдычных установах, нягледзячы на вялікія хібы, “бальнічка” на Кальварыйскай была тым месцам, дзе зьняволеным аказвалі перш за ўсё хірургічную дапамогу, у тым ліку і экстраную, дзе хворыя людзі знаходзіліся пад сталым мэдычным даглядам. Да таго ж гэта было, бадай, адзінае месца, дзе маглі тэрапэўтычна вырашаць галоўную праблему ледзьве ня кожнага зьняволенага – стаматалягічную. Бо ў турэмных санчастках зубы звычайна проста выдаляюць.

Праваабаронца і былы палітвязень Цімох Дранчук ня бачыць у сытуацыі нічога добрага:

“Дакладна нічога добрага. Таму што і так месцаў у старым шпіталі звычайна не хапала, улічваючы колькасьць нашых калёніяў і колькасьць людзей, якія там знаходзяцца – па самых мінімальных падліках гэта тысяч 40. І, зразумела, што шпіталю на 300 месцаў абсалютна недастаткова, беручы пад увагу ўмовы ў нашых калёніях: там значна большы, чым на волі, адсотак людзей, якія цярпяць ад розных хваробаў“.
Старой турэмнай лякарні ўжо няма, аднак новая яшчэ не пабудаваная

Як лічыць Дранчук, у параўнаньні з мэдчасткамі пры СІЗА і калёніях турэмная “бальнічка” на Кальварыйскай была адзіным месцам, дзе можна было разьлічваць на больш менш адэкватную мэдычную дапамогу. Што да мэдычнага корпусу на Валадарцы...

“Вельмі адносна гэта можна назваць бальнічкай. Там ёсьць некалькі камэраў, якія нібыта адносяцца да так званага мэдычнага корпусу, аднак яны ніколькі ня розьняцца ад звычайных, проста знаходзяцца паблізу мэдычнага кабінэту. Калі ўдзень нешта дрэннае з чалавекам здараецца, то, зразумела, да яго, хутчэй за ўсё, прыйдуць. Аднак практыка паказвае, што калі ўвечары штосьці з чалавекам станецца, то дапамога не гарантаваная. На Валадарцы няма дастатковых магчымасьцяў, каб аказаць дапамогу чалавеку пры нейкіх сур’ёзных сымптомах. Адзіная праблема для тамтэйшых мэдыкаў, што чалавек можа там памерці. Аднак яны не заўсёды гэта разумеюць”, - кажа праваабаронца.

Паводле экспэртных ацэнак, “часовая адсутнасьць турэмнага шпіталю можа павялічыць сьмяротнасьць у папраўчых установах на 30%”. У Беларусі, адзначаецца ў дакумэнтах ААН, пакуль што няма ніводнай турмы, якая б адпавядала стандартам Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ) што да інфэкцыйнага кантролю.
На Валадарцы няма дастатковых магчымасьцяў, каб аказаць дапамогу чалавеку пры нейкіх сур’ёзных сымптомах.

Тым часам, рашэньне ДВП ужо выклікала розгалас у пэўных грамадзкіх колах. Напрыклад, сярод руху нацболаў. Яны зьбіраюцца ладзіць з гэтай нагоды флэшмоб, пікеты, а таксама зьбіраюць подпісы ў падтрымку грамадзянскіх правоў зьняволеных, патрабуючы ад беларускіх уладаў не зьневажаць правоў і свабод асобаў, якія ўтрымліваюцца ў турэмных установах, а забясьпечыць гарантаваным канстытуцыйным правам на ахову здароўя ў бальніцы.

Ініцыятар гэтых акцыяў Дзяніс Сахар паведаміў “Свабодзе”:

“Калі гаварыць аб прычынах, то, па-першае, мы неабыякавыя грамадзяне і нам далёка ня ўсё адно, што адбываецца ў нашай краіне, асабліва калі гэта тычыцца такой вялікай колькасьці людзей. А па-другое, мы самі знаходзімся ў групе рызыкі, паколькі займаем актыўную жыцьцёвую пазыцыю. Шэраг нашых актывістаў знаходзіліся ў зьняволеньні і добра ведаюць, наколькі няўчасная мэдычная дапамога ў тых умовах, а таксама што за якасьць дапамогі ў месцах зьняволеньня”.

Дзяніс Сахар мяркуе, што ня ўсё добра было зь якасьцю лячэньня і ў турэмным шпіталі:

“Зразумела, ня надта вялікія сродкі вядзяляюцца на гэтае мэдычнае абслугоўваньне. Напэўна, ня надта добрае стаўленьне да кантынгенту тых хворых. Але ўсё ж калі пытаньне стаіць пра жыцьцё і сьмерць, а там шмат людзей з сур’ёзнымі захворваньнямі – гепатытам, СНІДам, – то тут выбіраць не даводзіцца. У любым выпадку хоць нейкая дапамога тут магла б быць аказаная. Адсутнасьць шпіталю, нават часовая – тое пытаньне, якое не павінна заставацца без увагі”.

У сваім хадайніцтве да ўраду нацболы таксама патрабуюць:

  • у кароткі тэрмін вырашыць праблему аказаньня мэдычнай дапамогі зьняволеным,

  • пакараць вінаватых асобаў, адказных за невыкананьне плянавых работ на будаўніцтве новай лякарні,

  • разгледзець пытаньне аб шырокамаштабнай амністыі і рэфармаваньні крымінальнага заканадаўства.
Хворым зьняволеным вельмі цяжка вытрымаць этапаваньне ў бальнічку. Людзі едуць у перапоўненых транзытках, вагонах, машынах.

Тым часам зьняволены Андрэй, які адбывае пакараньне ў адной зь беларускіх калёніяў, сьведчыць, што апошнім часам якасьць аказаньня мэдычнай дапамогі істотна пагоршылася ў галоўным турэмным шпіталі. Многія хворыя адмаўляюцца ехаць туды з шэрагу прычын:

“Апошнім часам ведаеце, у чым праблема. Гэта цяжкае этапаваньне, якое ня здатныя вытрымаць хворыя людзі. Людзі едуць у перапоўненых транзытках, вагонах, машынах. Да таго ж там яшчэ той рэжым. Любое парушэньне – выйшаў з палаты ў калідор – і можаш апынуцца ў штрафным ізалятары. І гэта абсалютна мінімізуе вынікі лячэньня, улічваючы тое, што і якасьць бывае неадпаведнай. Таму шмат хто адмаўляецца туды ехаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG