«Я ня ўпэўнены, што Пуцін гатовы скончыць гэтую вайну, — сказаў Зяленскі ў загадзя запісаным інтэрвію NBC, якое выйшла ў этэр 19 кастрычніка. — Я думаю, што, магчыма, ён хоча адказаць агрэсіяй».
Прэзыдэнт Украіны сказаў, што, на яго думку, Пуцін лічыць за лепшае адкласьці «сапраўдныя мірныя перамовы» і зь неахвотай успрымае задуму сустрэчы зь ім, бо гэта запатрабуе ўзгадненьня канкрэтных пазыцыяў і патэнцыйных саступак для спыненьня вайны, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі заклікаў узмаціць ціск на расейскага кіраўніка, заявіўшы, што Пуцін «баіцца санкцыяў», у тым ліку другасных, якія пагоршаць стан расейскай эканомікі.
Гэтыя камэнтары зьявіліся пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 17 кастрычніка прыняў Зяленскага ў Вашынгтоне для абмеркаваньня будучых мірных перамоваў.
Зяленскі прыбыў на сваю трэцюю сёлета сустрэчу ў Белым доме, гатовы да абмеркаваньня патэнцыйнай дамовы аб узбраеньнях, у межах якой Украіна паставіла б амэрыканскім вайскоўцам тэхналёгіі дронаў у абмен на ракеты далёкага радыюсу дзеяньня Tomahawk, але Трамп, як выглядае, ужо страціў цікавасьць да ідэі пастаўкі зброі Ўкраіне.
Замест гэтага прэзыдэнт ЗША заклікаў Расею і Ўкраіну неадкладна спыніць баявыя дзеяньні, заявіўшы, што праліта дастаткова крыві, і абвясьціў, што плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Будапэшце бліжэйшымі тыднямі. Дата пакуль не прызначаная.
У інтэрвію NBC Зяленскі зноў засьыедчыў сваю гатоўнасьць удзельнічаць у двухбаковых або трохбаковых мірных перамовах са Злучанымі Штатамі і Расеяй за сталом перамоваў. Ён таксама сказаў, што павінны спыніцца баявыя дзеяньні на полі бою ўздоўж цяперашняй лініі судакрананьня паміж расейскімі і ўкраінскімі войскамі і дасягнута спыненьне агню, каб пачаць мірныя перамовы.
«Калі мы хочам спыніць гэтую вайну і перайсьці да мірных перамоваў, — сказаў Зяленскі, — нам трэба заставацца там, дзе мы знаходзімся, і не даваць Пуціну нечага дадатковага, таму што ён проста гэтага хоча».
18 кастрычніка газэта Washington Post паведаміла, што ў тэлефоннай размове з Трампам 16 кастрычніка Пуцін запатрабаваў ад Кіева перадаць поўны кантроль над Данецкай вобласьцю — стратэгічна важным раёнам усходняй Украіны, часткова акупаваным Масквой, — у якасьці ўмовы спыненьня вайны.
У камэнтарыях позна ўвечары 19 кастрычніка Трамп заявіў, што рэгіён мае быць «падзелены ў тым выглядзе, у якім ён ёсьць цяпер», бо Расея кантралюе каля 78% тэрыторыі Данецкай вобласьці.
19 кастрычніка бакі абмяняліся абстрэламі. Украінцы зноў ударылі па нафтаперапрацоўчых і газавых магутнасьцях Расеі, у прыватнасьці ў Арэнбургу і Навакуйбышаўску. Расейцы чарговы раз атакавалі ўкраінскія энэргетычныя прадпрыемствы, пад Дніпром параненыя 10 чалавек.
Форум