Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўключылі двух беларускіх атлетаў у сьпіс для ўвядзеньня санкцыяў і забароны ўдзелу ў турнірах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Міністэрства моладзі й спорту краіны ўключылі беларускую гімнастку Аліну Гарноську і батутыста Івана Літвіновіча ў сьпіс для ўвядзеньня супраць іх санкцыяў і забароны на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Ўкраіны, беларускія спартоўцы апынуліся ў сьпісе разам з 8 расейскімі атлетамі, якія ўдзельнічаюць у «прапагандысцкіх захадах і, нягледзячы на гэта, атрымліваюць нэўтральны статус і працягваюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах».

Паводле ўкраінскай выведкі, Аліна Гарноська ўдзельнічала ў прапагандысцкім фэстывалі «Час нашых перамог», праведзенага на даручэньне «самаабвешчанага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі». У 2025 годзе выступала як нэўтральная спартоўка на многіх міжнародных турнірах у Баўгарыі, Нямеччыне й Партугаліі.

Іван Літвіновіч трапіў у сьпіс за тое, што ў 2021 годзе падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, у лютым 2022-га заклікаў беларусаў прагаласаваць на незаконным рэфэрэндуме, а ў верасьні 2024 году атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Айчыны ІІ ступені. У студзені 2024 году Літвіновіч атрымаў ад Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі (FIG) статус нэўтральнага спартоўца, у чэрвені таго ж году Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў яму ўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах у якасьці нэўтральнага спартоўца.

Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.

28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе, калі яны не зьвязаныя з арміяй або сілавымі структурамі і адкрыта не выступалі ў падтрымку вайны супраць Украіны. Дазвол на ўдзел павінны даваць спартовыя фэдэрацыі.

На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG