Паведамляецца, што сілы бесьпілётных сыстэм, штурмавых і дэсантна-штурмавых падразьдзяленьняў, сіл спэцыяльных апэрацый, падразьдзяленьняў Службы бясьпекі Ўкраіны, Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі працягваюць баявыя дзеяньні ў горадзе і яго ваколіцах.
«Вораг зьнізіў сваю актыўнасьць у горадзе і скараціў колькасьць перамяшчэньняў. Такім чынам, вораг хоча мінімізаваць колькасьць стратаў і чакае папаўненьня асноўнымі сіламі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Украінскае камандаваньне адзначае, што гэтую тэндэнцыю пацьвярджаюць спробы Расейскай Фэдэрацыі наладзіць лягістыку праз паўднёвыя ўскраіны Пакроўска:
«У прыватнасьці, у гэтым раёне праціўнік некалькі разоў спрабаваў перакінуць асабісты склад з выкарыстаньнем аўтамабіляў і матацыклаў. Сілы абароны гэтага не дазволілі. Усяго з пачатку лістапада ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі ў Пакровску 71 акупанта, яшчэ 36 атрымалі раненьні».
Дадаецца, што ў апошнія дні расейцы некалькі разоў спрабавалі пранікнуць у Грышына. Для гэтага яны мелі намер увесьці ў зман украінскіх вайскоўцаў і ўвайсьці ў населены пункт пад выглядам мірных жыхароў. Украінская вайскоўцы паведамляюць, што спынілі гэтую спробу.
«Сытуацыя ў раёне Мірнаграда застаецца напружанай. Паводле нашых дадзеных, пасьля шматлікіх няўдалых спроб праціўніка штурмаваць горад з усходу, праціўнік паспрабуе зьмяніць вэктар удару», — дадае ўкраінскае камандаваньне.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны 5 лістапада заявіў, што абарона Пакроўска-Мірнаградскай агламэрацыі працягваецца, і «нашы часткі і падразьдзяленьні не акружаны».
- Да гэтага Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны ў сваёй справаздачы заявіў, што расейскія войскі працягваюць прасоўвацца ў Пакроўскім кірунку і дзейнічаюць «з усё большай камфортнасьцю» унутры самога горада. Адначасова ўкраінскія войскі працягваюць абарончыя намаганьні і контратакі ў Пакроўскім кірунку, а таксама вызвалілі значную частку тэрыторыі, куды праніклі расейскія войскі ў Дабрапольскім кірунку.
- Пакроўск, горад з насельніцтвам каля 1250 чалавек (мясцовыя ўлады на канец кастрычніка падлічылі, што да паўнамаштабнага расейскага ўварваньня яно было больш за 60 000), зьяўляецца важным аўтамабільным і чыгуначным вузлом і большую частку года знаходзіцца пад пагрозай акружэньня расейскімі войскамі.
Форум