Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аэрапорт «Менск» сёлета пачнуць будаваць хуткасную чыгунку


Чыгуначныя каляіны, ілюстрацыйнае фота
Чыгуначныя каляіны, ілюстрацыйнае фота

Пасьля доўгіх гадоў падрыхтоўкі і ўзгадненьняў можа пачацца будаўніцтва хуткаснай чыгункі ў Нацыянальны аэрапорт «Менск».

На гэта зьвярнуў увагу партал «Калодзішчы Інфа».

На сайце дзяржзакупак зьявіліся першыя тэндэры на выкананьне падрыхтоўчых работ для будаўніцтва.

Першы тэндэр называецца «Выкананьне работ па высечцы і перасадцы дрэў і кустоў па-за межамі паласы адводу чыгункі на аб’екце „Арганізацыя хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін Менск — Гарадзішча — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“ — Нацыянальны аэрапорт Менск. 1-я чарга, перагон Калодзішчы -Гарадзішча»; другі — «Выбар субпадраднай арганізацыі па вынасе сетак газазабесьпячэньня на аб’екце „Арганізацыя хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін Менск — Гарадзішча — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“ — Нацыянальны аэрапорт Менск. 1-я чарга, станцыя Калодзішчы, станцыя Гарадзішча».

Гэтыя работы плянуюць пачаць ужо сёлета: высечку дрэў трэба правесьці да канца лістапада 2025-га.

Абодва тэндэры праводзіць ААТ «Дарбудмантажтрэст», філіял «Будаўніча-мантажны цягнік № 169 на станцыі Віцебск».

Мяркуецца, што чыгунка пройдзе па існуючым маршруце ад станцыі Менск-Пасажырскі праз Калодзішчы да станцыі Гарадзішча, пасьля якой у бок аэрапорту дабудуюць 18 км новых чыгуначных каляінаў. Працягласьць маршруту складзе 41,8 км, меркаваны час у шляху ад пачатковай да канцавой станцыяў — 28-30 хвілін.

У 2020–2021 гадах праводзіліся грамадзкія абмеркаваньні па аб’екце, потым паведамлялася аб праектаваньні ў 2021–2024 гадах і наступнай экспэртызе праекту.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG