Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар у справах абароны Кубілюс расказаў, як Эўразьвяз рыхтуецца да магчымага нападу Расеі


Эўракамісар Андрус Кубілюс
Эўракамісар Андрус Кубілюс

Андрус Кубілюс заявіў, што Эўразьвязу трэба сурʼёзна паставіцца да паведамленьняў нямецкай выведкі й да 2030 году падрыхтавацца да абароны ад Расеі.

Андрус Кубілюс — літоўскі палітык, сябра кансэрватыўнай партыі «Зьвяз Айчыны». Ён быў прэм’ер-міністрам краіны ў 1999–2000 і ў 2008–2012 гадах, а таксама доўгі час быў дэпутатам Сейму і дэпутатам ад Літвы ў Эўрапарлямэнце.

Цяпер ён займае пасаду камісара ЭЗ ў пытаньнях абароны і космасу і вельмі сурʼёзна ставіцца да пагрозы магчымай вайны Расеі з краінамі NATO на тэрыторыі Эўропы.

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з Кубілюсам аб тым, якая імавернасьць уварваньня Расеі ў адну з краін NATO ў бліжэйшыя гады і што сёньня можа проціпаставіць гібрыдным атакам Крамля на краіны Эўропы.

— Нядаўна польскія мэдыя працытавалі вашу заяву аб наяўнай у вас інфармацыі, што ў Расеі абмяркоўваецца напад на адну з краін NATO. Не маглі б вы расказаць пра гэта падрабязьней?

— Я сам цытаваў мэдыя. Раней, у траўні ці чэрвені 2025 году, яны паведамлялі, што нямецкая выведка, а менавіта кіраўнік гэтай службы публічна заявіў аб наяўнасьці доказаў таго, што ў Крамлі абмяркоўваюцца магчымасьці ваеннай агрэсіі або так званай «праверкі» 5-га артыкулу NATO дзесьці ў суседніх з Расеяй рэгіёнах.

Я давяраю выведцы, асабліва нямецкай. Але ці вырашыць Расея нешта зрабіць ці ня вырашыць — пакуль мы ня можам сказаць. У кожным разе нам трэба сурʼёзна паставіцца да гэтых паведамленьняў і падрыхтавацца да абароны. Гэта наш тэматычны прыярытэт, прыярытэт абароназдольнасьці да 2030 году. Бо, як паведамляе выведка, Расея можа падрыхтавацца «праверыць» нас да 2030 году.

— Але ніякіх падрабязнасьцяў, якія краіны, у якой форме і гэтак далей можа атакаваць Расея, у вас пакуль няма?

— Падрабязьнасьцяў няма. Мне было важна ўбачыць, ці будуць нейкія адрозьненьні ў дакладах нямецкіх спэцслужбаў. Летась нямецкая выведка першай стала публічна заяўляць, што Расея можа быць гатовая «праверыць» нас у наступныя тры ці пяць гадоў. А ў траўні–чэрвені сёлета тая ж нямецкая выведка падала дадатковыя аргумэнты, якія пацьвярджаюць наяўнасьць у яе такіх доказаў. То бок, гэта ня проста прагноз, а доказы таго, што Крэмль плянуе нешта зрабіць ці абмяркоўвае такія пляны. Так што гэта сурʼёзная заява.

— Мы нярэдка чуем, што заходнія краіны і NATO павінны адказваць на правакацыйныя дзеяньні Расеі. Бо адзіная мова, якую разумее Крэмль, — гэта мова сілы. Ці лічыце вы, што адказы Эўропы на сытуацыю з дронамі ў Польшчы і падзеі ў Балтыйскім моры былі раўназначнымі?

— Перш за ўсё мы павінны быць гатовыя абараняцца ад падобных правакацыяў. І некаторыя гэтыя правакацыі паказалі, што ў нас бракуе магчымасьцяў абароны ад дронаў. Ня маем належных сыстэмаў выяўленьня. У гэтых адносінах Латвія — лідэр у стварэньні новых магчымасьцяў.

Таксама нам бракуе магчымасьцяў зьнішчаць бесьпілётнікі, нават калі мы іх выявім. Гэта першае.

Па-другое, нам, безумоўна, трэба больш дэталёва разгледзець, як мы можам адказваць на гэтыя правакацыі палітычна. Недастаткова проста заявіць аб нашай занепакоенасьці ці глыбокай заклапочанасьці, як мы часам робім. Я бачу, што дыскусіі прасоўваюцца ў бок таго, каб даваць мацнейшыя адказы на ўсякія расейскія правакацыі.

На мінулым тыдні Эўрапарлямэнт прыняў вельмі важную рэзалюцыю зь вельмі цьвёрдымі фармулёўкамі ў гэтым пытаньні. Я гатовы працаваць з Эўрапарлямэнтам у пошуках новых ідэяў і новых магчымасьцяў. Адным з адказаў на ўсякую правакацыю, і я ўвесь час гэта паўтараю, павінна быць яшчэ большая падтрымка Ўкраіны. Вайсковая падтрымка, у тым ліку забесьпячэньне Кіеву магчымасьцяў наносіць глыбокія ўдары па Расеі.

— Улічваючы тое, што вы добра знаёмыя з сытуацыяй у Балтыі, магчыма, вы можаце сказаць больш канкрэтна: якія крокі, на ваш погляд, неабходна зрабіць у Балтыйскім рэгіёне, напрыклад, у бліжэйшы год? Крытычна важныя крокі.

— Краіны Балтыйскага рэгіёну разам з Польшчай — лідэры ў актуалізацыі гэтага пытаньня, яны ўжо прыступілі да стварэньня так званай Балтыйскай лініі абароны. Цяпер яна называецца «Ўсходні вартавы». Гэта рэальныя дзеяньні дзеля стварэньня перадусім таго, што называецца «наземнай сьцяной» — разнастайныя антымабільныя або контрамабільныя захады. Процітанкавыя траншэі, «зубы цмока» і гэтак далей.

Гэтыя ж краіны першымі выйшлі з канцэпцыяй так званай «сьцяны дронаў». У гэтым краіны Балтыі і Польшча таксама лідэры. Нядаўнія правакацыі, магчыма, могуць паслужыць для нас стымулам паскорыць падрыхтоўку. Найперш у памежным рэгіёне, але таксама і ўва ўсім Эўразьвязе — як мы можам нарасьціць нашыя магчымасьці барацьбы з дронамі. Абапіраючыся на досьвед Украіны, можам сказаць, што гэтыя магчымасьці можна істотна разьвіць прыкладна за год. І гэта тое, што нам трэба зрабіць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG