Самаходная вадаплаў-пляцоўка «Надежда» належала Беларускаму марскаму параходзтву, што з 20 студзеня 2025 году знаходзіцца на стадыі банкруцтва.
Кампанія збанкрутавала праз пачатак вайны ва Ўкраіне і цяпер спрабуе прадаць усю маёмасьць, якая на пачатак расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году знаходзілася на тэрыторыі Ўкраіны. Аўкцыён адбудзецца на пляцоўцы ЗАТ «Белрэалізацыя».
Цяпер пачатковая цана цеплаходу «Надежда» складае 63 000 беларускіх рублёў (13 лістапада яна складала 84 000 рублёў).
Таксама не знайшла новага ўласьніка і іншая маёмасьць кампаніі:
- буксір-штурхач БТ-0683, пачатковая цана 34 800 рублёў (раней 46 400 рублёў);
- баржа-пляцоўка Р-0512, пачатковая цана 51 000 рублёў (раней 68 000 рублёў);
- баржа-пляцоўка Р-0554, пачатковая цана 51 000 рублёў (раней 68 000 рублёў).
Усе гэтыя аб’екты аўкцыёну знаходзяцца ва Ўкраіне і ўжо маюць іншых уласьнікаў. Цяпер пачатковая цана яшчэ ніжэйшэй, чым была на аўкцыёне ва Ўкраіне.
Што папярэднічала
У красавіку 2022 году Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны заявіла аб арышце і пачатку працэсу нацыяналізацыі беларускага цеплаходу «Надежда» і сухагрузавай баржы, якія былі ў акваторыі Ізмаільскага порту ў Адэскай вобласьці і ў тэрытарыяльных водах Украіны выконвалі апэрацыі для Расеі.
Беларускі вадаплаў перадалі ў кіраваньне Агенцтву вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА), а ў Адэскую абласную адміністрацыю — дакумэнты аб магчымай яго нацыяналізацыі.
На продаж цеплаход выставілі 5 студзеня 2024 году, аўкцыён завяршыўся 5 лютага.
Вядома, што стартавая цана беларускага карабля была 1,17 мільёна грыўняў (на момант аўкцыёну гэта складала прыблізна 31 150 даляраў у эквіваленце) з крокам 11 706 грыўняў (311 даляраў у эквіваленце).
На набыцьцё беларускага вадаплаву прэтэндавалі 7 удзельнікаў — тры фізычныя асобы і чатыры кампаніі, але чатырох зь іх не дапусьцілі да аўкцыёну, бо яны не аплацілі гарантыйны ўнёсак. Апроч «Ньюенерджі», на цеплаход прэтэндавалі ТАА «Надійна транспортна компанія» і ТАА «Президент Тревел». Канчатковая цана, за якую «Ньюенерджі» купіла беларускі карабель, склала 4,25 мільёна грыўняў (113 тысяч даляраў у эквіваленце, курс на 5 лютага 2024 году. — РС).
Пад беларускім сьцягам «Надежда» спачатку перавозіла калійныя угнаеньні па Дняпры з Мазыра да Мікалаева, а пасьля мадэрнізацыі (нарошчваньне бартоў, счэпка зь несамаходнай баржай) пачала вазіць украінскае збожжа. Але пазьней беларускі вадаплаў перавялі на Дунай, дзе ён хадзіў у рачныя парты Румыніі і Сэрбіі.
Карабель пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомлі.
Што вядома пра ўкраінскага ўласьніка беларускага цеплаходу
ТАА «Ньюенерджі» працуе на ўкраінскім рынку з 2007 году. Згодна з статутам, асноўны від дзейнасьці кампаніі — дапаможнае абслугоўваньне воднага транспарту. Апроч гэтага, ТАА ажыцьцяўляе дапаможную дзейнасьць у расьлінаводзтве, надае пасярэдніцкія паслугі ў гандлі сельскагаспадарчай сыравінай, а таксама вырабляе гатовыя кармы для сельскагаспадарчай жывёлы.
Кампанія мае ўнівэрсальны перагрузачны комплекс у горадзе Ізмаіле. Яе тэрмінал знаходзіцца ў акваторыі Ізмаільскага марскога гандлёвага порту на Дунаі. Порт цярпіць ад сталых абстрэлаў расейскіх войскаў.
Заснавальніца і канцавы бэнэфэцыяр ТАА «Ньюенерджі» — адэсітка Натальля Шарангава.
Статутны капітал кампаніі — 1 231 500 грыўняў (25 539 даляраў у эквіваленце паводле сёньняшняга афіцыйнага курсу. — РС).
У 2024 годзе ў ТАА працавалі 58 чалавек. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны супрацоўнікаў пабольшала ўдвая.
Даход кампаніі склаў 160 525 300 грыўняў (амаль 4 мільёны даляраў) з чыстым прыбыткам 44 703 300 грыўняў (1 072 278 даляраў паводле курсу 26 сакавіка). Актывы кампаніі 159 239 000 грыўняў (прыблізна 3,8 мільёна даляраў. — РС).
Адметна, што ў 2020 годзе кампанія была стратная, а пасьля пачатку вайны і вымушанай дывэрсыфікацыі грузавых перавозак з Чорнага мора на Дунай кампанія ў дзясяткі разоў палепшыла свае фінансавыя вынікі.
У 2021 годзе кампанію падазравалі ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў у Вугоршчыну — тады ў гэтай краіне знайшлі баржу з цыгарэтамі, якія перапраўлялі пад выглядам солі ўкраінскай вытворчасьці. Што праўда, тады «Ньюенерджі» належала адэскаму банкіру Аляксандру Мамантэнку і ягонай сям’і. Банкір быў бізнэс-партнэрам «тытунёвага» манапаліста і алігарха Барыса Каўфмана і колішняга народнага дэпутата Аляксандра Граноўскага (абодва мелі вялікі ўплыў у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. — РС).
Цяперашняя ўласьніца кампаніі Натальля Шарангава была ў складзе заснавальнікаў да лістапада 2023 году — тады яна разам з Аляксандрам Мамантэнкам выйшла з кампаніі, але ўжо ў канцы 2024 году вярнулася ў склад заснавальнікаў і стала адзінай уласьніцай ТАА «Ньюенерджі».
Форум