У атрад Бабарыку вярнулі з мэдсанчасткі, куды ён трапіў з памяшканьня камэрнага тыпу (ПКТ).
Былы банкір, які пайшоў у палітыку ў 2020 годзе, адбывае 14-гадовы тэрмін у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку. Прысуд Бабарыку, якога праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнем, вынес 6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд. Ён абвінаваціў прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў «атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры» і «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам». Палітык віну не прызнаў.
У пякарню яго паслалі працаваць пасьля этапаваньня ў наваполацкую калёнію. Паведамлялася, што ён працаваў там апальшчыкам у 30-градусную сьпякоту і ўкладчыкам хлебабулачных вырабаў. 9 лістапада Віктару Бабарыку споўніцца 62 гады.
У красавіку 2023 году зьявілася інфармацыя аб шпіталізацыі Бабарыкі ў наваполацкі шпіталь са сьлядамі зьбіцьця і пнэўматораксам. У ліпені таго ж году адміністрацыя калёніі паведаміла сваякам Бабарыкі, што ён знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу, ягонаму здароўю «нічога не пагражае».
Пачынаючы ад лютага 2023 году Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада (інфармацыйнай блякады), які праваабарончая супольнасьць лічыць цяжкім парушэньнем правоў чалавека.
У студзені 2025 года былы апазыцыйны актывіст Раман Пратасевіч, які пайшоў на зьдзелку з уладамі, разьмясьціў у сябе ў сацсетках фота і відэазварот Бабарыкі да родных. Ад таго часу пра Бабарыку зноў нічога не было вядома.
15 жніўня паведамлялася, што Дональд Трамп і Аляксандар Лукашэнка абмеркавалі па тэлефоне пытаньне вызваленьня 1300 чалавек.
Форум