Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі сустракаецца з Дональдам Трампам у Белым доме


Дональд Трамп і Ўладзімер Зяленскі
Дональд Трамп і Ўладзімер Зяленскі

У Вашынгтоне пачалася сустрэча прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Перад сустрэчай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўсё «ідзе даволі нядрэнна».
«Будзем гаварыць пра тое, што адбылося ўчора — пра размову з Пуціным. Хачу сказаць, што справы ідуць даволі нядрэнна... Пуцін казаў, што хоча скончыць вайну. Я думаю, мы гэта зробім», — сказаў Трамп.

Наконт магчымай пастаўкі ракет «Тамагаўк» Украіне Трамп пацьвердзіў, што гэта будзе абмяркоўвацца на сустрэчы. Аднак ён не сказаў, ці прыняў рашэньне адносна гэтага.


«Мы самі маем патрэбу ў „Тамагаўках“, але нам таксама трэба скончыць гэтую вайну... Мы думаем, што лепш скончыць гэтую вайну без „Тамагаўкаў“, я думаю, мы блізкія да гэтага», — сказаў прэзыдэнт ЗША

Паводле словаў Уладзіміра Зяленскага, у яго таксама заплянаваны сустрэчы з прадстаўнікамі энэргетычных і абаронных кампаній.

«Гэта вытворцы моцнай зброі, якая дакладна можа ўзмацніць нашу абарону», — падкрэсьліў украінскі лідэр, адзначыўшы, што сярод іншага плянуецца абмеркаваньне дадатковай пастаўкі сыстэм ППА.

Гаворачы аб маючай адбыцца сустрэчы з Трампам, якая заплянавана прыкладна на другую палову дня па эўрапейскім часе, Зяленскі згадаў мірны плян кіраўніка Белага дома па спыненьні баявых дзеяньняў у сэктары Газа. «Мы разлучваем, што імпульс стрымліваньня тэрору і вайны, які спрацаваў на Блізкім Усходзе, дапаможа заканчэньню расейскай вайны супраць Украіны», — напісаў Зяленскі. Масква, паводле яго слоў, «сьпяшаецца аднавіць дыялёг, як толькі пачула пра «Тамагаўкі».

Украінская дэлегацыя, якая знаходзіцца ў ЗША ўжо некалькі дзён, правяла 16 кастрычніка сустрэчу са спэцпрадстаўніком Трампа па пытаньнях Украіны Кітам Кэлагам. Пра гэта паведаміў кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзыдэнта Андрэй Ярмак. «Важная размова напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў Украіны і ЗША — узгадненьне ключавых прыярытэтаў і акцэнтаў. Шчыра спадзяемся на канкрэтныя рашэньні», — напісаў Ярмак.

Дональд Трамп у чацьвер правёў працяглую тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пазьней Трамп пацьвердзіў перамовы зь Зяленскім і анансаваў новую асабістую сустрэчу з Пуціным, якая можа быць арганізавана ў сталіцы Вугоршчыны Будапэшце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG