Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма за неапублікаваную гісторыю ў Instagram. Гісторыя палітзьняволенай Ганны Курыс. ВІДЭА


Ганна Курыс
Ганна Курыс

23-гадовая Ганна Курыс, якую вызвалілі з калёніі ў ліку 123 палітвязьняў і вывезьлі праз Украіну і Польшчу ў Літву, расказала Свабодзе дэталі свайго перасьледу.

Яе судзілі паводле чатырох артыкулаў. Агулам яна атрымала 2 гады турмы.

«Мне 23 гады споўнілася 15 сьнежня, а пасадзілі, калі было 21. Усё пачалося з адміністрацыйнага затрыманьня, калі ў мяне забралі тэлефон, адпаведна, зайшлі ва ўсе мае акаўнты, — гэта ж мой тэлефон. Хоць 130 артыкул, паводле якога я сядзела, увесь матэрыял для гэтага артыкулу ўзялі з архіваваных маіх гісторый у Instagram — то бок ня тых, што былі ў публічным доступе, таму што ў публічным доступе ў мяне ўвогуле не было нічога, зьвязанага з палітыкай, а вось менавіта архіў, тое, што магла бачыць толькі я. Але гэта ўвайшло ў матэрыялы справы нейкім чынам», — сказала Ганна.

Паводле яе, на ўсіх этапах трыманьня — у ізалятары часовага ўтрыманьня і ў СІЗА — сілавікі цікавіліся, ці ўдзельнічала яна ў акцыях пратэсту.

«Я казала, што ня ўдзельнічала. Усе зьдзіўляліся і казалі — а як палітычная магла ня ўдзельнічаць у мітынгах? [...] Тады мне было 17 гадоў, у канцы 2020 году мне споўнілася 18 гадоў, і на той момант я проста сядзела дома і заканчвала школу. І ўсё. Калі мне тады нехта сказаў бы, што праз пяць гадоў я буду сядзець у Літве, я б вельмі зьдзівілася».

Ганна паведаміла, што ў крымінальную справу, паводле якой яе судзілі, уключылі матэрыялы зь яе першай, адміністрацыйнай справы. «Там была карцінка — чалавек стаіць з плякатам, і напісана „А ты бяжы, маскаль пракляты, зь беларускай нашай хаты“. Прычым захаваная яна была да 2020 году. Я не памятаю, калі яе захоўвала», — паведаміла яна.

Паводле яе, спачатку падчас сьледзтва яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе.

«Я была дома, працавала ў краме каля дому, таму што з унівэрсытэту я ўжо адлічылася на той момант. Такі цікавы быў момант. Тая крама была кругласутачнай, і кожны раз, калі да нас заходзілі нейкія людзі ў форме проста купіць сабе там нейкую ежу, я кожны раз думала: усё, гэта за мной. У мяне там ледзь не да панічных атак даходзіла. Гэта было жахліва. І потым ужо мяне затрымалі, пасадзілі ў сьледчы ізалятар».

Ганна расказала, што ўмовы трыманьня былі «неймаверна агідныя».

«Мэдычнай дапамогі не было ніякай увогуле, што ў Баранавічах, што ў Берасьці. Дабіцца нават таблеткі абязбольваючага — гэта было нешта, нягледзячы на тое, што мне даслалі ўсе мэдычныя даведкі, усе мае дыягназы, усе дакумэнты».

Дзяўчына сказала, што вельмі баялася, што ў калёніі яе адправяць на швачнае прадпрыемства. «Я ніколі, на ўроках працы ў школе ніколі ня шыла, я гэтага максымальна пазьбягала, а тут выбару няма ніякага. Я шыла два месяцы, дзякуй Богу, на мяне ўсе крычалі — і майстар, і брыгадзір, таму што я шыла вельмі марудна, вельмі кепска, вельмі крыва, бо я не хацела гэта рабіць і падсьвядома ў мяне нічога не выходзіла. Потым я трапіла на „лякалку“, а там проста сядзіш сабе і малюеш. Таму я вельмі рада, што так склаліся абставіны на той момант».

Ганна Курыс паведаміла, што ў траўні наступнага году заканчваўся тэрмін яе пакараньня, і яна не разьлічвала, што яе ўключаць у сьпіс на вызваленьне пасьля перамоў Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй.

«У апошнюю чаргу я думала, што гэта буду я, таму што я ніхто з пункту гледжаньня нейкай мэдыйнасьці. У мяне ня тое, што там нейкія цяжкія артыкулы, і мне проста засталося пяць месяцаў, то бок — навошта мяне некуды вывозіць, калі я ўжо нібыта раскаялася, віну прызнала, таму, калі мяне разбудзілі апоўначы... Гэта было цікава».

На трэці дзень пасьля вызваленьня, 15 сьнежня, у яе быў дзень нараджэньня. «Мне падарылі торцік, усім іншым раздалі маленькія пірожныя. Торцік быў неймаверна смачны. Усе мне прасьпявалі Happy Birthday. Было вельмі прыемна, што пра мяне памятаюць, бо я ўжо настроілася ў калёніі адзначаць дзень нараджэньня, усё набыла ўжо, а тут такі сюрпрыз».

Ганна пакуль ня ведае, як будзе арганізоўваць сваё жыцьцё ў эміграцыі.

«Я пакуль ня ведаю, якія ў мяне ёсьць варыянты. У мяне няма нічога і нікога, па сутнасьці, нават адукацыі, як такой, бо няма дыплёму. Але вяртацца — не, таму што... Калі я была яшчэ ў калёніі, я ўяўляла, як я выйду, буду сядзець дома, па сутнасьці, у бясьпецы, але ўсё роўна — любы званок у дзьверы, любы невядомы нумар, любая машына, любы супрацоўнік, — гэта проста трыгер. [...] Нават ва Ўкраіне, калі нас у лякарні ахоўвалі паліцыянты, я разумела — я бачу чалавека ў форме і я яго не баюся, і такое недзе магчыма. Таму я вельмі рада, што адчуваю сябе ў бясьпецы», — сказала Ганна Курыс.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG