Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады выдварылі турэцкага журналіста, які хваліў Беларусь за «чысьціню і бясьпеку» і супрацоўнічаў з прапагандай


Фота ілюстрацыйнае
Фота ілюстрацыйнае

Турэцкага журналіста Акая Дэпрэма, які часта наведваў Беларусь, называў яе «апошняй сапраўднай эўрапейскай краінай» і шмат кантактаваў зь дзяржаўнымі СМІ, у часе яго апошняга візыту затрымалі і выдварылі з краіны.

Як паведаміла выданьне Reform.news, затрыманага 10 содняў утрымлівалі на Акрэсьціна, а потым выдварылі з краіны.

Акай Дэпрэм — грамадзянін Турэччыны і Расеі, у 2014 годзе падтрымаў дзеяньні Расеі на ўкраінскім Данбасе, некалькі гадоў жыў у Данецку. З 2023 году пачаў зьяўляцца ў дзяржаўных СМІ Беларусі, даваў інтэрвію Рыгору Азаронку і Ксеніі Лебедзевай. Яго адзначылі прэміяй Эміля Чэчкі (польскі вайсковы дэзэрцір, які ўцёк у Беларусь і супрацоўнічаў зь дзяржаўнай прапагандай, пазьней яго знайшлі павешаным у Менску па месцы жыхарства. — РС).

У студзені 2025 году Дэпрэм прыяжджаў асьвятляць прэзыдэнцкія «выбары» ў Беларусі і заяўляў, што ў яго заўсёды застаецца «добрае ўражаньне» ад візытаў у Менск. «За ўвесь час тут нічога кепскага я не заўважыў», — цытавала яго дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Апошні раз ён прыяжджаў у Менск сёлета ў верасьні і расказаў аб гэтай паездцы некалькім турэцкім СМІ.

У інтэрвію Veryansın TV Дэпрэм паведаміў, што прыехаў у Менск 8 верасьня, і ў той жа дзень да яго ў кватэру прыйшлі чатыры міліцыянты ў цывільнай вопратцы, «стукалі кулакамі ў дзьверы», а калі ён адчыніў, увайшлі без дазволу.

Паводле яго, міліцыянты не патлумачылі прычыны свайго «візыту», прыніжалі яго, абралі мабільны тэлефон і надзелі кайданкі. Потым адвезьлі ў Першамайскае РУЎС, а па дарозе дазвалялі сабе сабе насьмешлівыя і пагардлівыя выразы ў адрас Турэччыны і туркаў. У РУЎС, дзе яго прымусілі тры гадзіны стаяць, патлумачылі, што яго затрымалі праз скаргу, якую Дэпрэм назваў «сфабрыкаванай».

У яго забралі пашпарт і тэлефон і сказалі, каб ён прыйшоў за імі праз два дні. Журналіст зьвярнуўся да Андрэя Тапаза (памочніку дэпутату Мінагрсавета), які параіў напісаць яму скаргу ў Галоўнае ўпраўленьне МУС. Супрацоўнік МУС, які прымаў заяву, параіў яму зьвярнуцца і ў Сьледчы камітэт. Але калі той прыйшоў у гэтае ведамства пісаць скаргу, да яго выйшаў супрацоўнік і адвёз у Дэпартамэнт па грамадзянстве і міграцыі, дзе Дэпрэму заявілі, што яму раней на некалькі гадоў забаранілі ўезд і ён незаконна знаходзіцца ў Беларусі.

У турэцкага журналіста забралі сумку з асабістымі рэчамі, заставілі падпісаць некалькі дакумэнтаў, некаторы час трымалі ў камэры, а ўначы адвезьлі на Акрэсьціна, дзе ён адседзеў 10 содняў.

На 11-ы дзень яго ў кайданах адвезьлі на арандаваную ім кватэру, далі 20 хвілін, каб сабраць рэчы, а потым адвезьлі ў аэрапорт на рэйс у Маскву. Цяпер ён знаходзіцца ў Турэччыне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG