Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Літвы ацаніў узровень аховы Ціханоўскай і крымінальныя пагрозы ад беларусаў


Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч
Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч

Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе адказаў на пытаньні аб вострых праблемах у дачыненьнях зь Беларусьсю і аб праблемах беларусаў у Літве.

Пасьля 2020 году дзясяткі тысяч беларусаў прыехалі ў Літву, атрымалі прытулак, гуманітарныя візы, але апошнім часам іх становіцца меней. За 8 месяцаў 2025 году колькасьць беларусаў з дазволам на жыхарства ў Літве скарацілася больш як на 10%. За 20 месяцаў (ад студзеня 2024 да верасьня 2025) зьніжэньне ліку беларусаў склала 17 адсоткаў — ад 62 тысяч да 51 тысячы.

Некалькі найбуйнейшых ІТ-кампаній зь беларускімі каранямі пераводзяць беларускіх супрацоўнікаў зь Літвы ў Польшчу, бо там сытуацыя з дазволамі на жыхарства больш стабільная і прадказальная. У беларускіх асяродках можна пачуць меркаваньне, што ўлады Літвы мэтанакіравана зьніжаюць колькасьць беларусаў.

Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў праблему і заявіў з гэтай нагоды:

«Натуральна, што гэтая сытуацыя з паветранымі балёнамі, якая адбываецца, і сытуацыя з закрыцьцём мяжы, заблякаванымі ў Беларусі літоўскімі машынамі дае для літоўскіх палітыкаў глебу для размоваў, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае і беларусаў, якія жывуць у нас у Літве. І нагнятаньне гэтай сытуацыі прыводзіць да нейкай міграцыі зь Літвы ў Польшчу і іншыя краіны Эўразьвязу. Да таго ж з боку нашых службаў вядзецца кантроль, правяраюць кожнага зь беларусаў, дзе ён працаваў, што рабіў, калі выехаў у Літву.

Так, колькасьць беларусаў у Літве зьменшылася, але я не сказаў бы, што драматычна. Гэта натуральна — езьдзіць з адной краіны Эўразьвязу ў іншую. Мяркую, што і Польшча блізкая для беларусаў. Але хацелася б, каб Вільня заўжды заставалася цэнтрам беларускай гісторыі, дзе першыя кнігі друкаваў Францішак Скарына і дзе выходзіла „Наша ніва“. Таму сытуацыю трэба мяняць. Але для гэтага патрэбныя крокі ня толькі з боку Літвы».

Паводле Кандратовіча асаблівай крымінальнай небясьпекі беларусы літоўскай дзяржаве не нясуць, усе парушэньні з боку грамадзян Беларусі ў Літве — гэта збольшага парушэньне правіл дарожнага руху ці нейкія бытавыя сытуацыі, як бывае і сярод літоўцаў ды грамадзян іншых краін, кажа ён.

Год таму ў Вільні адбылася сэрыя інцыдэнтаў каля аб’ектаў беларускіх асяродкаў гораду. Ад вандалізму пацярпелі Беларускі дом, праваслаўны прыход, прытулак для ўцекачоў. У міністра Кандратовіча няма інфармацыі пра вынікі сьледзтва ў гэтых выпадках. Сьледчыя дзеяньні праводзіць пракуратура і яны працягваюцца, кажа ён, а калі зьявяцца вынікі, то пра іх паведамяць. Сваю думку на гэты конт міністар выказаў так:

«Я мяркую, што гэта магло быць і гібрыднай атакай, каб перашкодзіць нармальным кантактам беларусаў у Літве».

Літоўская дзяржава падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі, асабліва пасьля 2020 году, але часам гучаць крытычныя галасы некаторых палітыкаў, напрыклад, адносна таго, што Сьвятлана Ціханоўская мела высокі статус аховы з боку Службы аховы кіраўніцтва. Цяпер было рашэньне панізіць гэты статус аховы, які перадалі крымінальнай паліцыі. Міністар не назваў гэта зьмяншэньнем узроўню аховы:

«Бо ацэнка рызыкі і цэлай сытуацыі, што адбываецца з нашага боку, яна адэкватная. І калі будзе пагроза большая ці якая-небудзь іншая, я думаю, заўсёды можна вярнуцца і аднавіць гэтую ахову ў ранейшым рэжыме. Гэта не зьяўляецца пазыцыяй па пагаршэньні сытуацыі з боку літоўскіх уладаў. Не. Гэта ацэнка сытуацыі, якая ёсьць, і той досьвед, які мае крымінальная паліцыя Літвы, дае магчымасьць трымаць ахову на патрэбным узроўні».

Як паведамляла агенцтва BNS, у кастрычніку літоўскія ўлады аб’явілі аб паніжэньні ўзроўню аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканьняў. Згодна з заплянаванымі тады зьменамі, дом і офіс лідэркі беларускай апазыцыі засталіся пад аховай, але яна пазбавілася асабістай аховы ў Літве і за мяжой.

Аднак пазьней было абвешчана, што ахова Ціханоўскай супрацоўнікамі Службы аховы кіраўніцтва ў Літве захаваецца, яе супрацоўнікі ахоўваюць Ціханоўскую з моманту яе прыбыцьця ў Літву ў 2020 годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG