Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Пуцін зноў маюць сустрэцца. Гэтым разам у Эўразьвязе

абноўлена

Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп на сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп на сустрэчы на Алясцы 15 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Неўзабаве яны сустрэнуцца ў Вугоршчыне. Вугорскі прэм'ер Віктар Орбан заявіў, што гатовы арганізаваць сустрэчы расейскага і амэрыканскага прэзыдэнтаў. Сёлета ў траўні Вугоршчына выйшла са складу Міжнароднага крымінальнага суда.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў «вельмі прадукцыйнай» тэлефонную размову, якую ён 16 кастрычніка правёў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Размова адбылася за некалькі гадзін да сустрэчы Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

«Мы дамовіліся, што на наступным тыдні адбудзецца сустрэча нашых дарадцаў высокага ўзроўню. Першыя сустрэчы правядзе дзяржаўны сакратар Марка Рубіё разам з рознымі людзьмі, якія пазьней будуць прызначаныя», — напісаў Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth.

Паводле яго, таксама пазьней вызначаць месца іх сустрэчы.

«Потым мы з прэзыдэнтам Пуціным сустрэнемся ў пагоджаным месцы, Будапэшце, Вугоршчына, каб пабачыць, ці зможам мы пакласьці канец гэтай „бясслаўнай“ вайны паміж Расеяй і Ўкраінай», — дадаў Дональд Трамп.

Прэзыдэнт ЗША таксама выказаў спадзяваньне на аднаўленьне гандлю паміж ЗША і Расеяй пасьля завяршэньня вайны Масквы супраць Украіны.

Дональд Трамп паведаміў, што плянуе абмеркаваць з Уладзімірам Зяленскім сваю размову з Пуціным. «Я лічу, што сёньняшняя размова зьяўляецца вялікім прагрэсам», — дадаў ён.

Размова Трампа і Пуціна працягвалася амаль дзьве гадзіны, яна пачалася прыблізна а 18:00 па менскім часе і завяршылася арыентавана а 20:00.

Пазьней прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан напісаў на сваёй старонцы ў сетцы Х: «Заплянаваная сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі — выдатная навіна для міралюбных людзей усяго сьвету. Мы гатовы!».

На днях Дональд Трамп заявіў, што расчараваны прэзыдэнтам Расіі Ўладзімірам Пуціным.

Пуцін, паводле Трампа, павінен быў выйграць вайну супраць Украіны за тыдзень, але яна працягваецца ўжо амаль чатыры гады. «Я не разумею, чаму ён працягвае гэтую вайну. Гэтая вайна такая дрэнная для яго», — сказаў Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў у Белым доме.

Пасьля гэтага ў Крамлі заявілі, што пакуль ня ведаюць, калі можа адбыцца тэлефонная размова паміж Трампам і Пуціным.

7 кастрычніка Трамп пацьвердзіў, што не выключае пастаўкі Ўкраіне ракет далёкага радыюсу дзеяньня Tomahawk, калі Расея ня спыніць вайну супраць Украіны. Пры гэтым ён адзначыў, што мае намер спачатку абмеркаваць гэтае пытаньне з Расеяй.

Ракета Tomahawk, вырабленая кампаніяй RTX, мае далёкасьць палёту да 1000 міль (больш за 1600 кілямэтраў), што значна перавышае магчымасьці амэрыканскай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню ATACMS (каля 190 міль), якую актыўна выкарыстоўваюць Узброеныя сілы Ўкраіны. Tomahawk мае большую хуткасьць і баявую моц у параўнаньні з украінскімі бесьпілётнікамі, якія здольныя наносіць удары ўглыб па расейскай тэрыторыі, але часта сутыкаюцца з сучаснымі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны.

Украіна запытвала ў партнэраў зброю далёкага радыюсу дзеяньня на працягу апошняга году. Як адзначыла Ўкраінская служба Радыё Свабода, Кіеў таксама спрабуе распрацаваць уласныя сыстэмы далёкага радыюсу дзеяньня, але яны не маюць такіх жа баявых характарыстык, як Tomahawk.

  • Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна, а таксама дзіцячага амбудсмэна Расеі Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.
  • За ўсю гісторыю існаваньня МКС гэта трэці выпадак выдачы ордэра на дзейнага кіраўніка дзяржавы. Да гэтага яго выдавалі на прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра ў 2008 годзе і на лібійскага лідэра Муамара Кадафі ў 2011 годзе.
  • Пасьля выдачы ордэра Пуцін не наведваў краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут. Гэтак, у ліпені 2023 году ён адмовіўся ад візыту на саміт BRICS у Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, якая зьяўляецца членам Міжнароднага крымінальнага суду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG