Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён дапамагаў нам бачыць саміх сябе». Беларусы — пра сьмерць Мікіты Мелказёрава


Мікіта Мелказёраў
Мікіта Мелказёраў

У ноч на 21 сьнежня ня стала беларускага журналіста, аўтара youtube-каналаў «Жыцьцё-малiна» і «Загляне сонца» Мікіты Мелказёрава. Яму было 37 гадоў. Свабода сабрала рэакцыі вядомых беларусаў на гэтую трагічную падзею.

Уладзімер Някляеў, паэт:

«Жыцьцё маліна, ці палын?» —
Спытаў аднойчы бацьку сын.
І той сказаў, абняўшы сына:
«Каму — палын, каму — маліна.

Бывай, Мікіта!».

Сьвятлана Ціханоўская, дэмакратычная лідэрка:

«Немагчыма паверыць. Здаецца, быццам такога проста не магло здарыцца. На жаль, у ноч на 21 сьнежня памёр журналіст і вядоўца „Жыцьцё-маліна“ Мікіта Мелказёраў.

Мікіта ўмеў рабіць рэдкую рэч — даваць чалавеку прастору быць сабой. Яго праца зрабілася важнай часткай беларускай мэдыйнай прасторы. І заўсёды ёй застанецца.

Выказваю шчырыя спачуваньні родным і блізкім Мікіты, сябрам, калегам і ўсім, хто любіў яго. Гэта вялікая страта для беларусаў.

Сьветлая памяць».

Павал Латушка, намесьнік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэту:

«Выказваю самыя шчырыя і глыбокія спачуваньні сям’і, блізкім і сябрам Мікіты Мелказёрава.

Мікіта быў выбітным, таленавітым журналістам і па-сапраўднаму сьветлай асобай. Ён быў чалавекам вялікай душы і шчырым патрыётам Беларусі.

Нам будзе вельмі не хапаць ягонага голасу, сьвятла і нязломнай веры ў лепшую будучыню нашай краіны.

Сьветлая памяць і вечны спакой».

Вольга Такарчук, блогерка, былая палітзьняволеная:

«Пасьля маіх уцёкаў зь Беларусі, інтэрвію Мікіту ў „Жыцьцё-маліна“ было першае ў незнаёмай мне краіне. Тады было шмат нявызначанасьці і страхаў, было поўнае неразуменьне, што далей?! Той дзень з Мікітам даў мне надзею на тое, што я ўсё змагу, у мяне ўсё атрымаецца. І атрымалася. Мы ніколі не сустракаліся да інтэрвію, але было поўнае адчуваньне таго, што я ведаю яго ўсё жыцьцё.

Дзякуючы яму, я знайшла некалькіх вельмі важных людзей майго новага жыцьця. Тых, каго сёньня я з упэўненасьцю магу назваць сябрамі.

Мы нячаста размаўлялі і бачыліся, але кожны раз гэтыя зносіны і сустрэчы былі вельмі далікатнымі і цёплымі. Апошняя наша сустрэча была восеньню 2025. Калі б я тады магла ведаць, што больш ніколі яго не абдыму… Нам будзе цябе вельмі не хапаць!!! Вельмі».

Дзяніс Кучынскі, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай:

Дужа балюча губляць сяброў. Цяжка паверыць: яшчэ пазаўчора размаўлялі — пра працу, пра футбол, пра тое, што з намі будзе далей. Мікітос, ты згартаваў пакаленьне беларусаў і беларусак. Бывай, дружа! Але ведай: мы працягнем тваю справу.

Аляксандар Класкоўскі, палітычны аналітык:

«Здаецца, зусім нядаўна сустракаліся з Мікітам, запісвалі гутарку. Бачыліся ўпершыню, але размаўлялі як старыя знаёмцы. Ён умеў разьвязваць суразмоўцу язык, але і надта расслабляцца не даваў, раз-пораз падкідваў няпростыя пытаньнечкі. Яскравая, таленавітая натура. Балюча, што так рана сышоў».

Ягор Марціновіч, журналіст, былы палітзьняволены:

«Для мяне Mikita Melkaziorau — нячасты прыклад таго, як прыйсьці да беларушчыны ў дарослым узросьце, ужо сфарміраванай асобай.

Ня проста перайсьці на беларускую мову, бо па працы трэба, а цалкам, у жыцьці. А ён вось пасьля 2020 года адчуў такую патрэбу. Мы зь Мікітам вучыліся ў адной групе на факультэце журналістыкі. І каб мне пры нашым знаёмстве сказалі, як закруціцца жыцьцё і што гэты пацан з дзясяткам татух і тунэлямі ў вушах стане адным з самых папулярных грамадзка-палітычных блогераў краіны і што ён будзе рабіць па-беларуску інтэрвію на сотні тысяч праглядаў… Ды ні за што ў жыцьці не паверыў бы. А яно вось як…»

Аляксандар Кухта, праваслаўны сьвятар, блогер, супрацоўнік фонду BySol:

«Зь Мікітам мы пазнаёміліся ў 2019 годзе, калі ён прыйшоў рабіць са мной ролік для „Онлайнера“ (памятаеце, быў такі праект „Бытовуха“). Гэта быў першы ролік у кар’еры Мікіты, які сабраў мільён праглядаў. Потым у 2020 мы пару разоў сустракаліся на каву. Мне было страшна-страшна, а ён мяне падтрымліваў. Так мы пасябравалі.

Потым было „Жыцьцё-маліна“ — адно з самых важных для мяне інтэрвію ў новай ваеннай рэчаіснасьці. І як казаў Мікіта, для яго гэтае відэа таксама было важным. І яшчэ некалькі сустрэч на каву. Кожны раз мы вывучалі мой абутак і сьмяяліся, што па марцы маіх кедаў можна вызначаць стадыю майго сталеньня.

А яшчэ я з вялікай радасьцю чакаў кожны новы выпуск „Загляне Сонца“. Я абсалютна ўпэўнены, што для тысяч беларусаў гэтыя ролікі зрабілі больш за ўсе школьныя ўрокі па гісторыі разам узятыя.

А сёньня мой сябар, Мікіта Мелказёраў, памёр. Яму было 37.

Мікіта, я спадзяюся, што ў Раі, у які ты патрапіш, будзе ютуб, дзе ты зможаш і далей рабіць тое, што ты любіш, і што ў цябе лепш за ўсё атрымліваецца. Бывай, Сябра!»

Андрэй Хадановіч, паэт:

«Менш чым месяц таму сустракаліся зь Мікітам у Варшаве і рабілі праграму да юбілею Караткевіча… Колькі сьвятла і добрай энэргіі, які імклівы прафэсійны рост, колькі цікавасьці да Беларусі і ўсяго беларускага, як шмат было зроблена за такі кароткі час — і як жа мала выявілася гэтага часу!.. Сьветлая памяць».

Віталь Цыганкоў, журналіст:

«Літаральна тры дні таму Мікіта Мелказёраў званіў мне, прасіў падзяліцца думкамі і цікавосткамі пра свайго чарговага героя. Мікіту называюць блогерам, і мне хочацца гэтаму запярэчыць. Мне найперш хочацца назваць яго высокапрафэсійным журналістам. Мне хочацца пакрэсьліць ягоную ўнутраную глыбіню, якая, магчыма, ня ўсім была заўважная.

Хачу засьведчыць, наколькі ўнікліва і маштабна ён рыхтаваўся да сваіх праграмаў. Разоў 5 за гэтыя гады ён тэлефанаваў, каб я падзяліўся нейкімі думкамі, момантамі, развагамі пра ягоных будучых герояў, зь якімі я быў даўно знаёмы. Ён часам нават абмяркоўваў павароты размовы з тым ці іншым героям, якая тэма менавіта з гэтым чалавекам найлепш зойдзе.

Калі я сам стаў героем Маліны, ён даволі нечакана цытаваў нейкія мае пасты, артыкулы 5-10-гадовай даўніны, якія я і сам ужо ня памятаў. Ён рыхтаваўся вельмі карпатліва і ўдумліва.

І яшчэ. У ім заўсёды адчувалася павага да калегаў, якія былі да яго. Да старэйшых. Як чалавек, які ўжо ў дарослых узросьце далучыўся да гісторыі, да беларушчыны — ён паглынаў яе сквапна, нагбом, адкрываў для сябе новае са зьдзіўленьнем падлетка.

Вечная памяць!»

Міхаіл Бандарчук, адвакат:

«У яго атрымалася тое, што атрымоўваецца ў адзінак: стаць часткай жыцьця для тысячаў суайчыньнікаў, якіх ён нават ніколі ня бачыў. Стаць сваім, стаць амаль сябрам. Гэта боль, які застанецца з намі назаўсёды.

Чытаючы Караткевіча, я неаднаразова думаў: „Як жа жудасна, што ён так рана сышоў. Як шмат ён мог яшчэ зрабіць“. Ніколі ня думаў, што я тое ж самае буду казаць пра Мікіту Мелказёрава. І як жа баліць, што, калі сонца нарэшце загляне, ён яго не ўбачыць.

Бывай, Мікіта, і дзякуй табе».

Дзьмітры Гурневіч, журналіст:

«Мікіта быў беларускім блогерам нумар адзін. Прафэсіяналам, якога сапраўды цікавілі ягоныя госьці, да дробных нюансаў. Ён кайфаваў ад сваёй працы. Ягоны жыцьцёвы шлях захапляў. Сіла волі, каб адмовіцца ад кепскіх звычак і перайсьці да супэрздаровага ладу жыцьця. Шлях да беларускасьці, які стаў для яго часткай Я і місіяй, якая засмактала яго напоўніцу. Беларускасьць стала для яго паветрам. І ён быў проста пазытыўным, вясёлым, жвавым. Ён дапамагаў нам бачыць саміх сябе. Дзякуй Богу, што Ён у нас быў. Дзякуй, Мікіта».

Кацярына Ваданосава, сьпявачка, тэлевядоўца:

«Мы шмат гаварылі пра сьмерць, але я „прымярала“ яе толькі на сябе…Неймаверная страта, агромністы боль, жаль, спачуваньне блізкім. Спасылка на збор для сям’і — ў сторыс…Як жа так, Мікіта, як жа так? Апошні раз мы бачыліся менш за месяц таму. І я нарцысічна распавядала пра сваё здароўе. А ён на пытаньне „А ты як?“ адказаў: „Ай ну, па-рознаму. Нічога. Як усе“.

Ня як усе. Ніхто так ня ўмеў паказваць людзкія жывыя душы.

@ya_ne_trogal_ya_prosto_smotrel

Зорка, якая згарэла, асьвятляючы змрок».

Валер Кавалеўскі, дыплямат:

«Сыход Мікіты Мелказёрава — цяжкая, балючая, ашаламляльная страта для многіх людзей і для ўсёй краіны. Прыгожы, сьветлы, разумны чалавек, прафэсіянал са сваім выразным стылем. Яго грунтоўная падрыхтоўка да кожнага інтэрвію — праява глыбокай павагі да прафэсіі і да кожнага свайго суразмоўцы. Мікіта стаў адным з тых журналістаў, хто апошнія некалькі гадоў мэтадычна фіксаваў хронікі падзей і меркаваньняў па іх выбітных асобаў Беларусі. Зрабіў неацэнны ўнёсак у папулярызацыю беларускай гісторыі ў новых дасьціпных фарматах. Кожны яго сюжэт — крыніца якаснай інфармацыі і вартых асэнсаваньня фактаў і думак.

Дзякуй, Мікіта, за агромністы сьлед у жыцьцях людзей. Цябе будзе моцна не ставаць».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG