У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб чарговым пацэльваньні ў Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі.
«Пацьверджана пацэльваньне і пажар», — адзначаецца ў паведамленьні.
25 верасьня віцэ-прэм’ер Расеі Аляксандар Новак заявіў аб працягу забароны на экспарт дызэльнага паліва і бэнзіну да канца 2025 году. Гэтыя абмежаваньні ўвялі 1 сакавіка праз дэфіцыт паліва на ўнутраным рынку, які стаў вынікам украінскіх удараў па нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах Расеі.
Раней агенцтва Reuters паведамляла, што Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьці нафтаперапрацоўкі праз напады ўкраінскіх дронаў. Некалькі буйных заводаў цалкам спынілі вытворчасьць, напады адбываюцца на фоне піка сэзоннага піка попыту.
Праз атакі бесьпілётнікамі цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышэўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Ад украінскіх удараў пацярпелі таксама Афіпскі НПЗ, Славянскі НПЗ і Навашахцінскі НПЗ.
На тле новых удараў у верасьні ўсё больш рэгіёнаў Расеі пачалі сутыкацца з недахопам бэнзіну. Паліўны дэфіцыт закрануў ужо больш за 10 суб’ектаў фэдэрацыі, у тым ліку Ніжагародзкую, Растоўскую, Разанскую вобласьці, а таксама акупаваныя Расеяй Крым і Данецкую вобласьць. Крэмль праблему з палівам публічна не прызнае, фэдэральныя тэлеканалы запэўніваюць, што прычына ўсяму — нібыта турыстычны сэзон.
Форум