Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Cанкцыі адкідваюць Беларусь назад, на іх зьняцьцё можа пайсьці 10 гадоў» : Што новыя санкцыі азначаюць для беларускай эканомікі і беларусаў


Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

23 кастрычніка Эўрапейскі Зьвяз ухваліў чарговае ўзмацненьне санкцыяў, накладзеных на Беларусь за ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Расказваем, як гэта будзе працаваць і каго закране.

Эўрапейскі Зьвяз увёў чарговыя абмежаваньні для Беларусі, якія закранулі банкі, крыптавалюты, праграмнае забесьпячэньне, тэхналёгіі й некаторых асобаў. Гэтыя захады ўключаныя ў 19-ы пакет санкцыяў, зацьверджаны 23 кастрычніка.

Рэзыдэнтам ЭЗ забароненыя ўсе фінансавыя і дзелавыя апэрацыі зь яшчэ трыма банкамі — Альфа-Банк (Беларусь), Сбер Банк (Беларусь) і ВТБ Банк (Беларусь). Паводле рашэньня, апублікаванага 23 кастрычніка 2025 году ў афіцыйным журнале ЭЗ, забарона пачне дзейнічаць з 2 сьнежня 2025 году.

Гэта азначае, што эўрапейскія фінансавыя ўстановы ня змогуць праводзіць выплаты праз гэтыя банкі, адкрываць у іх рахункі, выдаваць крэдыты ці аплочваць рахункі, якія абслугоўваюцца праз гэтыя банкі.

Пры гэтым для ўжо падпісаных дамоваў прадугледжаны пераходны пэрыяд: апэрацыі ў кантрактах, заключаных да 24 кастрычніка 2025 году, дазваляюцца да 25 красавіка 2026 году. Дагэтуль пад санкцыі Эўразьвязу трапілі «Белінвэстбанк», «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

«Новыя санкцыі пунктавыя»

На думку кіраўніка праекту «Кошт ураду» Уладзімера Кавалкіна, цяперашнія санкцыі больш скіраваныя супраць не беларускіх банкаў, а расейскіх.

Уладзімір Кавалкін
Уладзімір Кавалкін

«Яны супраць выкарыстаньня беларускай юрысдыкцыі для абыходу санкцыяў. Пад забарону трапілі дочкі расейскіх банкаў. ЭЗ і ЗША бачаць, што Расея спрабуе абыходзіць санкцыі празь Беларусь. Бізнэс жа больш прызвычаіўся да санкцыяў. Для бізнэсу, які займаецца замежным гандлем, гэта будзе пагаршэньне сытуацыі, для бізнэсаў, якія займаюцца гандлем для расейскага вайскова-прамысловага комплексу, гэта яшчэ больш значнае пагаршэньне. Для астатніх бізнэсаў, якія не працуюць з ЭЗ, нічога ня зьменіцца», — тлумачыць Уладзімер Кавалкін.

Паводле эканаміста Валянціна Сакалоўскага, тое, што «Альфа-Банк» і «Сбер Банк» трапілі пад санкцыі, ня вельмі добра для бізнэсу, але гэта паўплывае на магчымасьць абыходу санкцыяў.

«Важна, што кантракты, заключаныя да 24 кастрычніка, яшчэ пэўны час будуць дзейнічаць. Банкі маглі перастрахавацца і нешта загадзя падпісаць, ведаючы пра санкцыі. У дробнага бізнэсу нейкі час будзе шок, але сур’ёзны бізнэс і бізнэс, які працуе ў шэрай зоне, падстрахаваліся, у іх могуць быць рэзэрвовыя варыянты», — мяркуе суразмоўца.

Таксама санкцыі прадугледжваюць іншыя абмежаваньні, якія датычаць крыптавалют і праграмнага забесьпячэньня, а менавіта — забарону на доступ грамадзян і кампаніяў Беларусі да крыптагаманцоў, электронных грошай і шэрагу аплатных сэрвісаў. Беларусам будзе таксама забаронена займаць кіраўнічыя пасады ў кампаніях ЭЗ, якія займаюцца крыптаактывамі.

Эканаміст Валянцін Сакалоўскі зьвяртае ўвагу, што якраз крыптавалюты дазвалялі расьці беларускаму Парку высокіх тэхналёгіяў.

«Вельмі шмат санкцыяў прыйшлося на расейскія крыптаструктуры: крыптабіржы, крыптаабменьнікі, якія выкарыстоўваюцца для абыходу санкцыяў. Беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў таксама шмат у чым рос за кошт расейскіх крыптаструктураў», — заўважае Валянцін Сакалоўскі.

Што да крыптавалютаў, то іх выкарыстоўвалі для абыходу санкцыяў. Новы пакет санкцыяў ускладніў іх абыход праз крыптавалюты, дадае Ўладзімер Кавалкін.

«Гэтыя абмежаваньні больш пунктавыя, яны больш абгрунтаваныя на аналізе таго, што рабіць Расея. Гэта ідзе ў дадатак да палітыкі перамоваў з Расеяй аб сканчэньні вайны. Гэта значыць, з аднаго боку нейкі перамоўны працэс, зь іншага — ціск», — мяркуе суразмоўца.

«Абмежаваньні адкідваюць Беларусь назад»

Пакет санкцыяў для Беларусі ўключае абмежаваньні на праграмнае забесьпячэньне і тэхналёгіі: пад санкцыі трапляюць кампутарныя сыстэмы кіраваньня прадпрыемствамі, праграмнае забесьпячэньне для прамысловага дызайну і вытворчасьці, банкаўскія і фінансавыя праграмы, а таксама паслугі ў сфэры штучнага інтэлекту, высокапрадукцыйных вылічэньняў, квантавых тэхналёгіяў і камэрцыйнага спадарожнікавага назіраньня.

Уводзіцца забарона на экспарт у Беларусь тавараў і матэрыялаў, якія могуць узмацніць прамысловыя і вайсковыя магчымасьці краіны. Сярод іх шынная і гумовая прадукцыя, мэталы і сплавы, электронныя кампанэнты, аптычныя прылады, будаўнічыя матэрыялы, транспартныя сродкі і караблі.

Пад поўную забарону трапляе імпарт усіх ацыклічных вуглевадародаў (гэтыя хімічныя злучэньні складаюць асноўную частку прыроднага газу і нафты). Гэта, паводле Брусэлю, павінна скараціць валютныя паступленьні ў бюджэт Беларусі.

Паводле Ўладзімера Кавалкіна, кожная абмежавальная мера з прынятых у дачыненьні да Беларусі адкідвае эканоміку краіны назад. На ўзнаўленьне пасьля гэтага можа спатрэбіцца дзясятак гадоў.

«Кожны пакет санкцыяў усё далей адкідвае Беларусь, і гэтыя санкцыі пасьля будзе цяжка здымаць. Калі згадваць СССР, то пасьля яго канца спатрэбілася каля 10 гадоў, каб зьняць усе накладзеныя абмежаваньні. Тое самае будзе зь Беларусьсю і Расеяй пасьля вайны, калі ўсё закончыцца мірам. Гэта будзе адбівацца на людзях, бо людзі шукаюць працу, а калі бізнэс ня можа разьвівацца, то і працы няма».

Таксама пад новы пакет санкцыяў трапілі некаторыя асобы:

  • Ільля Ікан, кіраўнік «Белнафтахіму»,
  • Юры Прадко, генэральны дырэктар «Гарызонту»,

і прадпрыемствы:

  • Закрытае акцыянэрнае таварыства «Галяграфічная індустрыя»;
  • Навукова-дасьледчае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут лічбавай тэлевізіі „Гарызонт“»;
  • Холдынг «Гарызонт».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG