Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: «Прэмія Сахарава ўзмоцніць шанцы Пачобута на вызваленьне і дапаможа іншым палітвязьням»


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Колішні ляўрэат прэміі Сахарава, былы кандыдат на прэзыдэнта, а цяпер дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Мілінкевіч шчыра павіншаваў Анджэя Пачобута з узнагародай.

«Ён сапраўды як мала хто заслужыў яе. Я яго ведаю тысячу гадоў. Мы з аднаго гораду. Мы разам адраджалі польскасьць і беларускасьць у Горадні. Гэта чалавек адраджэньня, вельмі сьмелы, мужны чалавек, чалавек ідэі, каштоўнасьцяў. І я думаю, што ён заслужыў гэтую прэмію, і яна, безумоўна, узмоцніць яго шансы на тое, каб быць вызваленым, як і дапаможа іншым беларускім палітвязьням».

Аляксандар Мілікевіч у размове са Свабодай падкрэсьлівае, што Лукашэнка не вызваляе палітвязьняў з той прычыны, што яны атрымалі прэстыжныя прэміі.

«Лукашэнка толькі тады вызваляе палітвязьняў, калі ён баіцца, што ня будзе далей кіраваць Беларусьсю. Так было ў часы агрэсіі ў Грузіі, потым анэксія Крыма, і тады вызваляліся палітвязьні. І зараз ён таксама баіцца, што Пуцін прайграе вайну. І ён будзе вызваляць палітвязьняў, я ў гэтым упэўнены, у тым ліку Анджэя».

Паводле палітыка, Эўразьвяз прыняў слушнае рашэньне, аддаўшы прэмію двум журналістам.

«Мала хто, як журналісты, робяць вялікую справу ўсталяваньня ў сьвеце дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека. Мы дажыліся да такіх часоў, што дэмакратый стала ўжо менш, чым дыктатур. У сьвеце перамагаюць ідэі лічбавага таталітарызму, кіраванага хаосу. І нават вядучая краіна сьвету перастае дбаць пра дэмакратыю ў іншых дзяржавах. Гэта, канешне, вельмі цяжкія, няпростыя часы, і такія героі, сапраўдныя героі як Анджэй Пачобут вельмі важныя як сымбалі, як людзі, на якіх трэба раўняцца».

Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на восем гадоў калёніі строгага рэжыму.

Беларускія дэмакратычныя сілы і польскія ўлады патрабуюць вызваленьня актывіста. У ліпені дэлегацыя польскага Сейму падчас візыту ў ЗША, узьняла гэтую тэму на перамовах з амэрыканскім бокам.

16 студзеня 2025 году, наведваючы Менскі гарадзкі тэхнапарк, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Варшава нібыта «адмовілася ад Пачобута», «адмовіліся весьці нават размовы пра Пачобута». Ён сьцьвярджаў, што журналіст «ня хоча туды ехаць — вось і ўсё пытаньне».

Пасьля палітычна матываванага прысуду Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных падарожнікам пунктаў пропуску — Баброўнікі (Бераставіца). Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналіст адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

30 кастрычніка 2024 году міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што Варшава «праз розныя каналы» дамагаецца вызваленьня суайчыньнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах, асаблівая ўвага надаецца журналісту і сябру зьліквідаванага ўладамі Зьвязу палякаў Анджэю Пачобуту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG